Калі на мапе глядзіш на Арктыку, то бачыш усяго толькі белую шапачку далёка за ўскрайкам айкумены. На гэтым звычайна нашы веды заканчваюцца. Якая карысць ад гэтай прамерзлай пусткі, дзе нават зямлі няма — адно вада і лёд?
Тым не менш сёння ўсе значныя дзяржавы паўночнага паўшар’я займаюцца тэмай Арктыкі. ЗША, Расія, Кітай выдаткоўваюць вялізныя грошы на праграмы па яе засваенні. Гэтае саперніцтва цягнецца з канца Другой сусветнай, але ў хуткім часе можа дасягнуць піка.
Людзей заўжды прыцягвала Арктыка. Як мінімум з моманту, калі чалавек зразумеў, як збудаваны зямны шар. Калі ўцяміў, што праз Арктыку можна дабрацца з Еўропы ў Азію — «па верху». З таго часу і шукалі Паўночны шлях. Ажно да ХХ стагоддзя большасць спробаў была марнай: экспедыцыі гінулі.
Ці не самы вядомы выпадак — зніклая экспедыцыя Франкліна 1845–1847 гадоў. Экспедыцыя брытанскага каралеўскага флоту на двух вайсковых караблях мела знайсці паўночна-заходні шлях паміж Канадай і Грэнландыяй і трапіць у Паўночны ледавіты акіян. Доўгі час пра лёс караблёў нічога не было вядома. Рэшткі аднаго з караблёў знайшлі толькі ў 2014-м.
Што сталася? Ні людзі, ні тэхніка проста не вытрымалі. Караблі ўмярзалі і дрэйфавалі разам з ільдзінамі цягам доўгай зімы. Усё гэта — ва ўмовах палярнай ночы. Цемра, холад, канібалізм... Нядаўна пра тую экспедыцыю знялі серыял «Тэрор» (па назве аднаго з караблёў, другі — «Эрэбус»). Рэжысёр дадаў трохі містыкі: экспедыцыю нібыта пераследуе агромністы белы мядзведзь — «Дух Арктыкі». Людзі дайшлі да Паўночнага полюса толькі ў пачатку ХХ ст. Пасля, у 1920-я, пачалі лятаць на самалётах. Стала зразумела: калі праляцець праз полюс, можна хутка дасягнуць іншага кантыненту па той бок Зямлі. Той самы Чкалаў лётаў перад вайною акурат над Арктыкай. У Другую сусветную ў арктычнай зоне дзейнічалі рэдкія амерыканскія і нямецкія вайсковыя базы: значэнне рэгіёна бачылася толькі ў вайскова-транспартным ключы.
Пасля вайны прыйшоў чарговы этап цікавасці да Арктыкі. У рэаліях новай — Халоднай — вайны праз Арктыку пралягаў самы блізкі шлях для патэнцыйных ракетных удараў паміж СССР і ЗША. Бясконцыя базы і аэрадромы будаваліся абодвума бакамі.
СССР займаў перадавую пазіцыю па засваенні Арктыкі. У 1970-я Саюз меў уласны атамны ледакольны флот: «Ленін», «Арктыка», «Сібір». Тэму Арктыкі ў Саюзе ўсяляк прапагандавалі, як і засваенне космасу. Савецкія дзеці ведалі на памяць ледаколы хаця б з паштовых марак. Нашчадак СССР Расія — сёння адзіная краіна ў свеце з атамным ледакольным флотам.
Навошта той флот патрэбны? Гэта магчымасць забяспечваць аддаленыя гарады накшталт Нарыльска ці Певека не толькі авіяцыяй, але і з мора. Таксама магчымасць выведкі на гэтай прасторы. Так быў вывучаны марскі шэльф з вялізнай колькасцю радовішчаў вуглевадародаў — газу і нафты. Ледакол мог заплыць куды заўгодна, звычайны карабель — не.
Паводле сённяшніх падлікаў, у Арктыкцы знаходзіцца 13% сусветных запасаў нафты і 30% газу. Ёсць радовішчы, у якіх толькі разлічаных вучонымі запасаў вуглевадародаў дастаткова, каб забяспечваць усю Зямлю на год. І гэта толькі вывучаных... Зразумела, што паўстала пытанне, чыё ж гэта ўсё. Іншымі словамі — пытанне шэльфу.
Шэльф — гэта падводны працяг кантынента, мацерыка. У шэльфе выкапні залягаюць усё адно пад вадою, але не так глыбока. Далей ужо ідзе літасферная пліта, таксама пад вадою, да якой дабрацца цяжка. Шэльф — гэта зона эканамічных інтарэсаў краіны, ад мяжы якой ён адыходзіць. Няцяжка здагадацца, што ільвіная доля тут належыць Расіі. Дадамо яшчэ гісторыю Паўночнага шляху. Праплыць праз Арктыку і трапіць куды хочаш — да 1970-х такая ідэя выглядала як безнадзейная фантазія. Атамныя ледаколы ўсё змянілі: першым ідзе ледакол, а за ім — караван судоў. Паўстагоддзя таму гэта не было актуальна ў эканамічным плане, бо Азія яшчэ не была вытворчым цэхам планеты. Цяпер сітуацыя іншая.
Ну і, вядома, ваенна-стратэгічны момант. Хто кантралюе Арктыку, «заледзянелую піпку» на самым версе карты свету, можа адправіць ракеты куды заўгодна. Нагадаем, што ўсе магутныя геапалітычныя гульцы — ЗША, Еўропа, Расія, Кітай — знаходзяцца акурат у Паўночным паўшар’і.
Тэма Арктыкі цяпер цікавая ўсім. У РФ працуе праект «Арктыка-2035», у ЗША — «Блакітная Арктыка». Расія мае вялізныя перавагі: ёсць даўжэзная берагавая лінія з шэльфам, краіна можа прэтэндаваць на самы вялікі кавалак арктычнага пірага. РФ і без таго энергетычным лідар свету, а тут — яшчэ столькі... Запасы выглядаць бясконцымі. Акрамя створанага ў часы СССР флоту Расія працягвае будавацца: да 2027 года на ваду плануецца спусціць яшчэ пяць атамных ледаколаў. За імі ўжо змогуць ісці не толькі транспартныя караблі, але і нафтавыя танкеры. Атам сярод ільдоў — расійская «фішка». Напрыклад, у порт Певек не так даўно завезлі АЭС на плывучай платформе. Ёсць энергія — будзе і жыццё.
За апошні дзясятак гадоў праз Паўночны шлях правезлі 30 млн тон грузаў з Еўропы ў Азію. Пакуль гэта зусім няшмат, праз Суэцкі канал праходзіць у разы больш. Але ў перспектыве Кітаю не будзе патрэбы везці тавар праз Індыйскі акіян і Суэцкі канал у Еўропу, бо можна прайсці праз Берынгаў праліў па расійскай Поўначы. Так хутчэй і танней. Не забудзем і пра глабальнае пацяпленне з раставаннем ільдоў, што спросціць задачу яшчэ больш.
Вось яна, прычына таго, што Кітай уцягнуты ў гэтую гульню, не маючы свайго шэльфу, геаграфічна не судакранаючыся з Арктыкай: пытанне перавозкі грузаў. Пакуль Кітай дамаўляецца з Расіяй, але ўжо будуе свае ледаколы. Адзін з іх мае характэрную назву — «Снежны дракон». Зрэшты, кітайцы заўжды так робяць: вучацца, дамаўляюцца, карыстаюцца чужым, а пасля робяць тое самае, але сваё, і становяцца лідарамі.
Расія па колькасці ледаколаў цяпер на першым месцы ў свеце. На другім, як ні дзіўна, Данія. У яе валоданні Грэнландыя з шэльфам, які ўпісваецца ў Арктыку. Яшчэ важныя гульцы — Нарвегія і Канада. Зрэшты, Канада тут усяго толькі прадстаўнік амерыканскіх інтарэсаў. Сама краіна з 35 мільёнамі жыхароў (менш, чым у Польшчы), не можа выступаць самастойна.
Амерыканцы занепакоеныя арктычнай праблемай. Напрыклад, авіябазу «Туле» на поўначы Грэнландыі часоў Другой сусветнай, цяпер вяртаюць да жыцця. На ўмоўным «амерыканскім баку» таксама Брытанія, Нарвегія, Данія, Канада — партнёры па NATO. Ва ўсіх адзін інтарэс: каб Арктыка не стала расійска-кітайскай манаполіяй.
Пра сітуацыю вакол Арктыкі мала гавораць. Чаму? Банальна: там ніхто не жыве. Няма каму, няма пра каго. А вось адкуль прыходзіць ці будзе прыходзіць у перспектыве газ і нафта, абывацелю не вельмі цікава.
Фармальна Арктыка «нічыя» — належыць чалавецтву. Разбірацца з ёй — прэрагатыва ААН. Гэтае пытанне ўвесь час адкладалася: тэхналогіі засваення не дацягвалі. Цяпер час надыходзіць. І ўмовы будуць дыктаваць мацнейшыя, а зусім не ААН.
Адзін з варыянтаў таталітарнай будучыні для свету — гэта ператварэнне Расіі ў сыравінна-транспартны прыдатак Кітая, стварэнне наймагутнейшага альянсу. І пытанне з Арктыкай грае тут не апошнюю ролю. Той, хто будзе кантраляваць рэгіён, атрымае вялізны вайсковы, лагістычны і рэсурсны бонус у 2040-я — 2050-я.
Каму дастанецца Арктыка? Загадка. Але вынікі гэтай вялікай гульні, імаверна, стануць яўнымі яшчэ пры нашым жыцці.
Алесь Кіркевіч, budzma.by