У Вільні прэзентуюць кнігу Алеся Аркуша «Тастамент Рагвалода»

Сустрэча з пісьменнікам пройдзе ў самым сэрцы горада. Будуць чытаць прозу і вершы Алеся Аркуша, гутарыць пра Полацк і разгадваць загадкі беларускай гісторыі.


Ales-Arkush
Пісьменнік Алесь Аркуш. Фота: Радыё Рацыя

На прэзентацыю выдання запрашае Беларуская рада культуры:

«Сабраныя пад адной вокладкай два невялікія раманы «Захоп Беларусі марсіянамі» і «Сядзіба» ды апавяданне, што дало назву кнізе, утвараюць адзіны тэкст пра Полацк. Гэты горад напоўнены міфамі, легендамі, асобамі і іх адметнымі гісторыямі. Але аўтар не абмяжоўваецца выключна вядомымі сюжэтамі, а дадае да іх свае. Напрыклад, пра кубак Баторыя ці сімвалічны дракар лёсу Беларусі».

Ва ўсіх тэкстах з кнігі ёсць рысы дэтэктыву, кроплі метафізікі, каліва таямніц і абсалютна рэальныя асобы і здарэнні — ад гісторыка і мовазнаўцы Вацлава Ластоўскага да паэта Алеся Дудара, ад мастака Івана Хруцкага да паэта Кастана Навадворскага, ад княза Рагвалода да Торвальда.

Дзе: Вільня, Šv. Ignoto g. 5

Калі: 18 жніўня, 18.00

На прэзентацыі можна будзе набыць «Тастамент Рагвалода» і падпісаць яго ў аўтара.

Чытайце яшчэ: Выйшла новая кніга Сяргея Календы. Дзіцячыя гісторыі пра хлопчыка Томчыка можна будзе прачытаць на 2 мовах — беларускай і англійскай