Арт-тэрапія ў Маладэчне ў год юбілею беларускага кнігадруку

18 сакавіка ў “Дзяржаўнай установе “Маладэчанскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” выступіў пісьменнік і выдавец Уладзімір Сіўчыкаў. Ён расказаў маладэчанцам-бацькам дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці, а таксама іх прысутным выхаванцам Ксеніі, Паўлу і Сяргею пра сённяшнюю сітуацыю ў беларускай літаратуры, пра сёлетнюю акцыю “500-годнасць”, якую актыўна праводзіць грамадска-культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”, пра серыю айчыннай класікі “Мая беларуская кніга”, у межах якой пабачылі свет больш як 50 тамоў.

Расказаў ён таксама пра сваю ўласную творчую і выдавецкую дзейнасць, зачытаў некалькі навелак з кнігі “Уладзевы гісторыі”.

Сустрэча адбывалася меньш чым за месяц да Велікодных святкаванняў і, можа, таму прысутныя – дэфектолагі, псіхолагі, настаўнікі пачатковых класаў, супрацоўнікі Цэнтра і нават фінансавыя інспектары – з асаблівай увагай слухалі вершы Уладзіміра Сіўчыкава з ягонай паэтычнай кніжкі “Кошык Велікодны”. Больш за тое, аўтар яе падарыў, падпісаў ахвотным каля двух дзясяткаў асобнікаў паэтычнай кніжкі. З вялікай прыхільнасцю былі прынятыя і памятныя падарункі – нумары часопіса “Дзеяслоў”, плакаты, торбачкі з лагатыпамі “Будзьмы”, значкі, наборы паштовак “Ад Лявона” “Святы, якія заўжды з табой”.

Дапамог Уладзімір Сіўчыкаў правесці і два псіхалагічна-практычныя заняткі — па казка-тэрапіі (паводле тома “Сіняя Світа. Казкі, легенды, паданні”) і арт-тэрапіі, якімі апеквалася пераважна мастачка Яна Ласка.

На апошку Маладэчанскай вандроўкі госці са сталіцы правялі фота-сесіі пры скульптурнай алеі каля Палаца культуры, пры фантане са скульптурнай кампазіцыяй “Купалле”, пры помніку Міхалу Клеафасу Агінскаму, што стаіць каля Музычнай вучэльні, на сцяне якой усталяваная мемарыяльная дошка — копія той, што ўпрыгожвае дом у Фларэнцыі, апошні прытулак знакамітага музыкі, дыпламата, дзяржаўнага і грамадскага дзеяча.

 

 

 

 

 

Раіса Шастак

18.03.2017

Тэгі: