Пад Мінскам археолагі знайшлі ўнікальныя артэфакты XI стагоддзя

На Малым гарадзішчы — на рацэ Менка — навукоўцы Інстытута гісторыі НАН Беларусі зрабілі значнае адкрыццё. У слоі пажару, які датуецца XI стагоддзем, знойдзены рэдкія для рэгіёну прадметы побыту, піша «Прысталічча».

Archiealahičnyja raskopki
Фота: Інстытут гісторыі НАН Беларусі

Работы на ўрочышчы Малое гарадзішча (вёска Гарадзішча) стартавалі на мінулым тыдні.

Зараз раскопкі тут праходзяць пры ўдзеле студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Кіруе экспедыцыяй загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі Андрэй Вайцяховіч.

Што знайшлі?

У пласце моцнага пажару XI стагоддзя археолагі знайшлі:

  • фрагменты абвугленай драўлянай талеркі;
  • кавалачкі берасцянога посуду.

Апошняя знаходка — сапраўдная рэдкасць для нашых шырот. Бяроста рэдка захоўваецца ў культурным пласце, але пажар, які знішчыў пабудову, закансерваваў арганік у выглядзе абвугленых рэшткаў.

Archiealahičnyja raskopki 

Archiealahičnyja raskopki
  Фота: Інстытут гісторыі

«Хлопцам трэба будзе даследаваць гэты ўчастак літаральна па сантыметры. Кожны пласт зямлі — як старонка летапісу», — пракаментаваў ход работ Андрэй Вайцяховіч.

Цяперашні сезон на Малым гарадзішчы працягнецца два тыдні. Яго асаблівасць —прыцягненне да раскопак студэнтаў профільнай ВНУ. Маладыя даследчыкі на месцы знаёмяцца з методыкай палявой археалогіі і дапамагаюць апрацоўваць знаходкі.

Archiealahičnyja raskopki
Фота: Інстытут гісторыі

Археалагічны комплекс на рацэ Менка — адзін з самых вядомых у Мінскім раёне. Раскопкі тут вядуцца не першы год, і кожная экспедыцыя дадае новыя звесткі да гісторыі краю.