Гісторык Аляксандр Пашкевіч: «Ёсць адна фундаментальная каштоўнасць, якая ўсіх нас аб’ядноўвае»

На якой платформе мусяць аб’яднацца беларусы дзеля сваёй незалежнасці? Чаму ў беларусаў да гэтага часу няма адзінства? Пра гэта разважае гісторык Аляксандр Пашкевіч на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

Aliaksandr Paškievič Аляксандр Пашкевіч. Фота з асабістага архіву


Фэйсбук, як і любая іншая сацыяльная сетка — добрая платформа для публічнага плакання, і нагоды для гэтага плакання знаходзяцца самыя розныя, у тым ліку і на грамадска-палітычную тэматыку. Адна з распаўсюджаных формаў — гэта плаканне пра адсутнасць у беларусаў «адзінства», ад чаго, маўляў, і ўсе нашы беды цяперашнія. Вось было б адзінства, узялі б мы ды ўсе чыста аб’ядналіся — і тады праліўся б на нас дабрадайны дождж, і праблемы б увадначас развязаліся, як бы іх і не было ніколі...

Прыкол у тым, што часцей за ўсё гэтыя самыя нараканні паходзяць зусім не ад «галубоў міру», а ад людзей з вельмі бескампраміснай уласнай пазіцыяй, якія перад тым, як плакацца пра адсутнасць адзінства, бо «такі ўжо народ чортаў», самі шчодра абліваюць брудам сваіх рэальных і ўяўных апанентаў, пакідаючы вельмі вузкі калідор для таго, каб адпавядаць крытэрыям сапраўднага беларуса і грамадзяніна. А пасля ідзе заклік — давайце аб’ядноўвацца нарэшце, так вас і растак, бо гіне краіна, і нацыя з ёй за кампанію.

Але ж пры любым аб’яднанні заўсёды ўзнікае пытанне — на якой платформе яно мусіць быць? Тая частка беларускага грамадства, якая апазіцыйная рэжыму Лукашэнкі — яна ж вельмі неаднародная, і хоць у розных прапорцыях, але ў ёй прадстаўленая ўся разнастайнасць грамадска-палітычнага спектру — правыя і левыя, кансерватары і лібералы, еўраінтэгратары і еўраскептыкі, вернікі і атэісты, абаронцы «традыцыйных каштоўнасцяў» і барацьбіты за роўнасць усяго і ўсіх, радыкалы і памяркоўныя, беларускамоўныя і рускамоўныя, і г. д., і да т. п. Цэлае грамадства, карацей, у мініяцюры. І за што тады ўсім разам змагацца, аб’яднаўшыся? Куды ахвотна пойдуць адныя, не зацягнеш і на вяроўцы іншых. Адпаведна — узаемныя спрэчкі і непазбежныя расколы. 

Праўда, ёсць адна фундаментальная каштоўнасць, якая ўсіх нас аб’ядноўвае натуральным чынам — гэта незалежная Беларусь. Наконт гэтага то я не бачыў ніколі ніякіх спрэчак у нашым коле, больш таго — у гэтым пытанні пагаджаемся не толькі мы, але і большая частка лукашыстаў. Можна сказаць, што гэта наш галоўны, калі не адзіны нацыянальны кансэнсус.

То, значыць, гэта і ёсць натуральная платформа для аб’яднання, і спрачацца няма пра што тады? Давайце тады будзем на ёй і злівацца ў экстазе? 

Нібыта так, але не зусім. Бо калі адносна самой патрэбы незалежнай Беларусі прадмету для дыскусіі няма, то адносна таго, якой гэта Беларусь мае ў перспектыве быць, спрэчак было, ёсць і, вядома, будзе нямерана. І не толькі (ды і не столькі) паміж лукашыстамі і намі, як у нас паміж сабой. Прытым гарачыя спрэчкі не толькі пра тое, якой мае быць будучая Беларусь, але і пра тое, якімі шляхамі гэтай будучыні дасягаць. І гэтых спрэчак не трэба баяцца ці саромецца, бо яны цалкам натуральныя і непазбежныя. Так было, ёсць і будзе ў абсалютна любым грамадстве, і не толькі паднявольным. Поўнае адзінства, як той казаў, бывае толькі на могілках, а мы ж жывыя. 

Але сама па сабе ідэя вольнай і незалежнай Беларусі як адзіная натуральная платформа для аб’яднання несумненна ў пэўны час сваю ролю адыграе. Але час той не адмыслова кімсьці вызначаны і прадпісаны, ён рандомны. А настане ён у той момант, калі адчыніцца тое самае акно магчымасцяў, пра якое мы ўвесь час гаворым.

Калі менавіта тое акно адчыніцца, не ведае цяпер ніводзін чалавек у свеце, і не верце тым, хто гаворыць, што ведае. Але калі яно ўсё ж адчыніцца і проста ў паветры будзе разлітае адчуванне, што вось цяпер магчымыя змены і трэба ўсім аб’яднацца, каб гэты шанец паспрабаваць скарыстаць — тады ўсё, што сёння выклікае гарачыя і бясплённыя спрэчкі, вырашыцца натуральным чынам і амаль усе (выключэнні, вядома, будуць, але наўрад ці істотныя) адзін да аднаго самі сабой пацягнуцца, часова забыўшыся на рознагалоссі. Мы гэта, зрэшты, назіралі на ўласныя вочы зусім нядаўна, пяць гадоў таму. 

Ну, а да таго часу будуць «разброд і шатанні», інакш ніяк. У часы палітычнага штылю (не ўвогуле, а канкрэтна на нашай пляцоўцы) немагчыма проста так збіць разнамасны народ у адну кучу — бо няма відавочнага аб’екта прымянення ягонай калектыўнай энергіі, акрамя толькі біцця галавой у сценку. Гэты працэс таго-сяго, вядома, таксама натхняе, але такіх людзей мізэрная меншасць. 

Адзіныя ж сферы дзейнасці, дзе і ў цяперашніх умовах сапраўды магчымае прынамсі адноснае адзінства — гэта сфера адукацыі, культуры, праваабароны, СМІ і да таго падобнае. І акурат тут у нас, вядома, далёка не ўсё ідэальна, але ўсё ж такі, мне здаецца, не так і кепска. І вельмі важна, каб і надалей менавіта гэтыя сферы паменш палітызаваліся, а адпаведна і траплялі пад расколы. Гэтага то дасягнуць якраз дастаткова рэальна. Хоць, вядома, таксама не заўжды ўдаецца. Усё ад людзей залежыць.