Цішыню святых вечароў парушае грамада, якая з велічальнымі песнямі ходзіць ад хаты да хаты. То моладзь разносіць суседзям радасную вестку пра нараджэнне Збавіцеля і дзеліцца радасцю на будучы год. Калі ў вёсках такі звычай яшчэ жыве, то ў гарадскіх кватэрах каляднікі — госці сапраўды экзатычныя. І ўсё ж далучыцца да традыцыі можа нават той, каго шумлівая кампанія візітам не ўзнагародзіла. Сустрэчу са спрадвечным ладзіць гурт архаічнай музыкі «ASTROUNA»: на мяжы старога і новага года калектыў выпусціў калядны альбом «Месяц узышоў», піша «Культура і мастацтва».
У зборнік трапілі сямнаццаць твораў. Сярод іх — каляндарна-абрадавыя народныя песні, прымеркаваныя да зімовых свят. Большасць запісана вядомымі этнамузыколагамі і апублікавана ў зборніках, некаторыя запісы нават выходзілі на пласцінках яшчэ ў савецкія часы. Удзельнікі гурта «ASTROÚNA» выкарысталі знаходкі даследчыкаў-папярэднікаў і экспедыцыйныя запісы Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Прызнаюцца, што за эксклюзівам не гналіся — імкнуліся сабраць у альбоме творы з кранальнымі сюжэтамі і захапляльнымі мелодыямі, да якіх ляжыць душа. Тэма і напаўненне нарадзіліся ў працэсе рэпетыцый. На сустрэчах музыканты заўсёды выконваюць песні да пары. Такім чынам сам сабой склаўся рэпертуар, прывязаны да асноўных гадавых свят. Пад самыя значныя назбіралася шмат матэрыялу, які вырашылі аформіць у альбом, што мусіць стаць калядным падарунакам для аматараў традыцыйнай музыкі.
Гурту «ASTROÚNA» ўдалося ахапіць спадчыну ўсіх гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі. Нават недасведчаны ў музычных скарбах слухач пачуе розніцу, напрыклад, паміж запісамі з Паазер’я і Заходняга Палесся, хаця б дзякуючы дыялектным адметнасцям. Варта адзначыць, што геаграфія новага зборніка шырэйшая за тэрыторыю нашай краіны. Песня «Мяцеліца», якая адкрывае альбом, запісана на Смаленшчыне. І гэта не дзіўна: межы этнаграфічныя шырэйшыя за дзяржаўныя. Блізкія нам напевы і сюжэты зафіксаваны нават у Сібіры, бо перасяленцы захавалі родныя мелодыі і тэксты — «Сізы арол», «Ішла Каляда» і іншыя. Назву альбому дала песня «Месяц узышоў», запісаная ад перасяленцаў у Омскай вобласці. Яе сюжэт тыповы для нашай традыцыйнай культуры. У розных варыянтах шырока распаўсюджаны матыў, калі нябесная сям’я параўноўваецца з гаспадарскім дваром. «То ж не месячка — сам пан хазяін… То ж не зорачка — яго жоначка… То ж не звёздачкі — яго дзетачкі…»
У шэрагу калядных песень знайшла месца піліпаўская «Свента Марыя», запісаная ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці. Твор цікавы з пункту гледжання народнай інтэрпрэтацыі Свяшчэннай гісторыі. У Евангеллі паводле Лукі чытаем: «…далі імя Яму Іісус, названае Ангелам перш, чым Ён зачаты быў ва ўлонні». У згаданай жа песні адлюстраваўся арыгінальны погляд беларускіх сялян на гісторыю зямнога жыцця Збавіцеля:
Свента Марыя ў Бога служыла
Служыўшы ў Бога, санэчку мела
Санэчку мела, Бога прасіла
Ай Божа, Божа, дай сыну ймення
Майму санэчку, твайму служэчку
Дай сыну ймення — Сам Езус Храстос
А ён жа судзіць жывых і мёртвых
Жывых і мёртвых, худых і добрых.
Чакаць эксперыментаў з аўтэнтычным матэрыялам ад «ASTROÚNA» ў новым альбоме не варта. Выканаўцы Ганна Сілівончык, Кацярына Аракчэева, Паліна Курановіч і Яраш Малішэўскі застаюцца адданымі традыцыйнай манеры і не імкнуцца перайначыць фальклорныя запісы.
— Стараемся спяваць бліжэй да арыгінала, але часам можам дазволіць сабе мінімальную імправізацыю ў межах тыповага напеву, — тлумачыць удзельніца гурта Ганна Сілівончык. — Мы застаемся ў межах традыцыі, бо спеўны фальклор цікавы сам па сабе. У ім шмат тонкіх момантаў, якія хочацца ахапіць. Гэта надзвычай шырокае поле, таму мы не шукаем магчымасці рэалізаваць эксперыменты, вельмі далікатна ставімся да матэрыялу і не ўносім аўтарскага бачання ў вакальную частку. А вось у працы з інструментальнай больш свабодныя. Пэўная гульня з рознымі інструментамі дапамагае зрабіць так, каб матэрыял зайграў дадатковымі фарбамі.
Старадаўнія песні гучаць пад акампанемент інструментаў з калекцыі ўдзельніка гурта Яраша Малішэўскага. Дуда, корбавая ліра, варган, дудкі, мандаліна — у яго зборы, здаецца, безліч музычных артэфактаў. І кожны па волі творцы знаходзіць месца ў запісах калектыву «ASTROÚNA». Праца ювелірная: звычайна на рэпетыцыях вакалісткі пачынаюць выконваць песні а капэла, паступова спадар Яраш пачынае імправізацыі. Спачатку шукае асноўны інструмент, які дадаецца да голасу, затым узбагачае гукавую карціну ўсё новымі партыямі. Пачуюць слухачы і навінку музычнай калекцыі Яраша Малішэўскага — свісцёлку XVII стагоддзя. Да збіральніка яна трапіла ў непрыдатным для ігры стане, і намаганнямі гаспадара зноў заспявала звонкім голасам. Ацаніць гучанне старадаўняга інструмента можна ў «Срэбным грошыку» — кампазіцыі спадара Яраша, натхнёнай традыцыйнымі мелодыямі. Разам з іншымі аўтарскімі найгрышамі ён натуральна ўпісаўся ў альбом па настроі і музычным змесце, зусім не падаецца чужым сярод народных твораў.
Адданасць традыцыйнай манеры выканання, вядома, уплывае на колькасць слухачоў. У нас пакуль не сабралася вялізная аўдыторыя, здольная ацаніць асаблівую прыгажосць аўтэнтычных твораў. Гэта не пужае ўдзельнікаў «ASTROÚNA», бо яны не гоняцца за шырокай вядомасцю і разлічваюць на слухача з асаблівым слыхам, які можа пранікнуцца любоўю да традыцыйных спеваў.
— На беларускай сцэне дастаткова гуртоў, якія вольна абыходзяцца з фальклорам. Мы не пайшлі гэтым шляхам, а стараемся спяваць так, як нашы продкі, — кажа вакалістка гурта Кацярына Аракчэеева. — У нас свая ніша. І так атрымалася, што мы амаль не думаем пра папулярнасць і магчымасць падабацца вялікай аўдыторыі.
Прыхільнікам традыцыйнай музыкі прэм’ера ўжо даступная на інтэрнэт-пляцоўках. А пачуць ужывую песні з альбома «Месяц узышоў» можна было на фестывалі «Калядныя вечары на Залатой Горцы», які днямі прайшоў у сталічным касцёле Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха).
Данііл Шэйка, kimpress.by