Незвычайная выстава графікі, прысвечаная Веткаўскай буквіцы, адкрылася ў Познані

Выстава мае назву SLOW_MO albo WYRWANE Z KONTEKSTU. Яе аўтарка — Алена Бярэзіна, былая супрацоўніца Веткаўскага музея ў Гомельскай вобласці, піша polskieradio.pl.

Aliena Biarezina
Алена Бярэзіна.Фота: Беларуская служба Польскага радыё / Павел Залескі

Тое, што на першы погляд здаецца неістотным, аказваецца напоўненым сэнсам

Адкрываючы выставу, яе куратар Ілля Малумаеў адзначыў, што працы Алены Бярэзінай натхнёныя буквіцамі са старажытных рукапісаў, створаных сотні гадоў таму стараверамі птушыным пяром. Рукапісы таго часу, у тым ліку кнігі песнапенняў, дагэтуль захоўваюцца ў Веткаўскім музеі.

Аўтарка засяроджваецца на дэталях, якія толькі пры павелічэнні набываюць выразнасць. Тое, што на першы погляд здаецца неістотным, аказваецца напоўненым сэнсам і нават магічным. Увага да гэтых тонкіх элементаў дазваляе заўважыць іх схаваную прыгажосць.

— Я, напрыклад, раней ніколі не бачыў выставаў, прысвечаных не проста буквіцы, а менавіта яе інтэрпрэтацыі, — кажа куратар. — Гэта дэканструкцыя буквіцы як восі, чагосьці галоўнага. Алена дэканструявала гэтую асноўную вось і падзяліла яе на элементы, паказаўшы, што яны могуць быць такімі ж важнымі і цікавымі, як і сама буквіца.

Praca Alieny Biarezinaj Праца Алены Бярэзінай

Малумаеў таксама падкрэсліў, што прадстаўленыя на выставе творы — гэта не дакладныя копіі старажытных буквіц, а іх сучасныя інтэрпрэтацыі, свабодныя варыяцыі, натхнёныя арыгінальнымі ўзорамі.

Выстава, прысвечаная прыгажосці

Алена Бярэзіна найперш тлумачыць назву сваёй выставы. SLOW_MO, паводле яе, азначае запаволены рух. У кінематографе такі прыём выкарыстоўваецца, каб падкрэсліць важныя дэталі, якія часта застаюцца незаўважанымі. Першапачаткова яна хацела назваць выставу Вырванае з кантэксту.

Аўтарка згадвае, што выстава павінна была адбыцца ў Беларусі яшчэ ў 2020 годзе, але спачатку перашкодзіў COVID-19, а пазней — падзеі пасля прэзідэнцкіх выбараў у краіне.

Наогул, мастачка кажа, што яе выстава прысвечаная прыгажосці:

— Веткаўская буквіца і прыгажосць цесна звязаны. Па-першае, гэта ўпрыгожванне кніг, але не дзеля самога ўпрыгожвання, а з глыбокім сэнсам. Кніга — гэта своеасаблівы свет, а буквіца, ініцыял — нібы райскае дрэва на старонцы. Буквіцы не проста пісалі, а загадзя расчэрчвалі старонку адмысловымі палачкамі і толькі потым выводзілі літары. Гэтая традыцыя мела сувязь з земляробчымі абрадамі, бо ў народнай культуры прыгажосць заўсёды лічылася абаронай.

Спадарыня Алена праводзіць аналогіі з традыцыямі ўпрыгожвання вокнаў у вясковых хатах. Вакно лічылася адтулінай у іншасвет, і таму яго ўпрыгожвалі, каб абараніцца ад злых сіл. У кнігах стараабраднікаў XVII–XIX стагоддзяў прыгожае афармленне не было проста дэкорам, а адлюстроўвала духоўную годнасць святых. Аднак дэталі ў такіх рукапісах настолькі дробныя, што многія іх проста не заўважаюць. Менавіта таму мастачка хоча праз павелічэнне паказаць тую прыгажосць, што часта застаецца па-за ўвагай.

Praca Alieny Biarezinaj
Праца Алены Бярэзінай

— У буквіцах ёсць мноства элементаў: птушкі, вавёркі, іншыя жывёлы — яны выступаюць пасярэднікамі паміж нашым светам і Богам. На адной буквіцы можна нават убачыць маленькага чалавечка, што сведчыць: чалавек таксама можа дасягнуць царства Божага.

Погляд праз заслону часу

Паколькі выстава была запланавана пяць гадоў таму, аўтарка заўважае, што яе творы за гэты час прайшлі эвалюцыю:

— Я не ўсё, што хацела, здолела зрабіць. Але я не хацела ўмешвацца ў ўжо створаныя працы, бо любое змяненне пацягнула б за сабой іншыя. У некаторых працах павінна была быць вышыўка, але я не паспела яе зрабіць. Замест гэтага я змяніла тэхніку і зрабіла працы больш размытымі.

На пытанне, з чым гэта звязана, мастачка адказвае:

— У апошні час у мяне пагоршыўся зрок, і часам мне нават падабаецца бачыць размыта. Калі глядзець на гэта метафізічна, то буквіцы таксама належаць да мінулага, і гэты час робіць іх размытымі. Мы не ўсё ведаем пра іх значэнне, семантыку, акрамя, можа быць, спецыялістаў. І гэта нібыта флёр, які ўзнікае, калі глядзіш праз пелену часу.

Народная творчасць як аснова мастацтва

Спадарыня Алена адзначае, што гэта не яе першая выстава ў Польшчы — яна ўжо паказвала свае працы ў Германіі і Італіі. Цяпер яна працуе ў дзіцячым садку, пацвердзіла свой дыплом і працягвае навучанне, а таксама праводзіць майстар-класы.

Яна заўважае, што многія сучасныя мастакі ўсё часцей звяртаюцца да народнай творчасці:

— Цяпер нібыта нанова з’яўляецца цікавасць да народнай культуры. Гэта не рамесніцкае капіраванне, а хутчэй даследаванне традыцый. У гісторыі мастацтва заўсёды можна заўважыць вяртанне да народных крыніц. Гэта падмурак, на якім усё стаіць. Кожны раз з яго нараджаецца нешта новае. Сёння наш свет перажывае час пераменаў, і многія імкнуцца вярнуцца да вытокаў, магчыма, каб схавацца або знайсці нешта каштоўнае.

Што да інтэграцыі ў новае грамадства, мастачка прызнаецца, што эміграцыя даецца нялёгка. Але ёй цікава назіраць за новай культурай, шукаць падабенствы і адрозненні паміж народамі і, перш за ўсё, разумець іншых людзей.

Praca Alieny Biarezinaj
Праца Алены Бярэзінай