Бараніць Расею ў Беларусі ці Беларусь ад Расеі?

Уявеце сытуацыю. Нейкі маньяк увесь час псуе вам жыцьцё: то паб’е вас, то забярэ вашую маёмасць, то пад дзьверы насера. І вось у чарговы раз, калі вы сабраліся на шпацыр, выходзіце з дому. А ў вас на парозе ў позе гордага арла зноўку сядзіць ваш крыўдзіцель і кажа вам: «А давай я буду цябе бараніць! Буду пра цябе клапаціцца!». Можаце ўявіць сабе гэткую сытуацыю? Паверыце гэткай прапанове? І пакуль вы задумаліся, гэтаму «арлу» на беларускім парозе адказвае Валера Руселік — у сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл».

Valiera Rusielik
 Валера Руселік. Фота з архіву аўтара

Абарона нацыянальнай культуры беларусаў працягваецца! Гіп-гоп ура, таварышы!

Тое, што беларуская культура перажывае не найлепшыя часы, наўрад ці для кагосьці зьяўляецца сакрэтам. А тут і новая інітыятыва ад дзяржавы пад’ехала — якраз па гэтай самай абароне плюс яшчэ й па захаваньні традыцыйных каштоўнасьцяў нашага шматпакутнага беларускага народу.

І як вы думаеце, што ж гэта за ініцыятыва? Можа, адраджэньне беларускамоўнага школьніцтва? Альбо стварэньне хаця б аднаго цалкам беларускамоўнага ўнівэрсытэту? А можа замест помніка агурку і Дзядзю Сьцёпу ўрэшце паставяць помнік Васілю Быкаву? Альбо павыкідваюць гэтым разам з падручнікаў ня нашых пісьменьнікаў, а ўсе гэтыя трызьненьні пра «бела-чырвона-белы нацызм» і «польскага шавініста» Кастуся Каліноўскага? Ну а раптам?!

Не, даражэнькія, закатайце губу назад.

Alieja hierojaŭ, Śvislač
За ўскладаньне кветак да помніка Каліноўскаму — судзяць, да помніка Сталіну — не? Хто тут — традыцыя і каштоўнасьць беларускага народу? Алея герояў, Сьвіслач. Фота hrodna.life

Гэтым разам абаронай нацыянальнай культуры і традыцыйных каштоўнасьцяў беларускага народу занялося... Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (ну а хто ж яшчэ, усё лягічна!). І настойліва парэкамэндавала суб’ектам гаспадараньня «мінімізаваць выкарыстаньне замежнай мовы» ў назвах гандлёвых аб’ектаў, аб’ектаў абслугоўваньня і рэкляме.

Панятна вам? Рускім языком аб’ясьняю! Аніякіх гэтых вашых «айфонаў-плафонаў» — даеш нашыя родныя «Губерніі», «Матрошкі» і «Яндекс-Еда».

Zamiežnyja nadpisyЦікава, ці будзе распаўсюджвацца забарона на замежныя надпісы — на расейскі бізнэс у Беларусі? Фота realt.by

Ну і, дарэчы, здагадайцеся, шаноўныя, з аднаго разу, надпісы ў якой мове зьявяцца замест забароненых «замежных»?

Што, задумаліся? Надта складанае пытаньне? Давайце я вам трошачкі падкажу.

Глядзіце. У сваіх рэкамэндацыях чыноўнікі спасылаюцца на прынятую ў 2023-м годзе Канцэпцыю разьвіцьця нацыянальнай культурнай прасторы ўва ўсіх сфэрах жыцьця грамадзтва на 2024-2026 гады. Канцэпцыя, якая прадугледжвае «ўсебаковае падтрыманьне разьвіцьця культуры» Беларусі, забесьпячэньне яе культурнае бясьпекі, «абарону нацыянальнай культурнай прасторы, захаваньне й зацьвярджэньне традыцыйных каштоўнасьцяў беларускага народу, фармаваньне патрыятычных перакананьняў і грамадзянскай адказнасьці, процідзеяньне пагрозам нацыянальнай бясьпекі ў інтарэсах беларускай дзяржавы, грамадзтва і грамадзянаў», напісаная... па-расейску.

Адным словам, любіце Родзіну, маць вашу!

Ну добра. Дык а што там за расейскамоўныя традыцыі і каштоўнасьці беларускага народа? Улічваючы, што расейская мова на нашых землях аніякай іншай традыцыі, акрамя акупацыі і гвалтоўнай расеізацыі мясцовага люду, ня мае, адказ — відавочны. Матрошкі і балалайкі, канцэрты Лепса і Бузавай, Іван-дурак і амлет на лапаце — ешце, не абляпайцеся!

І гэтая ж дурата ў нас ня першы дзень, праўда? І, як заўжды, надзьмула яе — з-за ўсходняе мяжы. Спачатку — пабедабесіе, затым паляваньне на Сьвятога Мікалая й забарона Дня Сьвятога Валянціна.

Dzied Maroz
«Настаяшчы беларускі Дзед Мароз» — гэта Сталін, а не Сьвяты Мікалай! Глядзіце не пераблытайце! Фота RFE/RL

А цяпер вось — і змаганьне з усім заходнім.

І — з усім беларускім. Таму што нават лацінка, забароненая ў нашай краіне яшчэ пазалетась, мае ў Беларусі традыцыю куды большую за ўсіх матрошак і пушкіных, разам узятых. Альбо алень сьвятога Губэрта, зь якім усё змагаецца і аніяк ня можа назмагацца неадэкватная Бондарава, — герб Горадні яшчэ з 1540 году.

Дык а што далей, бондаравы і шарыкавы? Пачнеце расстрэльныя сьпісы каталікоў і пратэстантаў складаць? Першыя — занадта польскія, другія — называюцца сугучна з пратэстамі? Адным словам, «слишком уж западные», «слишком уж претят национальным традициям, ценностям общесоюзного белорусского народа», так?

Слухайце, ну калі вы ўжо гэтак ненавідзіце ўсё заходняе (а зь ім — і беларускае), то можа, тады ня толькі надпісы лацінкай забароніце, але й перастанеце карыстацца тэлефонамі, кампутарамі, самаходамі і ўсім астатнім, што было выпрадукавана на гэтак ненавісным для вас Захадзе?

Ну сур’ёзна! А то неяк не па-пацанску атрымліваецца: мы будзем з заходнімі надпісамі ваяваць, але пры гэтым карыстацца ўсімі заходнімі дабротамі й выгодамі — будзем!

Чаму б вам не залезьці ў вашыя ісьціннаправаслаўныя і обшчарускія зямлянкі, абкладзеныя гонтай і мохам ды падпертыя паўзгнілымі бярвеньнямі?

Ці «это другое»?

Infarmacyjnaje tablo na trasie Miensk — Viciebsk
Інфармацыйнае табло на трасе Менск — Віцебск з расейскамоўным «скоростным режимом», якім замянілі колішні беларускамоўны надпіс пасьля таго, як ім абурыўся Лукашэнка: маўляў, незразумела для расейцаў!

Ну а калі сур’ёзна, то насамрэч адзіным шанцам для абароны нацыянальнай культуры, захаваньня й зацьвярджэньня традыцыйных каштоўнасьцяў беларускага народа сёньня зьяўляецца менавіта заходні кірунак, прыналежнасьць да заходняе цывілізацыі. Бо гэта як раз-ткі ў Эўропе ўсе супольнасьці, нават самыя маленькія, маюць права й рэальныя магчымасьці для захаваньня сваёй нацыянальнай тоеснасьці і культурнай аўтаноміі, у тым ліку ў складзе вялікіх дзяржаваў.

У той час як у Расеі малыя народы зьнікаюць адзін за адным, а тыя, хто ня хоча зьнікаць дастаткова хутка, адпраўляюцца на фарш ва Ўкраіну.

Урэшце, сябры, калі мы зноўку і зноўку — нават у справе абароны беларускіх традыцыяў і каштоўнасьцяў — вяртаемся да пытаньня: «Дык а што мы называем беларускім?» — ці варта дзівіцца, калі наступным паўстане пытаньне: «Дык а ўласна дзяржава, якая нішчыць усё беларускае і замацоўвае на беларускай зямлі замест беларушчыны расейшчыну — ці беларуская гэткая дзяржава»?

І вось што тады нам, беларусам, з гэткай дзяржавай рабіць?

Валера Руселік