Хто насамрэч аўтар Пішчалаўскага замка

Тое, што чалавек з прозвішчам Пішчала не з’яўляецца ні аўтарам, ні заказчыкам, вядома даўно. Але архітэктарам турэмнага замка ў Мінску, часта беспадстаўна, называецца цэлы шэраг імёнаў. «Наша Ніва» паспрабавала разабрацца, хто ж насамрэч стаіць за праектам самай вядомай беларускай турмы — сімвалічна і іранічна, што найбуйнейшай пабудовай часоў Расійскай Імперыі ў беларускай сталіцы стала менавіта турма.

Piščalaŭski zamak
Пішчалаўскі замак у наш час. Фота: turby.by

Пішчалаўскаму замку, які стаіць на пагорку, што ўзвышаецца над гістарычным цэнтрам сталіцы, сёлета спаўняецца роўна 200 гадоў. Суровае збудаванне, сапраўдная крэпасць пасярод горада, яно на працягу двух стагоддзяў існавання абрастала самымі рознымі таямніцамі і легендамі, праз якія з цяжкасцю прабіваюцца факты. Магчыма, не апошнюю ролю ў гэтым адыгрывае і той факт, што турэмны замак спраўна ўвесь час выконваў сваю першапачатковую функцыю, і патрапіць за яго высокія сцены даследчыкі маглі хіба што ў якасці вязняў.

Сёння вядома, што ў 1821 годзе ў Мінску востра паўстала пытанне аб будаўніцтве новай турмы. Публічныя таргі на яе пабудову выйграў прадпрымальны малады шляхціц Рудольф Пішчала, які паралельна будаваў кар’еру на дзяржаўнай службе. Аднак даследчыкі мяркуюць, што ягонае прозвішча да турэмнага замка прыліпла не столькі праз вялікую ролю ў будаўніцтве, а хутчэй праз тое, што ён узначальваў розныя палаты суда — павятовага, крымінальнага і грамадзянскага, не даючы сценам турмы апусцець. Будаўніцтва турмы было скончана ў снежні 1824 года, а ў канцы студзеня наступнага 1825 года, будынак быў прыняты ў казённае ведамства.

Piščalaŭski zamak
Трапіць унутр турэмнага замка можна было толькі праз праезд у наглядчыцкім доме. Гэты будынак захаваўся, але сёння схаваны за высокай бетоннай агароджай. Фота: Wikimedia Commons

Але доўгі час у прэсе Пішчала фігураваў ці як заказчык, ці як архітэктар. Іншым разам аўтарам праекта турэмнага замка называлі губернскага архітэктара Казіміра Хршчановіча, аднак той толькі ў маі 1825 года атрымаў дыплом архітэктара, а на пасаду заступіў увогуле ў кастрычніку, калі турма была даўно скончана.

Ён змяніў на гэтай пасадзе Міхаіла Чахоўскага, які падаў прашэнне аб звальненні па старасці гадоў. Чахоўскі займаў пасаду 20 гадоў і сапраўды мог браць удзел у праекце, але абмежаваны.

Turemny zamak va Uladzimiry
Турэмны замак ва Уладзіміры пабудаваны па тым жа ўзорным праекце, што і замак у Мінску. Фота: pastvu.com

Рэч у тым, што турэмны замак у Мінску пабудаваны па тыпавым праекце, пра што сведчаць амаль ідэнтычныя будынкі ў Харкаве, Ніжнім Ноўгарадзе, Уладзіміры, Волагдзе і Разані. Аўтара тыпавога, ці, як тады называлася, «ўзорнага» праекта трэба шукаць сярод пецярбургскіх архітэктараў, а не сярод мясцовых.

Губернскія архітэктары фактычна займаліся адаптацыяй «узорных» праектаў да рэальнай гарадской структуры і асяроддзя і наглядам за іх рэалізацыяй.

Бацька «ўзорных» турмаў імперыі

Рэканструкцыя шэрагу гарадоў Расійскай імперыі, якая разгарнулася на пачатку XIX ст., патрабавала ўзвядзення вялікай колькасці не толькі жылых, але і так званых «казённых» будынкаў — прысутных месцаў, складоў, турмаў. Пытанне пра праектаванне і ўзвядзенне гэтых будынкаў стаяла асабліва востра.

Andrajan Zacharaŭ
Андраян Захараў, аўтар многіх узорных праектаў казённых будынак у Расійскай імперыі. Партрэт працы Сцяпана Шчукіна. Каля 1804 года. Фота: Wikimedia Commons

Мясцовыя органы часта размяшчаліся ў мала прыстасаваных для сваіх патрэб памяшканнях, а царскі ўрад адчуваў дэфіцыт турмаў для ўсё большай колькасці ўдзельнікаў сялянскіх паўстанняў і разнастайных бунтаў. Развіццё гандлю і рост перавозак патрабавалі паляпшэння дарожнай інфраструктуры, будаўніцтва складоў і гандлёвых радоў.

Тыпавому праектаванню казённых будынкаў дзяржава надавала вялікае значэнне. Яна імкнулася прапанаваць максімальна эканамічныя ўзоры будынкаў з найбольш рацыянальным і зручным планам. Для праектавання казённых будынкаў на пачатку XIX ст. быў прызначаны адзін з вядучых майстроў свайго часу — Андраян Захараў, прадстаўнік ранняга аляксандраўскага класіцызму.

Распрацаваныя Захаравым тыпавыя праекты казённых будынкаў былі зацверджаны ўказам ад 24 лютага 1803 года. Сярод іх — шэсць праектаў для губернскіх гарадоў, уключаючы дамы цывільнага губернатара і віцэ-губернатара, будынкі прысутных месцаў і судовых устаноў, вінныя і саляныя магазіны, а таксама турэмны замак.

Typavy prajekt turemnaha zamka
Тыпавы праект турэмнага замка для губернскіх гарадоў, выкананым архітэктарам Захаравым. 1803 г. З кнігі «Типовое и повторное строительство в России в XVIII-XIX веках», 1984

З ліку тыпавых праектаў для павятовых гарадоў вядомыя толькі два — турэмны замак і вінна-саляны магазін. Магчыма, існавалі і іншыя праекты, якія не дайшлі да нашых дзён. Праекты захаваліся толькі ў копіях, якія сёння не знаходзяцца ў публічным доступе.

У склад кожнага праекта ўваходзілі адзін ці два фасады і планы паверхаў з падрабязнай эксплікацыяй. Планавыя рашэнні ўсіх будынкаў былі глыбока прадуманыя і вылучаліся эканамічнасцю.

Але будынкі не былі пазбаўлены архітэктурнай выразнасці, фасады вызначаліся строгасцю і прастатой, уласцівай і іншым праектам Захарава. Турэмныя замкі для павятовых і губернскіх гарадоў вырашаліся ў манументальных, амаль крапасных формах.

Prajekt turemnaha zamka A. Zacharava
Праект турэмнага замка А. Захарава (уверсе) і яго рэалізацыя ў Казані. З кнігі «Типовое и повторное строительство в России в XVIII-XIX веках», 1984

Узорныя праекты змяшчалі інфармацыю пра неабходны мінімум памяшканняў для кожнага тыпу будынка, рэкамендавалі рацыянальныя схемы планавання і пажаданыя фасадныя кампазіцыі, але дзяржава не патрабавала іх даслоўнага выканання ў натуры. Гэта дазваляла мясцовым архітэктарам улічыць рэальныя эксплуатацыйныя і горадабудаўнічыя ўмовы.

У працэсе мясцовага праектавання і будаўніцтва аб’ём будынка мог павялічвацца або змяншацца, у фасады ўносіліся змены. З нязначнымі зменамі ад тыпавога праекта Захарава быў пабудаваны турэмны замак у Казані, а таксама турма ў Пскове.

Prajekt turemnaha zamka
Праект турэмнага замка для губернскіх гарадоў. Не раней за 1811 год. Фота: Томскі абласны краязнаўчы музей імя Міхаіла Баніфацьевіча Шацілава

Prajekt turemnaha zamka
Праект турэмнага замка для павятовых гарадоў. Не раней за 1821 год. Фота: Томскі абласны краязнаўчы музей імя Міхаіла Баніфацьевіча Шацілава

Праз высокую архітэктурную вартасць тыпавымі праектамі казённых будынкаў 1803 года карысталіся яшчэ шмат гадоў. У 1822 годзе дадаліся варыянты рашэння для павятовых прысутных месцаў, якія аб’ядноўваліся з турмамі. Толькі ў 1828–1829 гадах былі зацверджаныя новыя праекты для губернскіх гарадоў, што прыйшлі на змену праектам 1803 года. Серыя, распрацаваная архітэктарам Штаўбертам, уключала праекты прысутных месцаў, дамоў цывільнага губернатара і віцэ-губернатара, а таксама турмы на 400 арыштантаў. Ад новых праектаў забаранялася рабіць найменшыя адступленні.

Захараў не быў адзіным архітэктарам, прыцягнутым да распрацоўкі ўзорных праектаў. Вядома, напрыклад, што ў 1806–1808 гадах француз Жан-Франсуа Тама дэ Тамон выканаў каля 20 праектаў дамоў вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў, мясцовых службоўцаў, пастаялых двароў, абывацельскіх дамоў, кавальняў.

Швейцарцу Луіджы Руска прыпісваецца ўзорны праект з’язных дамоў для паліцэйскай і пажарнай часцей. У 1805 годзе Руска распрацаваў праекты паштовых станцый у стылі позняга класіцызму. Ёсць меркаванне, якое пакуль не пацверджана, што ўсе паштовыя станцыі ў класіцыстычным стылі на тэрыторыі Беларусі, узыходзяць да яго ўзорных праектаў.

Для невялікіх казённых пабудоў — гарадскіх дум, павятовых і земскіх упраў, ратуш і кансісторый і іншых — увогуле часта выкарыстоўваліся праекты жылых дамоў.

Харкаўскі праект

Турэмны замак у Мінску пабудаваны да зацвярджэння новых тыпавых праектаў казённых будынкаў. З аднаго боку, Мінскі турэмны замак з больш раннімі тыпавымі праектамі, якія можна прыпісваць Захараву, яднаюць манументальныя, крапасныя формы, падобныя планіроўка, пры якой арыштанцкі корпус размяшчаецца пасярод квадратнага турэмнага двара, абнесенага мураванай агароджай.

З іншага, турэмны замак у Мінску адрозніваюць куды большыя памеры, а таксама характэрныя круглыя вежы на вуглах арыштанцкага корпуса. У праектах жа Захарава вежы, калі яны ёсць — квадратныя ў плане і размяшчаюцца на вуглах агароджы.

Charkaŭski turemny zamak
Харкаўскі турэмны замак. Фота: Wikimedia Commons

У большасці краязнаўчых публікацый пра аналагічныя турэмныя замкі ў іншых гарадах аўтарамі праектаў называюцца абсалютна розныя людзі. Дастаткова невялікай праверкі, каб пераканацца ў тым, што тамтэйшыя краязнаўцы і гісторыкі робяць тую ж памылку, што рабілі і беларускія — запісваюць губернскіх архітэктараў, чый подпіс стаіць на праектных чарцяжах, у аўтары самога «ўзорнага» праекта, або Андраяна Захарава, або ўвогуле ігнаруюць праблему існавання такіх жа турмаў у іншых гарадах.

З гэтага шэрагу выбіваецца толькі асоба пецярбургскага архітэктара Іосіфа Шарлеманя, які не займаў ніякіх пасад у правінцыі і служыў прыдворным архітэктарам.

Мы змаглі высветліць, адкуль з’явілася інфармацыя пра Шарлеманя. Упершыню пра датычнасць Іосіфа Шарлеманя да праектаў у Харкаве і Ніжнім Ноўгарадзе напісаў мастацтвазнавец Віктар Антонаў у асобным раздзеле да кнігі «Дойліды Санкт-Пецярбурга XIX — пачатку XX стагоддзяў». Кніга выдадзена ў 1998 годзе.

У 2012 годзе выйшла яшчэ адна кніга гэтага аўтара, «Пецярбург: вы гэта ведалі? Асобы, падзеі, архітэктура», у якой Антонаў упершыню апублікаваў фрагменты лістоў Іосіфа Шарлеманя да Луіджы Руска, які быў яго настаўнікам і мужам яго сястры.

Čarciažy turemnaha zamka ŭ Nižnim Noŭharadzie
Чарцяжы турэмнага замка ў Ніжнім Ноўгарадзе, выканананыя губернскім архітэктаратам у 1833. Сам замак пабудаваны ў 1820-м. Фота: Ніжагародскі дзяржаўны гісторыка-архітэктурны музей-запаведнік

У маі 1818 года Луіджы Руска праз дрэннае здароўе назаўжды пакінуў Пецярбург, дзе працаваў доўгія 35 гадоў, і накіраваўся ў цёплую Італію. Пакідаючы Расію, Руска пакінуў свае няскончаныя працы на свайго памочніка Іосіфа Шарлеманя і яго малодшага брата Людовіка, які таксама працаваў у яго. Іосіф Шарлемань трымаў старэйшага калегу ў курсе сваіх спраў аж да самай яго смерці ў 1822 годзе. Іхняе ліставанне на французскай мове захоўваецца ў архіве Санкт-Пецярбургскага аддзялення Інстытута гісторыі РАН.

10 жніўня 1820 года Шарлемань піша Руска ў Кома наступнае:

«Узімку я склаў два праекты новай турмы, якую хочуць пабудаваць па англійскай сістэме. Цяпер па маім праекце будуюць турмы ў Ніжнім Ноўгарадзе і Харкаве. Я заняты таксама пераробкамі і рамонтам у [Грэнадзёрскіх] казармах на Карпоўцы. Вайсковая зала ў Кадэцкім корпусе цалкам завершана. Нядаўна атрымаў заданне скласці праекты Духоўных акадэмій у Кіеве і Вятцы...»

Гэта пацвярджаецца і тым, што на праектных чарцяжах Ніжагародскага астрога, якія захоўваюцца ў фондах Ніжагародскага дзяржаўнага гісторыка-архітэктурнага музея-запаведніка, пазначана, што яны былі «найвышэйша зацверджаны» 8 мая 1820 года. Пра зацвярджэнне гэтага праекта імператарам гаворыцца і ў Поўным зборы законаў Расійскай Імперыі, прычым адзначана, што па тым жа плане вядзецца будаўніцтва турэмнага будынка ў Харкаве.

Nižaharodski turemny zamak
Ніжагародскі турэмны замак. Фота: Novation-nn.ru

А вось інфармацыя, што Аляксандр I зацвердзіў гэты праект у якасці ўзорнага, прамога пацвярджэння пакуль не знаходзіць, хоць выкарыстанне яго ў некалькіх гарадах імперыі сведчыць пра яго тыпавы характар.

Вядома толькі, што 25 красавіка 1821 года быў зацверджаны агульны праект павятовых турмаў, які арыентаваўся на план губернскіх турмаў, паводле якога на той час вяліся працы над турэмнымі замкамі ў Харкаве і Ніжнім Ноўгарадзе. Але грандыёзным план будаўніцтва турмаў не быў, ужо ў 1823 годзе было вырашана ўзводзіць такія турмы толькі ў тых гарадах, дзе колькасць арыштантаў была сапраўды вялікай.

З улікам таго, што турэмныя замкі ў Ніжнім Ноўгарадзе і Харкаве амаль ідэнтычныя таму, што быў пабудаваны ў Мінску, можна сцвярджаць, што аўтар Пішчалаўскага замка сапраўды Іосіф Шарлемань.

Зрэшты, варта адзначачыць, што Мінскі турэмны замак адрозніваецца падвышанай паверхавасцю. Першапачаткова ён быў двухпавярховым з паўпадвальным паверхам, дзе размяшчаліся камеры для сакрэтных арыштантаў, кухня, майстэрні і іншае. Але па прычыне пастаяннай перапоўненасці турмы ў 1884 годзе паўстала пытанне аб пабудове ў Мінску новай турмы ці хаця б дадатковага будынка. Але ў Галоўным турэмным упраўленні МУС знайшлі немэтазгодным марнаваць грошы на новае будаўніцтва і прапанавалі проста дабудаваць трэці паверх.

Шарлемань 1-ы 

Іосіф Шарлемань, які спраектаваў турэмныя замкі ў Харкаве і Ніжнім Ноўгарадзе, нарадзіўся ў сям’і скульптара Жана-Батыста Шарлеманя-Бадэ, які нарадзіўся ў Руане і прыехаў у Расію ў 1770-я гады для афармлення Вялікага Царскасельскага палаца. Бацька памёр, калі Іосіфу было ўсяго 7 гадоў. Удава Жана-Батыста аддала ўсіх чацвярых сыноў вучыцца ў Акадэмію мастацтваў, дзе асаблівую схільнасць браты праявілі менавіта да архітэктурнай навукі.

Пасля заканчэння Імператарскай акадэміі мастацтваў у 1803 годзе з дыпломам I ступені за заслугі ў праектаванні быў пакінуты пры ёй пенсіянерам. А ўжо праз год яго ўзяў сабе ў памочнікі Луіджы Руска, адзін з найвядомейшых архітэктараў таго часу ў Пецярбургу, які на той момант займаў пасаду палацавага архітэктара Імператарскага двара. Руска таксама быў членам Будаўнічага камітэта пры Дэпартаменце дзяржаўнай гаспадаркі і публічных будынкаў, які курыраваў архітэктурныя аб’екты па ўсёй тэрыторыі Расійскай імперыі. Туды ж пасля на працу быў прыняты і Іосіф Шарлемань, пра талент якога Руска высока адгукаўся.

«...ён — у спалучэнні са здольнасцю па частцы архітэктуры — справай даказаў свае пазнанні ў настолькі дасканалым выглядзе, які можа быць уласцівы толькі найдасведчанаму архітэктару».

Litoŭski zamak u Pieciarburhu
Літоўскі замак у Пецярбургу. Фота: Wikimedia Commons

Як сам Шарлемань пісаў у лісце да Рускі, да турмаў у Ніжнім Ноўгарадзе і Харкаве ён паспеў спраектаваць новую турму па англійскай сістэме. Гаворка ідзе пра перабудову так званага Літоўскага замка ў Пецярбургу, які атрымаў назву ад Літоўскага мушкецёрскага палка (асаблівага дачынення да Беларуска-Літоўскага краю не мае), ізноў пад турму. Ні адзін з двух прапанаваных Шарлеманем у 1820 годзе праектаў не быў рэалізаваны. У 1822 годзе ён вярнуўся да праекта перабудовы. Літоўскі замак займеў вялікія вуглавыя вежы — той жа матыў Шарлемань выкарыстоўваў і ў сваім узорным праекце турэмнага замка для губернскіх гарадоў.

Litoŭski zamak paslia pažaru ŭ 1917 h.
Літоўскі замак пасля пажару ў 1917 г. Фота: Wikimedia Commons

Не пакідае адчуванне, што гэтыя вежы натхнёныя самай вядомай турмой таго часу — парыжскай Бастыліяй. Многія турэмныя замкі па тыпу Пішчалаўскага менавіта так у народзе і называюцца. Калі гэта так, то гісторыя разыграла добры жарт — у час рэвалюцыі 1917 года турма была захоплена, усе яе вязні вызвалены, будынак спалены і пасля знесены.

Turemnyja zamki Rasijskaj impieryi
Турэмныя замкі Расійскай імперыі, ці то свядома, ці то не, паймалі форму парыжскай Бастыліі і часта — яе нешчаслівы лёс. Фота: Wikimedia Commons 

Сярод іншых твораў Шарлеманя (якога звычайна называюць Шарлеманем 1-м, каб адрозніваць ад не менш вядомага брата Людовіка, Шарлеманя 2-га) вялікая колькасць збудаванняў у класіцыстычным стылі, узведзеных пераважна ў Пецярбургу і яго ваколіцах, асабліва ў Пецяргофе, дамоў арыстакратыі, курортных аб’ектаў на мінеральных водах Каўказа, а таксама іншыя праекты ў Таганрогу, Палтаве, Казані і Ноўгарадзе. Цяпер, відаць, да гэтага шэрагу можна ўпэўнена прыпісваць і Мінск.

Сімвалічна і іранічна, што найбуйнейшай пабудовай часоў Расійскай Імперыі у беларускай сталіцы стала менавіта турма.