Апошнім часам неяк усё цяжэй пазбавіцца адчуваньня, што ты нібы трапіў у нейкую кнігу. Тое, што адбываецца вакол нас — мы ж пра ўсё гэта чыталі: цяперашнія рэпрэсіі ў Беларусі толькі лянівы не параўноўвае са сталінскімі. У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік перагортвае старонкі гэтай фантасмагарычнай кнігі яшчэ на стагодзьдзе раней — і вось ужо на вуліцах сучаснай Беларусі ажывае... Расейская імпэрыя.
Валера Руселік. Фота з асабістага архіву
Не сакрэт, што вялікая частка беларускай архітэктурнай спадчыны, якая дайшла да нашых дзён — гэта камяніцы XIX стагодзьдзя. Яно й ня дзіва, улічваючы шматлікія разбуральныя войны, якія несупынна праходзілі праз нашыя землі. А таксама актыўнае «амаскоўшчваньне» Беларусі акупантамі з усходу, якія пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай разьбіралі на цэглу тутэйшую гістарычную забудову, каб паставіць свае фартэцыі, астрогі ды цэрквы-«мураўёўкі».
І што рабіць з гэтай каляніяльнай спадчынай — тое яшчэ пытаньнечка. І ня толькі для нас, змагароў.
Да прыкладу, міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла ўпэўнены, што рамантаваць староцьце з пазамінулага стагодзьдзя эканамічна — не мэтазгодна. А таму яго трэба папросту зьнесьці і пабудаваць на вызваленым месцы што-небудзь новенькае. Гэткі падыход галоўны камунальнік Беларусі называе «рэнавацыяй» і зьбіраецца рэалізоўваць цягам наступных пяці гадоў у межах ужо зацьверджанай Канцэпцыі дзяржаўнай жыльлёвай палітыкі Беларусі. Як раз на ўзор расейскай рэнавацыі: замест капітальнага рамонту — знос старога будынка і збудаваньне на яго месцы новага.
Ну а чаго вы яшчэ хацелі ад дзяржавы, у якой лёс гісторыка-культурнай спадчыны вызначаюць не гісторыкі, архітэктары і культуролягі, а камунальнікі? Нікога ж даўно ўжо не зьдзіўляе, што археалягічныя раскопкі ў нас праводзяць з дапамогаю бульдозэраў і экскаватараў, а рэканструкцыяй сярэднявечных камяніцаў займаюцца звычайныя будаўнічыя трэсты, праўда?
«Бульдозэрная рэканструкцыя» ў Горадні, 2007 г. Фота аўтара
Зрэшты, каму й варта пераймацца з-за ініцыятывы камунальнага міністра, дык гэта тым, каму баліць не за расейскую каляніяльную, а за сапраўдную беларускую спадчыну. ХІХ стагодзьдзе — гэта ж ня толькі жыцьцё пад усходнім бізуном, але й нараджэньне беларускай нацыі.
А таму пад нож «рэнавацыі» рызыкуюць трапіць найперш будынкі, зьвязаныя з жыцьцём і дзейнасьцю нашых тагачасных пісьменьнікаў, навукоўцаў, грамадзкіх і палітычных дзеячаў, паўстанцаў — усіх тых, хто не зважаючы на акупацыю, закладваў падмурак будучай Беларусі.
А вось аматары каляніяльнай маскоўшчыны як раз-ткі могуць цешыцца. Як і 200 гадоў таму, сёньня яны таксама ў фаворы сучаснай адміністрацыі Краю. А таму расейскае імпэрскае рызьзё ў цяперашняй Беларусі ніхто зносіць дакладна ня будзе. Наадварот.
Вось вам прыклад. Адзін зь нямногіх гістарычных будынкаў, якія захаваліся ў Менску — гэта Пішчалаўскі замак, альбо сумнавядомая Валадарка. Пабудаваны ў 1825 годзе як астрог, будынак усё сваё 200-гадовае жыцьцё выкарыстоўваўся паводле наўпроставага прызначэньня. У тым ліку — дзеля пакараньня ворагаў Імпэрыі: у ім сядзелі і антырасейскія паўстанцы ХІХ-га, і адраджэнцы ХХ стагодзьдзяў, і сучасныя беларускія палітвязьні. На сёньня гэта адзіная ўстанова ня толькі ў нашай краіне, але і ўва ўсёй Эўропе, дзе ажыцьцяўляецца сьмяротнае пакараньне. Праз расстрэл.
Традыцыя, ёпт!
Дык вось да свайго юбілею гэтая турма дажыла ў жахлівым стане. Адмыслоўцы тлумачаць: Пішчалаўскі замак быў звычайным для тагачаснай Расейскай імпэрыі тыпавым праектам, пабудаваным з мноствам памылак, дый апошнія 100 гадоў у ім не было аніякага рамонту. Ня дзіва, што ён увесь у рэпінах і шчылінах, а таму змацаваны жалезнымі скобамі, каб канчаткова не разваліўся. Зрэшты, яшчэ ў 2008 годзе адна з турэмных вежаў усё-ткі абрынулася.
Абваленая вежа Пішчалаўскага замку, 2008 г. Фота Юліі Дарашкевіч
Дык вось — не зважаючы на гаротны стан і відавочную эканамічную немэтазгоднасьць! — на капітальны рамонт Валадаркі грошы як раз-ткі знойдуцца. Аніякай «камунальнай рэнавацыі»! Паводле дырэктара КУП «Менская спадчына» Аляксандра Кохана, старую турму чакае літаральна новае жыцьцё: пасьля рэканструкцыі тут адкрыюць рэстарацыі, офісы й нават пляцоўку для забаваў.
Ці будуць нейкія музэйныя экспазыцыі, не паведамляецца. Але прынамсі атмасфэрна «паехаць-паесьці» цяпер можна будзе ня толькі ў Курапатах, але і ў самым цэнтры Менску. Гэтак і ўяўляецца. Вось тут, калі ласка, за банкетным сталом селі (дакладней, прыселі) высокапастаўленыя вертухаі: выскачылі з офісаў на абед — Галюня, графінчык! А вось ля вакна прытуліўся былы вязень з аднакамэрнікамі: я тут сядзеў — і цяпер сяджу, давай налівай! З дынамікаў ліецца расейскі блатняк, а праз фортку з пляцоўкі для забаваў даносяцца шчасьлівыя галасы дзятвы, якой пасьля цэнтралізаванай школьнай экскурсіі па турэмных камэрах дазволілі сабраць-разабраць аўтамат і патрымаць гумовы мянтоўскі дручок.
Ну проста ідылія! Традыцыя і сучаснасьць! Памятаем, шануем!
Гарадзенскія шкаляры на экскурсіі ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Фота grodno.mvd.gov.by
Калі ж прыбраць сарказм, то карціна, на жаль, моцна ня зьменіцца. У сучаснай Беларусі калі што й шануецца, то найперш менавіта спадчына Расейскай імпэрыі. І гаворка ня толькі пра архітэктуру. Вось на Магілёўшчыне рыхтуюць экскурсійны тур «Царскімі шляхамі» па мясьцінах, якія наведвалі расейскія імпэратары. Падобны тур, прысьвечаны расейскай імпэратрыцы Кацярыне Другой, сумесна з Расеяй рэалізоўваюць на суседняй Гомельшчыне. А ў Менску на Вайсковых могілках паставілі помнік жаўнерам Расейскай імпэрскай арміі. Удзел у цырымоніі, дарэчы, узяў памочнік Пуціна Ўладзімер Мядзінскі, які заадно пахваліўся плянамі паставіць у Беларусі й помнік расейскаму фэльдмаршалу Івану Пашкевічу, душыцелю Лістападаўскага паўстаньня 1830-1831 гадоў. А ў менскай рэстарацыі «Компания», якая пазыцыянуе сябе як «ресторан современной белорусской кухни», ужо сёньня можна замовіць аўтарскія кактэйлі з карты «История Руси»: «Поход князя Ярослава Мудрого на Литву», «Первое упоминание Москвы в летописях», «Принятие Иваном Грозным царского титула» і іншыя.
Вось хто ў цэнтры Менску можа замовіць гэткі кактэйль? Расейскі турыст? Мясцовы манкурт і беларусафоб? Мы ж адзіннарот — толькі са знакам качэства, праўда?
Мэню менскае рэстарацыі «Компания»
І гэты ганебны сьпіс адбудоўваньня Расейскай імпэрыі на беларускіх землях, на жаль, можна працягваць і працягваць. Як гэтаму супрацьстаяць? Рабіць усё тое, што рабілі і многія пакаленьні нашых продкаў, дзякуючы якім і насуперак усім выпрабаваньням нашая Беларусь выжыла й жыве сёньня. Размаўляць па-беларуску, вучыць сапраўдную беларускую гісторыю й сапраўдныя беларускія традыцыі. Гадаваць беларусамі сваіх дзетак. Не даваць зрабіць зь сябе і зь іх расейцаў.
Іншага шляху ў нас няма. І аднойчы, я веру, муры расейскай турмы абавязкова рухнуць. Ну а Пішчалаўскі замак, дарэчы, калі і ацалее, то толькі дзеля таго, каб, урэшце, стаць помнікам акупацыі. Каб не забаўляць, а нагадваць пра жахі няволі і пра гераізм усіх тых, хто супраць яе змагаўся.
І тады мы адбудуем нашую цудоўную і сьветлую Беларусь. Абавязкова адбудуем.
Валера Руселік, Budzma.org