Авангард у масы: Віктар Сямашка выступіў у Зялёным Бары

Прадстаўнік менскага андэрграўнду Віктар Сямашка выступіў у пасёлку Зялёны Бор, што на Смалявіччыне. Сустрэча адбылася дзякуючы намаганьням мясцовага актывіста Валерыя Гусева ды пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Спадар Валеры ўжо цягам трох год штомесяц ладзіць у Доме культуры Зялёнага Бору творчыя вечары “19-га а 19-ай”. За гэты час у ДК пасьпелі завітаць Зьміцер Вайцюшкевіч, гурт “Босае Сонца”, Тацяна Матафонава, Альгерд Бахарэвіч і многія іншыя музыкі ды літаратары.

DSC_0245У межах свайго выступу Віктар Сямашка сыграў некалькі адвольных імправізацыяў, упершыню агучыў паэму “Ад мора да”, а таксама падзяліўся вынікамі сваіх апошніх музычных дасьледаваньняў. Яны тычыліся турэмных сьпеваў. Сярод іншага Віктар паведаміў, што шлягеры “Мурка” і “Таганка” маюць беларускае паходжаньне, а таксама, што першыя ў СССР бардаўскі і рок-н-рольны фэстывалі прайшлі на тэрыторыі Беларусі (адпаведна ў 1965 г. ў Берасьці і 1968 г. у Менску).

Сярод гледачоў былі разыграныя падарункі ад “Будзьмы” й зборнікі вершаў ад госьця. Большасьць прысутных ацаніла выступ Віктара Сямашкі такім чынам: “Вельмі незвычайна… Але ж прыгожа!”

Запіс зь вечарыны можна паслухаць тут https://vvsiamashka.podfm.ru/dp/456/ Бліжэйшы выступ Віктара Сямашкі адбудзецца 22 лістапада ў Менску ў мэмарыяльным музэі-майстэрні Заіра Азгура.

DSC_0294

З паэмы “Ад мора да”

 

У марозьлівым небе

зораў крапіва

мора, налітае між грудзей,

смокча бераг

 

*     *     *     *     *

 

у моры цяплей, чым звонку

толькі вецер колкі

дзьме ў дзіры

б’е аб камні люстэркі

 

пад салёнай барадой берага

грэю ногі ў пяску ды гальцы

зьбіраю малюнкі з акруглых пазлаў

 

прыбой сёрбае,

дыхае рыбай,

распластаўшы шырокі язык

 *     *     *     *     *

 што было й што будзе

ёсьць зараз

 тое, што там,

тое ж і тут –

 

мала мейсца для слова

    

 

Тэгі: ,