Бадай, найбольш шчырая размова, якая толькі можа быць — гэта размова з самым сабою. Ну бо толькі мы самыя ведаем, якія мы ёсьць насамрэч, праўда? А што, калі асабістае маштабаваць да ўзроўню нацыянальнага? У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік бярэ самае магутнае павелічальнае шкло і, узіраючыся ўва ўласную біяграфію, шукае адказ на нашае адвечнае пытаньне, кім мы ёсьць, і што гэта такое наагул — Беларусь.

Валера Руселік. Фота з асабістага архіву
Бадай, найбольш шчырая размова, якая толькі можа быць — гэта размова з самым сабою. Ну бо толькі мы самыя ведаем, якія мы ёсьць насамрэч, праўда? А што, калі асабістае маштабаваць да ўзроўню нацыянальнага? У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік бярэ самае магутнае павелічальнае шкло і, узіраючыся ўва ўласную біяграфію, шукае адказ на нашае адвечнае пытаньне, кім мы ёсьць, і што гэта такое наагул — Беларусь.
Напэўна, мала хто ведае, але амаль палову свайго жыцьця я пражыў за мяжою.
Усё пачалося 5 кастрычніка 2005 года, калі я прыехаў быў у Вільню навучацца ў адноўленым Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце. З таго часу акрамя нашай старадаўняй сталіцы пасьпеў таксама пажыць у ЗША і Польшчы, у перапынках паміж імі вяртаўся ў Беларусь.
І вельмі крыўдаваў, калі сябры на радзіме адмахваліся: маўляў, ой, што ты там пляцеш, зьехаў — і маўчы! А я ж нікуды не зьяжджаў — папросту, лічы, меў за мяжою спачатку адукацыю, а пазьней — працу, то-бок быў нібы ў працяглай камандыроўцы. Анічога гэткага, што вось я пакую валізы і — арывэдэрчы, будую новае жыцьцё!
Усе гэтыя гады для мяне нават не стаяла пытаньне «вяртаюся — не вяртаюся». Вось працу дапрацую, крыху грошай падзараблю — і прыеду куплю сабе кватэру ў цэнтры Горадні, каб турыстам здаваць, і дом у вёсцы, каб жыць там.
Вось і ўвесь плян.
Памятаю, у 2019-м, то-бок на дванаццаты год жыцьця пераважна ў замежжы, нават ужо дамовіўся набыць старую хату ў вёсцы, дзе калісьці была жыла мая мама. Але ў апошні момант угоду перанёс налета. Якраз увесну 2020-га зьбіраўся зьдзейсьніць адзіночны сплаў па беларускай частцы Прыпяці, зьняць пра гэта міні-сэрыял (гэткі мікс краязнаўства і выжываньня ў дзікай прыродзе) і прадаць яго на Радыё «Свабода». Ну а потым штосэзон брацца за іншую беларускую раку. Адначасова займацца вырабам мэблі, дахоўкі і хатніх прысмакаў.
Ну і вось гэтак жыць. Плюс часам падарожнічаць. Ну мо і кнігу якую тады напісаць, чаму не.
Але спачатку пандэмія, а затым і палітыка тыя мае пляны ў 2020-м зьвялі на нішто. Хаця яшчэ да жніўня 2022-га я працягваў адсочваць у сеціве абвесткі аб продажы кватэраў у гістарычным цэнтры Горадні, а таксама хутароў у яе ваколіцах — ажно да моманту, калі прышло разуменьне, што можа ніколі ўжо да радзімы й не даеду.
Дарожны ўказальнік са зьнішчаным надпісам на беларускай лацінцы на выезьдзе з Горадні ў бок Польшчы. Фота: mostmedia.io
Ну але добра, чаго ўжо тут румзаць — лепш вернемся да вось як без малога 21 года майго жыцьця ў замежжы. Насамрэч увесь гэты час я маю вялікае шчасьце — не адрывацца ад беларушчыны. Нават тады, калі паралельна даводзілася працаваць на будоўлі альбо, скажам, складаць турыстычныя аўдыёгіды і апрацоўваць вясельныя фатаздымкі. У мяне цудоўная беларускамоўная сям’я й надзейныя беларускамоўныя сябры. Я нязьменна працягваю займацца творчасьцю ў роднай мове.
Пры гэтым мая асабістая Беларусь усё-ткі трансфармуецца. Ня ў змозе прыехаць на радзіму фізычна, я паступова сам зрабіўся ёю для самога сябе. Ну бо куды б лёс ні закінуў беларуса — ці то ў Польшчу, ці то ў Судан, ці то ўва Ўругвай альбо Канаду — ён жа ж не становіцца аўтаматычна ані палякам, ані суданцам, ані ўругвайцам альбо канадцам, праўда?
Беларус застаецца беларусам — дзе б ён ні быў. Ці ж ня гэта меў на ўвазе Караткевіч, калі пісаў, што чалавек носіць сваё неба з сабою?
Валера Руселік у Старых Дарогах, 2018 г. Фота з архіву аўтара
І ў гэтым альгарытме, дарэчы, мы ўсе роўныя — па абодва бакі беларускае мяжы. Пытаньне «Якая твая асабістая Беларусь? Якая ты Беларусь?» аднолькава гучыць і каля Каложы ў Горадні, і на Новым Сьвеце ў Варшаве, і на беразе Нілу ў Хартуме, і ў кавярні ў Мантэвідэа альбо ў Ванкувэры.
І менавіта з сукупнасьці нашых індывідуальных адказаў на гэтае пытаньне, з нашых асабістых Беларусяў і складаецца нашая Беларусь агульная. Роднай мовы, культуры і гісторыі, самарэалізацыі, дабрабыту, дасягненьняў, чалавечнасьці альбо, наадварот, нацыянальнага самазабыцьця, агрэсіі, нэндзы й нявызначанасьці — у нашай Беларусі роўна столькі, колькі ёсьць у нас самых.
Ну дык што, зробім яе яшчэ крышачку лепшай? Яшчэ больш беларускай?
Валера Руселік, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org