5 красавіка ў 19.00 кампанія “Будзьма беларусамі!” і Саюз беларускіх пісьменнікаў запрашаюць у прастору “Кніжная шафа” на аўтограф-сесію Міхаіла Валодзіна, аўтара кнігі “Наш стары добры Вавілон. Прагулка па горадзе ў Мінскіх гісторыйках”.
“Наш стары добры Вавілон. Прагулка па горадзе ў Мінскіх гісторыйках” — гэта ўнікальная кніга. Міхаілу Валодзіну ўдалося аб’яднаць пад адной вокладкай зборнік гарадскіх апавяданняў, міфалагічны і незвычайны падарожны даведнікі па горадзе. Дзякуючы таму, што “Мінскія гісторыйкі” (так аўтар называе свае кароткія апавяданні) месцяцца ўздоўж аднаго з самых папулярных гарадскіх маршрутаў і суправаджаюцца мапай, чытачы змогуць здзейсніць самастойныя прагулкі. І не на самоце, а ў кампаніі Дастаеўскага і Талстога, Купалы і Коласа, Мальера і Вальтэра, Кацярыны I і Пятра Вялікага, Пушкіна, Александроўскай, Фідэля Кастра ды іншых вядомых гасцей і жыхароў горада.
Міхаіл Валодзін – чалавек цікавага лёсу. Пакуль жыў у Мінску, выпускаў газету на англійскай мове, калі пераехаў у ЗША, пачаў выдаваць літаратурны часопіс – натуральна, на рускай. Са сваімі песнямі аб’ездзіў увесь Савецкі Саюз, але сцэну, па яго ўласных словах, баіцца і не любіць. Пісаў сцэнары да дакументальных фільмаў і рэкламных ролікаў, працаваў на тэлебачанні і ў перыёдыцы, але ніколі не займаўся журналістыкай як справай свайго жыцця. Пабываў у паўсотні краін свету, у некаторых жыў і падоўгу, але заўсёды вяртаўся ў Мінск. Пра які ён напісаў кнігу “Наш стары добры Вавілон. Прагулка па горадзе ў Мінскіх гісторыйках”, якая стала бэстсэлерам.
Беларуска-нямецкае выданне “Мінскіх гісторыек” было падрыхтавана кампаніяй “Будзьма беларусамі!” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў і пабачыла свет у серыі “Кнігарня пісьменніка”.
Чакаем вас па адрасе: ст. м. Грушаўка, пр. Дзяржынскага, 9 (уваход са двара)
Прыходзьце!