Айчына як рэлігія. Чаму варта павучыцца ў літоўцаў?

Пад шум лопасцяў амерыканскіх верталётаў, стрэлы на вуліцах Тэгерана, чарговыя выбухі на Львоўшчыне, сярод усёй гэтай цемрадзі зусім незаўважна для шырокага свету ў Літве ў чарговы раз запальваецца агонь. Агонь памяці Дня абаронцаў свабоды — 13 студзеня.

Гэтую дату можна было б назваць Днём абаронцаў Літвы. Бо «Літва» і «свабода» — для нашых суседзяў паняцці, бадай, раўназначныя. Не будзе свабоды — не будзе Літвы. Не будзе Літвы... Навошта ўсё навокал, калі там не будзе Літвы?

Нагадаю, што 13 студзеня 1991 года тысячы літоўцаў заблакавалі ключавыя стратэгічныя аб’екты ў Вільні — паралізавалі імперскага монстра, які не спяшаўся адпускаць сваю ўлюбёную вотчыну — «Прибалтику».

Pieršaja barykada la VS LitSSR z budaŭničaj armatury
Першая барыкада ля ВС ЛітССР з будаўнічай арматуры. Фота Яўгена Красуліна, «Новы час»

У тую крывавую ноч загінула 14 чалавек. Каб не рашучасць літоўцаў — загінула б нашмат болей. Яшчэ ў разы болей трапіла б у турмы і лагеры. Справу трэба даводзіць да канца. Вера і ўпартасць перамаглі.

Cyrymonija pachavannia achviaraŭ 13 studzienia, Vilnia, 1991 hod
Цырымонія пахавання ахвяраў 13 студзеня, Вільня, 1991 год. Фота з Вікіпедыі

Пра тыя падзеі год таму мы рабілі відэа разам з Мікітам Мелказёравым. 

Паглядзіце, бо гэта матэрыял, які беларусам варта ведаць на памяць. Наш, беларускі, экзамен па прадмеце — яшчэ наперадзе. Дакладней, ягоная чарговая пераздача.

«Мы ў сваім доме, і мы нікуды не саступім»

Важныя словы з гэтай нагоды сказаў Вітаўтас Ландсбергіс, першы кіраўнік адноўленай Літоўскай дзяржавы. Вось фрагмент:

«Давайце бараніць ісціну. Гэта зараз галоўны фронт. Бо, як сказана ў Святым Пісанні, ісціна зробіць вас свабоднымі. (...) Літва — наша ісціна. Хлусня рана ці позна руйнуецца, і зараз будзе таксама. Яшчэ адна імперыя хлусні абрынецца, як бы яна ні раздзьмувалася і ні пагражала тым, хто, нібыта, меншы. Давайце не будзем сябе адчуваць меншымі. Мы на сваім месцы, у сваім доме, і мы нікуды не саступім».

Чаму гэтыя словы важныя? Бо ісціна знаходзіцца не недзе-там за акіянам, не ў Бруселі ці Вашынгтоне, не ў Маскве ці Пекіне. Ісціна — вось тут. У Літве. Ісціна і ёсць Літва. Яна пад нагамі, у паветры, вакол цябе. Словы, ад якіх на першы погляд вее біблійнымі абстракцыямі, насамрэч вельмі прадметныя.

Гэта пра грунт, на якім усё стаіць. Тыя самыя «тры чарапахі». Пра тутэйшасць. Пра простыя рэчы. Пра тую зямлю, якая «пад нагой дрыжыць».
Здаецца, падобнае адчуванне патрыятызму і — адначасна — светаўспрыманне — вельмі блізкія нам, беларусам.

Хто мы? Дразафілы. А Літва будзе заўжды

Падумайце, колькі разоў, прамаўляючы «Жыве Беларусь!» мы сумняемся з адказам. А ці сапраўды «жыве вечна?» Ці наогул «жыве»? Ці Беларусь?.. А літоўцы чамусьці не сумняюцца ў сваёй ісціне. Ёсць у іх нейкая спакойная ўпэўненасць у сабе, без гучных пракламацый і крыку на ўвесь свет. Людзі лясной паласы не гаваркія. Але ўпартыя.

А яшчэ, як мне падаецца, гэта бачанне сябе ў часе. Бо тая ісціна, якой для літоўцаў ёсць іхная Айчына, пазачасовая. Хто мы? Дразафілы (як казаў Андрэй Серада). Сёння ёсць, заўтра няма. А Літва — будзе заўжды. Яна вечная. Спрачацца ніякага сэнсу няма, бо той, хто напіша тоўсты том, аспрэчваючы гэтую ісціну — таксама дразафіл. Заўтра яго не будзе. А лес навокал шумецьме надалей.

Паўтаруся, ментальна яно нам блізкае. Адгукаецца. Тое, што можа падацца скрайняй формай нацыянальнага эгаізму, «хутаранствам» — насамрэч ключык да саміх сябе. Вакцына ад нацыянальных комплексаў. Бо мерка ўсіх рэчаў, ісціна ў апошняй інстанцыі — твая Айчына. Нават «закаваная лютым холадам». Бо холад не вечны, а ўсяго толькі — каляндарная з’ява.

Алесь Кіркевіч, Budzma.org