Вольга Бабурына, у творчым асяродку вядомая як Palunisа — беларуская мастачка, якая ўжо шмат год займаецца выцінанкай. Мае званне народнага майстра, таксама — яна загадчыца секцыі выцінанкі ў Беларускім саюзе майстроў народнай творчасці. Вольга амаль увесь час арганізуе праекты, звязаныя з выцінанкамі, а ў 2021 годзе адчыніла музей выцінанкі ў вёсцы Лоск Валожынскага раёна.
Мы паразмаўлялі з Вольгай пра яе цяперашнія праекты, крыніцы натхнення, а таксама — адкуль браць энергію беларусам і якой творчасцю займацца ў складаныя часы.
— Вольга, як вы зараз пачуваецеся?
— Псіхаэмацыйна ў Беларусі зараз складана, не заўсёды хапае псіхалагічных рэсурсаў. Дазірую чытанне навінаў, але ўсё роўна вось гэтая атмасфера цяжкая адчуваецца. Асабліва на перыферыі — стала значна меней актыўных і дзейсных людзей. А тыя, хто застаўся — гэтую дзейнасць таксама весці не могуць.
Манекен «Смарагдавыя ваўчыцы», фота Наталлі Каледа
Але пры гэтым я дакладна не асуджаю тых, хто з’язджае. Не ўсе могуць існаваць у такіх умовах. Да ўсяго, ёсць рэчы, якія зараз складана рабіць тут, але іх трэба рабіць, і яны добра робяцца «там». Тым болей, зараз шмат тэхнічных магчымасцяў, новых формаў стасункаў.
— Рэальнасць няпростая, так, і трэба яе неяк перажыць з мінімальнымі стратамі. Але вельмі хораша, што ў вас ёсць рэсурс штосьці рабіць. Чым вы зараз натхняецеся?
— Рух жыцця для мяне складаецца з дзвюх галоўных плыняў. Першая — ўнутраныя рэсурсы, тое, што просіць рэалізацыі. Другая — мэта, існая наперадзе перспектыва. І вось у спалучэнні гэтай энергіі, якая просіцца выйсці, і мэты, якую я бачу наперадзе — выходзіць імпульс з сярэдзіны, адбываецца дынамічная плынь і нараджаюцца праекты.
Зараз і ўнутраны імпульс нікуды не дзяецца, і абставіны знешнія ёсць, якія падтрымліваюць, але канчатковую мэту паставіць, пабачыць перспектыву — вось з гэтым зараз праблемы.
Пры гэтым разумею, што балота — такая экасістэма, якая робіць на будучыню вельмі пладаносную плынь. Калі пра гэта думаць — цяперашні стан трошкі па-іншаму ўспрымаецца — як перспектыва.
— І нават у такім стане вы ўсё роўна працягваеце ствараць. Якімі праектамі вы зараз займаецеся?
— Так, бо інакш не магу. І, канечне, мае ўнутраныя рэсурсы моцна звязаныя з выцінанкай, яна заўсёды «падае» мне руку і дапамагае справіцца з цяжкасцямі.
Адзін з маіх галоўных праектаў — музей выцінанкі, які я адкрыла ў 2021 годзе. Хату купляла, каб жыць, але калі закруціўся віхур падзеяў — захацелася зачапіцца каранямі за зямлю і, я, насуперак усяму, адкрыла музей. Сюды можна прыехаць, паглядзець на мастацтва, пажыць, пазнаёміцца з аднадумцамі.
Фота Наталлі Каледа
Фота Наталлі Каледа
У тым годзе я праводзіла ў музеі пленэр, але цяпер складана планаваць штосьці далей, чым на тыдзень. Таму гэтым летам тут хутчэй будуць проста майстар-класы. Ёсць ідэі і на восень — праводзіць тэатральныя кастрычніцкія сустрэчы і ладзіць ценявы тэатр, бо выцінанка цесна з ім звязаная. Да ўсяго, маю такі вопыт — рабілі з дачкой тэатрык па творы У. Караткевіча «Вужыны цар».
Канечне, на ўтрыманне музея патрэбныя сродкі — хату трэба даглядаць і рамантаваць. Зараз трэба папраўляць страху, якую яшчэ мінулым летам пашкодзіў град.
Два дрэвы
Але сродкі патрэбныя на ўсе праекты.
Прыкладам, год таму я выпусціла два нумары анлайн-альманаха пра выцінанку. Яго галоўныя ідэі — аб’яднаць майстроў, распавесці пра аўтарскія правы, адукацыйныя праекты. Цяпер маю вялікае жаданне працягваць рабіць выданне, але, на жаль, пакуль не маю рэсурсаў. Але задуму не пакідаю — лічу такі штомесячнік вельмі актуальным.
Таксама напачатку года пачала рабіць калекцыю па цудоўных фатаздымках Паўла Ганчара з мінулага пленэру, які ладзіла ў сваім музеі выцінанкі. Хочацца працягнуць і экалагічную тэму, якой займалася ў 2019 годзе — зрабіць серыю выцінанак з макулатуры.
Лясныя здані
Увогуле ў выцінанкі шмат кірункаў, мажлівасцяў і перспектыў.
— Калі кажаце пра сябе, пра выцінанку, пра працэс стварэння, то ўвесь час ужываеце словы «энергія», «натхненне», «плынь». Калі разглядаць гэты від мастацтва як інструмент для акумуляцыі энергіі — ці ёсць нейкі разнавіднасці сюжэтаў для складаных часоў? Якія б выцінанкі вы параілі зараз выразаць беларусам?
— Так, сама па сабе выцінанка здаўна мела і сакральную функцыю. Напрыклад, тое ж упрыгожанне іконаў — гэта не проста ўзор, як для фіранак на вакне, гэта ўжо асаблівае стаўленне. Таксама выразалі разеткі на сценкі, каб дзіця добра спала, ці калі чалавек хварэў — для здароўя. На труну таксама рабіліся адмысловыя «зубы».
Пару год таму мне выпадкова патрапілася відэа пра эксперымент з крывёй у адным з амерыканскіх універсітэтаў. На кроў уздзейнічалі дынамічным рытмам і акустычнымі шчаўчкамі. І вось ад гэтай музыкі кветкі крыві пачалі выбудоўвацца ў геаметрычную структуру, утвараючы ўзоры, вельмі падобныя да бабуліных тканых посцілак. Я была моцна ўражана.
Але так і ёсць — праз ткацтва, вышыўку жанчына далучалася да родавых генетычных структур, да досведу продкаў, зашыфраванага ў традыцыйным мастацтве. І ўсе гэтыя архаічныя ўзоры — дзірачкі, кружочкі, прамакутнікі — можна і выразаць, пераносячы генетычную базу з ткацтва ў выцінанку.
Жанчыны майго роду
Таксама, вяртаючыся да эксперыменту з крывёй, я зразумела, наколькі важная мова. Любая мова, дыялект — мае свае асалівасці маўлення і вібрацыі. І яна цалкам уплывае на структуру нашай крыві.
Я і Душа мая
Адсюль і галоўнае пажаданне чытачам — выразайце выцінанку і гаварыце на роднай мове, альбо проста слухайце яе. Увогуле народная творчасць — вялікая крыніца сілы. Зараз любое далучэнне да традыцыйнага мастацтва будзе даваць моцную ўнутраную падтрымку, бо так мы абапіраемся на нашых продкаў.
Калі вы хочаце дапамагчы Вользе Бабурынай з яе праектамі ці набыць у яе выцінанкі, вы можаце звязацца з ёй па пошце vitcinanca@gmail.com альбо Instagram @palunisa.
Выцінанка — ажурны ўзор, выразаны з паперы, від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Як тэхналогія выкарыстоўваецца на Беларусі з IX–XII стст. У XVI–XVII стст. збольшага ўжывалася ў якасці ахоўных кустодзіяў — ажурныя выразкі падкладаліся пад сургучовую пячатку на граматах ВКЛ. Найбольшы росквіт атрымала ў першай палове XX ст. як самастойны від побытавага ўпрыгожання. Характэрная асаблівасць беларускай выцінанкі — шматразовыя складванні. У Беларусі існуюць некалькі школаў выразання выцінанкі, адна з самых вядомых — Маладзечненская.
Аляксандра Дварэцкая, budzma.org