Альгерд Бахарэвіч: Распілуй і выкінь

“Raspilil i vybrosil”. Прамільгнула была ў вясёлыя дзевяностыя на беларускіх сцэнах такая банда (не пісаць жа “рок-гурт”, надта ўжо адраджэнскім ёгуртам патыхае). Музычку гралі так сабе, але назва, без сумневу, адна з самых удалых у гісторыі калі не ўсяго рок-н-ролу, дык панк-року дакладна. Распілаваў дый выкінуў — а як можна яшчэ выразней перадаць марнасць усяго існага, поўную ноўфьючу і безнадзейнасць чалавечае мітусні?

Але гэта панкі, ім сам пан бог сказаў гэтак на свет глядзець і са сцэны на нас папёрдываць. Іншая рэч, калі “распілуй і выкінь” робіцца дэвізам людзей, якія да панк-року дачынення не маюць, але на газ ціснуць так, што любая ноўфьюча застаецца далёка ззаду. Калі “распілуй і выкінь” робіцца філасофіяй. Або палітыкай.

Напрыклад, рэдакцыйнай.

***

На журналістаў, як на дурняў, крыўдаваць не прынята; пра незалежных журналістаў, як пра нябожчыкаў, можна толькі добра або яшчэ лепш. А мы і не крыўдуем, мы з усяе моцы намагаемся не замінаць ім і даруем, падстаўляючы чужыя левыя шчокі і іншыя месцы агульнага карыстання: так мы вучымся гэтай, як яе, — свабодзе. Толькі вось з чым мы яе пераблыталі?

Здаецца, шмат з чым, у тым ліку з панк-рокам, якога даўно ўжо няма, вымер, не вытрымаўшы канкурэнцыі з сучаснымі медыямі. Сапраўдны панк цяпер сядзіць там, а не ў гаражах і пад’ездах. Папісвае і пачытвае. Сяры там, дзе стаіш — гэта не Джоні Ротэн у сямідзясятых сказаў, гэта жыццёвы прынцып добрапрыстойнага спажыўца інфармацыі, выхаванага прафесійнымі журналістамі. Бо калі ўсё на свеце можна распілаваць і выкінуць — у сэнсе, напісаць і забыць, пакінуўшы іншым клопат пра ўтылізацыю сваёй скарыстанай тэмы, — дык якая розніца, пра што чытаеш.

Распілаваў і выкінуў — гэта тое, у што ператвараецца журналістыка, калі пачынае лічыць сябе самадастатковай настолькі, што нічога, апрача сябе самой, ёй ужо не патрэбна. Яна як маньяк, які прачынаецца раніцай з пякучым жаданнем  некага распілаваць, то бок расчляніць, — а далей можна проста рассаваць неяк атрыманае па пакетах, вынесці на сметнік і забыць. Тое, што распілаванае нядаўна было чалавекам, ужо нецікава. “Людзей неінцярэсных у мірэ нет”, як сказаў расейскі класік. Пакуль пра іх не напісала чыя-небудзь “Ніва”.

***

Розных гарачых лініяў цяпер існуе багата: для ахвяраў хатняга гвалту, для тых, хто едзе працаваць у замежным бардэлі, для наркаманаў, падлеткаў, ідыётаў, карупцыянераў, для тых, хто хоча сунуць галаву ў пятлю і ніяк не можа завязаць вузел. У ахвяраў журналіста з пілой выбар невялікі — судзіцца або сарамліва маўчаць. Чымсьці гэта нагадвае педафілію сярод святароў: пакуль ніхто не прызнаецца, яе нібыта і няма, калі нехта прамовіць уголас — выходзіць цудоўная тэма для жоўтай прэсы, і ахвяра думае: а каб мяне, лепш бы мне было трымаць язык за зубамі.

Зрэшты, пайсці ў беларускі суд наважыцца не кожны: няёмка. Быццам пагаджаешся з тысячамі іншых вынесеных імі прысудаў. І чамусьці неяк сорамна перад тым, хто цябе распілаваў і выкінуў. Перад аўтарам або рэдактарам сайту, газеты, часопіса… “Не чапай мяне, я незалежны журналіст”, — скажа аўтар, як рымлянін, горда бліснуўшы прышчамі, і падміргне рэдактару. — “Мне можна ўсё, бо я пілую і выкідваю распілаванае так, як хачу, і там, дзе лесапільню кантралюе дзяржава. Я за цябе ў турме сядзеў, галавешка ты дубовая”.

***

Мне, напэўна, пашанцавала: асаблівых нагодаў ратаваць блізкіх і родных ад небяспекі ў жыцці не было, цьху-цьху-цьху і цыньхуа, каб не сурочыць. Але аднойчы ўсё ж давялося. Небяспека была, як кажуць, рэальная: мне патэлефанавалі з адной незалежнай газеты і папрасілі пазнаёміць са сваякамі, каб газета магла ўзяць у іх інтэрв’ю. Пра што? А якая розніца. Газеце было цікава распілаваць іх (задаўшы пару пытанняў) і выкінуць (зняўшы з сябе адказнасць за наступствы).

А ўявіць сабе наступствы было лёгка: дзясятак ананімаў, верных чытачоў газеты, прыкладна тыдзень усяляк паліваў бы тых сваякоў брудам — і няважна, што б сваякі сказалі ў тым інтэрв’ю і чые б яны былі, мае ці чужыя: “фарумчанам” не трэба прычын, каб забіваць кагосьці, яны нішчаць проста так, без нагоды, бо не пісаць жа ў інтэрнэтах добрае — яшчэ чаго. А журналіст, кіруючыся дэвізам “распілуй і выкінь”, кідае ім мяса. Давай, забі, парві, грызі, наша газета абавязуецца пастаўляць табе яго на стол кожны дзень, мілы чытачу, у цябе поўная свабода, бо мы — еўрапейскае выданне і ніколі не дазволім тут у сябе цэнзуру. Што пачулі б ад “верных чытачоў” пра сябе мае сваякі, здагадацца было лёгка — і цвёрда адмовіцца ад прапановы паважнага выдання таксама няцяжка. Чым я ганаруся да сёння.

***

Не, гэта не значыць, што вакол адны паскуды і драпежнікі. Чалавек па натуры добры, яму трэба няшмат, ён хоча жэрці, спаць, трошкі грошай, трошкі любові, ад пачатку ён не хоча нікога ненавідзець. Злым яго робіць журналістыка, якой кожны дзень трэба некага распілаваць і выкінуць на арэну яшчэ цёпленькія кавалкі — на пажыву таму цёмнаму, што чалавек, пакрыты табу, як тату, імкнецца схаваць і ўтаймаваць. Журналістыцы трэба накарміць монстра. Інакш монстр не пакіне каментара і наагул пачне чытаць іншых.

Калі дзесьці ў свеце і існуюць рэзервуары нянавісці, дык іх запаўняюць у рэдакцыях газет. І штодзённа абнаўляюць, каб крыніца не перасохла. Напэўна, гэта ўласціва толькі беларускай журналістыцы, той, што існуе он-лайн: сярэдні “фарумчанін” тутбая, НН, “Саўбелкі”, “Архэ“ і г.д. — гэта дыягназ. Прыстойны чалавек на форумах не піша. У яго ў галаве свой форум, а да таго ж на скрайні выпадак ёсць фэйсбук, месца для пяціхвілінак нянавісці. Свой плявок на безабаронным чалавеку, які вінаваты ўсяго толькі ў тым, што газета чамусьці вырашыла накіраваць  на яго свой пражэктар, пакідае толькі хворая істота, якой сумна сам-насам з сабой. Ёй увесь час патрэбны шум. Фон. А тут такая нагода павесяліцца: слупок на сайце, які так лёгка зрабіць ганебным.

“Мы нікога не выхоўваем, мы люстра жыцця”, — апраўдваецца рэдактар і сам не падазрае, як ён у гэты момант нагадвае Дастаеўскага з ягоным “страшным люстэркам”, падораным яму Набокавым. У словах рэдактара хаваецца даволі грубы падман. Бо насамрэч прыём з люстэркам выглядае так: паглядзі, які ты цынічны, злосны і тупы, дарагі чытачу, кажа газета. Але ў нас і толькі ў нас ты маеш права быць такім — бо ты чалавек, халера на цябе. Ты саўдзельнік нашай цяжкай журналісцкай працы: мы пілуем і выкідваем — ты ловіш. Хіба не гэтага ты хацеў — людзьмі звацца, зарэгістраваны карыстальнік?

Чаму права галасаваць няма ў злачынцаў, дзяцей, вар’ятаў? А права гаварыць лухту і паклёпнічаць — ёсць у кожнага? Газета робіць нас роўнымі. Там, дзе роўнасці быць не можа.

***

Сэлінджар нікому не даваў інтэрв’ю. Набокаў у другой палове жыцця даваў толькі пісьмовыя адказы на пытанні журналістаў і патрабаваў, каб яны друкаваліся слова ў слова. Неахвотна дае інтэрв’ю Пялевін. Прыкладаў такіх літаратараў, якія рана ці позна разумеюць, што галоўная мэта ўвагі да іх з боку прэсы — распілаваць і выкінуць, у свеце нямала. У Беларусі няма іншага выйсця, як пагадзіцца на распілоўванне і не пераймацца наступствамі — бо інакш рызыкуеш застацца невядомым, нават для тых, каму збіраліся выкінуць твае парэзаныя косткі. Рынку няма,  заходнія правілы тут не працуюць.

А яшчэ цікава ўзяць для параўнання, напрыклад, савецкія газеты. Яны да журналістыкі рэдка мелі дачыненне. Затое дакладна ведалі, каго, за што, колькі разоў — і думалі пра тое, што каму за гэта будзе. Арганізоўвалі “лісты трудзяшчыхся”, цкаванне, “апошнія папярэджанні”, “выкрыццё” ворагаў і “грамадскае асуджэнне”. Яны наагул былі таго — “жудаснае спараджэнне таталітарызму”, як любяць пісаць гісторыкі, якія марылі ў дзяцінстве стаць журналістамі. Праўда, у іх было яшчэ адно істотнае адрозненне ад вольных медыяў. Яны не прыкрываліся свабодай, каб накарміць свайго монстра.

***

Не дай сябе распілаваць і выкінуць не дай. Так, хай сабе і ў вершаванай форме, мусіў бы гучаць запавет нашчадкам, якім, хто ведае, некалі давядзецца трапіць у газету. Ад яе нельга заракацца, як ад сумы, турмы і беларускай літаратуры. Хаця… Ты тут бяссільны. Хай журналісты пілуюць чалавека і далей — хоць даведаюцца, што ў таго ўнутры. А там шмат цікавага: горыч, радасць, каханні, страхі, мікрасхемы прыватных гісторый — вантробы, на якія журналісту, як правіла, напляваць. У яго заданне. Якая розніца, па чым пілой вадзіць — усё адно ж заўтра выкідаць. Чытачы — яны разбяруцца. Можа, яшчэ і ў жывых пакінуць — тое, што застанецца.

Я дык не пераймаюся. З часам у мяне да журналістаў выпрацаваўся імунітэт. То бок, у перакладзе з лаціны, вызваленне ад чагосьці. Пілуй — не пілуй, як кажуць, усё адно… Свабода нематы супраць свабоды слова. А вось выпадковых ахвяраў шкада. Даверацца газеце, потым азнаёмяцца з меркаваннямі чытачоў — і памруць па дарозе ў шпіталь. А журналіст і не заўважыць. Не ягоная кампетэнцыя. Прынамсі, да пілы і адкідаў такія выпадкі дачынення не маюць. І ніхто нікому не здолее давесці, што гэта не так. Ніхто і нікому наагул нічога не здольны давесці. А калі давядзе раптам — такой бяды. Распілуй і выкінь.

Альгерд Бахарэвіч