Мястэчка Бачэйкава, што ў Бешанковіцкім раёне, вядома з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Праз гэтае старадаўняе паселішча працякае хуткаплынная рэчка Ула, якую мясцовыя людзі ласкава называюць Улянкай. Шмат гістарычных падзей адбылося на яе маляўнічых берагах. Калісьці тут знаходзіўся сядзібна-паркавы ансамбль, якім валодаў заможны род Цеханавецкіх. 10 ліпеня 1812 года ў палацы Цеханавецкіх адпачываў французскі імператар Напалеон Банапарт, калі яго войскі ішлі на Маскву.
Вогненнае ліхалецце знішчыла колішнюю сядзібу, засталіся толькі зарослыя сажалкі ды старыя дрэвы. Цяпер самы прыкметны будынак у Бачэйкаве – сярэдняя школа, пабудаваная ў канцы мінулага стагоддзя, дзе навучаюцца больш за сто дзяцей, а ўсе прадметы ім выкладаюць на роднай мове.
У сярэдзіне сакавіка ў Бачэйкаўскую школу ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” завітаў Уладзімір Ягоўдзік. Вучні рыхтаваліся да спаткання з пісьменнікам, прачыталі яго апавяданні, наладзілі выстаўку кніг. У актавай зале, дзе адбылася сустрэча, прысутнічалі дзеці малодшых класаў, а таксама старшакласнікі. Яны дэкламавалі вершы беларускіх паэтаў, успаміналі цікавыя прымаўкі і прыказкі, адгадвалі народныя загадкі. Пераможцы конкурсаў атрымалі ў падарунак паштоўкі і закладкі з выявамі славутых беларусаў, экалагічныя плакаты.
Уладзімір Ягоўдзік расказаў юным сябрам паданне, што французкі імператар, калі перапраўляўся цераз Улянку, ледзь не патануў, бо пад карэтай зламаўся драўляны мост. Напалеон уратаваўся, але ў рачны вір зваліўся куфар залатых манет, прызначаных для аплаты жаўнерам. Французы спрабавалі знайсці згублены скарб, але не змаглі, бо вір аказаўся вельмі глыбокі. Так і застаўся ён ляжаць на дне, занесены пяском.
Бачэйкаўскія школьнікі паабяцалі пісьменніку знайсці імператарскае золата і частку скарба аддаць на выданне новых беларускіх кніжак.
Давайце пажадаем ім удачы!
Тэгі: Бешанковічы