Гурт «Балцкі Субстрат» 18 кастрычніка 2015 года ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!» завітаў у Камаі — мястэчка на Віцебшчыне, дзе ў першай палове ХХ стагоддзя працавала вельмі важная асоба для гісторыі Беларусі, літаратуры Беларусі і гісторыі Касцёла ў Беларусі — святар Канстанцін Стаповіч, праз творчасць сваю вядомы як Казімір Сваяк.
У гэты дзень у камайскім касцёле было некалькі радасных падзей: асвячэнне адноўленых фрэсак больш чым чатырохсотгадовай святыні, сакрамэнт канфірмацыі, а таксама сустрэча кола інтэлігенцыі, якое займаецца пашырэннем ведаў пра святара і паэта пачатку ХХ стагоддзя Канстанціна Стаповіча.
Гурт «Балцкі Субстрат» адказваў за літаратурна-музычную аздобу сустрэчы і бавіў сваімі спевамі, а таксама праводзіў адмысловую віктарыну па творчасці святара-адраджэнца на прызы ад кампаніі «Будзьма беларусамі!».
Пад гарэнне свечак, што ў старых падсвечніках на плябаніі ксяндза Яцэка Хутмана ўпрыгожвалі стол утульнай залі, прысутныя слухалі, прыслухоўваліся, адказвалі на пытанні віктарыны.
«Балцкі Субстрат» прадставіў публіцы спеў на словы Сваяка «Багаслаўлёны» (музыку да якога напісаў брат паэта Альбін Стаповіч), кампазіцыі на словы іншых беларускіх паэтаў, песню, запісаную ад маці пісьменніка Максіма Гарэцкага і — ужо падчас правядзення віктарыны пра жыццё і творчасць Казіміра Сваяка — урывак з песні на верш маладога Кастуся Стаповіча «Да сястры маёй Разалькі».
Ды не толькі спевамі ды музыкай паспелі пабавіць, але і кінулі ў задумёнасць, асабліва вершам пра Жодзішскі звон, які быў вывезены з-за беларускамоўных казанняў, што паступова пачыналі гучаць, дзякуючы такім святарам-адраджэнцам як Казімір Сваяк, Адам Станкевіч, Вінцук Гадлеўскі і іншым з кагорты нацыянальна свядомага духавенства пачатку ХХ стагоддзя…
«…Звон з званіцы званіў, на ўвесь свет галасіў
Аб нядолі і крыўдзе балючай;
І збудзіў русняка — і збудзіў бедака —
Да жыцця і да працы кіпучай»
Аксана Ючкавіч
Тэгі: Камаі