Барыс Пятровіч: «Беларускай літаратуры не хапае аптымізму»

Нячаста выпадае шанс паразмаўляць з такім знакавым чалавекам у сучаснай беларускай культуры, як Барыс Пятровіч, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў. У Віцебску, на арт-базе Vitebsk4.me, ён прэзентаваў сваю новую кнігу – аповесць «Спачатку была цемра». І шчыра пагадзіўся падзяліцца меркаваннем наконт сённяшняга стану айчыннай літаратуры.

– Спадар Барыс, спачатку пытанне агульнага плану. Спачатку была цемра, а за цемрай – што?

– Для кожнага чалавека спачатку была цемра… Усе мы з’яўляемся з цемры, але і… сыходзім у цемру. І гэты час паміж цемрай і цемрай і ёсць уласна жыццё. Бывае, што нехта памірае ў маладыя гады – ці ў аварыі, ці ад хваробаў… А некаторыя, трапіўшы ў цемру, потым з яе вынырваюць… Герою маёй кнігі ўдалося працягнуць жыццё. Ён не памятае ні свайго імя, ні свайго мінулага – нічога. Пры гэтым захавалася памяць пра некаторыя падзеі. Гэта значыць, што ён ужо быў тут, але дзе быў, з кім, як – невядома. Яму трэба яшчэ да гэтага дайсці, згадаць. Тую цемру, якая стаіць перад ягоным мінулым, яму трэба разбурыць. Пра гэта кніга. Там ёсць словы важныя для мяне: мы жывём, пакуль святло ўнутры нас перамагае цемру. І дзеля таго – каб перамагаць цемру, якая вакол нас.

– Вы перажылі савецкія часы, дзе была цемра, быў жалезны заслон… І зараз трапілі ў новы варыянт цемры. Ці не знік вось гэты рацыянальны аптымізм, рацыянальная мудрасць пра тое, што калі-небудзь прыйдзе святло да нас?

– Для мяне тая, скажам так, савецкая цемра стала своеасаблівым урокам. І калі зноў надыйшлі змрочныя часы, на           Беларусь вярнулася цемра, ці часовае пацяменне, і перадамной паўстаў выбар, то мне не захацелася вяртацца ў мінулае, а было відавочна, што ў нечым, прынамсі ў ідэалогіі,  вяртаюцца савецкія часы… Таму я не застаўся працаваць у дзяржаўным выданні, а вырашыў, што трэба ствараць нейкую альтэрнатыву яму. Так з’явіўся часопіс «Дзеяслоў». Гэта для мяне асабіста была спроба выйсці з той цемры, знайсці ды адчыніць іншыя дзверы… Не толькі для сябе, але і для іншых – для чытачоў, для пісьменнікаў.

У кожнага з нас заўсёды ёсць магчымасць выбару. І якая б цемра ні была, усё роўна недзе побач існуюць дзверы, якія могуць нас вывесці ў зусім іншае жыццё. Больш свабоднае, хай, можа, і больш цяжкае. Для кожнага асабіста. І для грамадства. Калі казаць пра перспектыву, пра нейкую будучыню… То зноў жа, згадаю 80-я гады мінулага стагоддзя,  калі мы, “нефармальная моладзь”, нібыта збіраліся змагацца за незалежную Беларусь, – мы казалі: няма вечных імперый. Усе імперыі ў рэшце рэшт развальваліся. Так было з Рымскай імперыяй, з Асманскай… Разваліцца і савецкая, і трэба быць да гэтага гатовымі… Тое ж можна сказаць пра цемру, дыктатуру – няма нічога вечнага. Усяму некалі прыходзіць канец. І нам трэба быць да гэтага гатовымі… Мой дэвіз з адной са “Фрэсак”: не чакаць, а быць гатовым… Не чакаць пераменаў, а штосьці рабіць дзеля таго, каб наблізіць іх. І, вядома, быць гатовым да пераменаў, якія непазьбежна прыйдуць.

Многія кажуць, што беларусы ў 90-я гады не былі гатовыя да незалежнасці, і таму мы маем сёння тое, што маем. Можна пагаджацца з гэтым ці не, можна аспрэчваць, але заўсёды ёсць шанец, як у  кожнага чалавека, так і ў кожнага народа. І важна гэты шанец скарыстаць. Каб сапраўды не трапіць з цемры ў цемру. Каб зрабіць жыццё такім, якім хочацца, а не такім, якое навязвае нехта.

– Які шлях абірае ў такой сітуацыі Саюз беларускіх пісьменнікаў?

– Мы не спадзяемся, што нехта прыйдзе і нешта зробіць за нас, не чакаем, што нехта прыйдзе і дапаможа. Мы цяпер жывем у такой сітуацыі, калі варта спадзявацца толькі на саміх сябе, а не на кагосьці. І кіраўніцтву Саюза, і пісьменнікам. Мы вымушаныя былі навучыцца жыць ва ўмовах, калі  дзяржава не дапамагае, а наадварот стварае нейкія перашкоды. Згадаем хоць бы “чорныя спісы”, забароны пісьменнікам з тых спісаў выступаць у школах, бібліятэках, праблемы ў публікацыі твораў, кніг… Хочацца верыць, што ўмовы, у якія мы сёння фактычна вы-жы-ва-ем, захоўваем арганізацыю, некалі скончацца і прыйдзе час, калі мы будзем жыць так, як жывуць еўрапейцы. Бо незалежна ад таго, гэта Польшча ці Францыя, дзяржава перш за ўсё арыентуецца на сваю родную культуру, мову, літаратуру. І яна прапагандуе іх у свеце і развівае ў сваёй краіне. У нас, на жаль, гэтага сёння няма.

Ва ўсе часы былі літаратары, якія казалі дзяржаве праўду ў вочы. Пра існуючы лад, пра жыццё простых людзей. Каб улады задумаліся, ці правільна тое, што яны робяць. І каб, можа быць, прыслухаліся да пісьменнікаў. Але каб за крытыку не ганілі і не пераследавалі іх, а паважалі, каб разумелі і аддавалі належнае людзям, якія кажуць ім праўду. Нікому, канешне ж, праўда не падабаецца, але без праўды не можа існаваць ніякое грамадства. І вельмі важна, што знаходзяцца людзі, якія могуць крытычна мысліць і падказаць, што трэба зрабіць у той ці іншай сітуацыі ці сказаць пра памылкі. Дзяржава можа прыслухацца ці не прыслухацца – гэта іншая справа. Але яна не павінна караць ці пераследаваць за тое, што нехта думае іначай і бачыць глыбей і далей… А таму наш шлях – шлях праўды, якім бы цяжкім ён ні быў.

– Але ж, магчыма, гэта добра, што культура, літаратура вымушаны аказваць супраціўленне, пісьменнікі мусяць жыць, развівацца, рухацца, а не проста стаць паўсоннымі істотамі. Неагучаная цэнзура, стварэнне яшчэ аднаго саюза пісьменнікаў… На сёння беларуская літаратура ўзнялася на новы інтэлектуальны ўзровень. Мы не можам сказаць, што вясковасць канчаткова знікла, але яна перасэнсавалася. Ёсць паэты, празаікі, нават драматургі і крытыкі, якія могуць прадстаўляць Беларусь на еўрапейскім, сусветным узроўні…

– Відавочна, што без дзяржаўнай падтрымкі, без папулярызацыі з боку дзяржавы наша літаратура не дасягне таго ўзроўню, які магла б дасягнуць. Паглядзіце, Інстытут Польскі рэкламуе польскую культуру і літаратуру, нямецкая дзяржава праз Інстытут Гётэ – нямецкую культуру і літаратуру… У кожнай дзяржаве ёсць структура, якая займаецца прапагандай сваёй культуры, літаратуры, мовы… У нас такой няма. І тым не менш беларуская літаратура становіцца ўсё больш шырока вядомай па-за нашымі межамі. У Польшчы, Германіі, Англіі, Украіне, Швецыі, Фінляндыі… перакладаюцца і выдаюцца кніжкі беларускіх літаратараў. І не проста выдаюцца, яны чытаюцца, удзельнічаюць у прэміях і перамагаюць. Сёлета Святлана Алексіевіч стала ўладальнікам прэстыжных прэміяў нямецкіх кнігавыдаўцоў і французскіх медыя, летась – польскай прэміі «Ангелус», Уладзімір Някляеў – сёлета прэміі Фінскага Пэн-цэнтра, летась – шведскай прэміі Курта Тухольскага, пазалетась Уладзімір Арлоў стаў Еўрапейскім паэтам Свабоды…

Беларуская літаратура паступова ідзе ў свет, незалежна ад таго дапамагае ў гэтым дзяржава ці не. І становіцца папулярнай, незалежна ад таго, займаецца гэтым дзяржава ці не. Гэта сведчыць пра моц нашай літаратуры. І пра тое, што яна запатрабаваная, што яна адгукаецца на праблемы сучаснасці і цікавая не толькі беларусам… Падчас сустрэчаў з замежнымі літаратарамі, часам чую словы пра тое, што яны нам зайзросцяць, маўляў, добрая літаратура якраз і нараджаецца ў такой сітуацыі – крытычнай, крызіснай, ва ўмовах уціску, забаронаў… Можа, яно і так. Але мне хацелася б жыць у простай, звычайнай дзяржаве. Без уціску і забаронаў. Мне б не хацелася такога шчасця, пра якое гавораць замежныя літаратары. Хочацца ўжо простага нармальнага жыцця…

– Чаго, на ваш погляд, не стае зараз беларускай літаратуры – якіх жанраў, тэм, твораў? Пятро Васючэнка ў кнізе «Адлюстраванне першатвора» казаў пра тое, што літаратура здольная стварыць будучыню. Пра што і што трэба пісаць, каб стала лепш?

– Не хапае аптымізму. Веры ў будучыню… Не хапае літаратуры пра сучаснасць. Але таксама трэба і больш гістарычных твораў, бо яны заўсёды папулярныя і чытэльныя. Ва ўсіх народаў ёсць часы, якія не асветленыя ў літаратуры, а ў нас – тым больш. Для народа вельмі важна памятаць сваё мінулае, бо без яго няма будучыні… Няма непатрэбных жанраў, няма непатрэбных часоў у літаратуры. Трэба пісаць і пра сёння, і пра ўчора, і пра далёкую перспектыву…

Іншая справа, што, па вялікім рахунку, у сённяшняй сітуацыі, калі не стае беларускамоўных садкоў, калі амаль няма беларускамоўных школаў, калі няма зусім беларускамоўных вышэйшых навучальных установаў, – прастора для творцаў звужаецца, як бы там ні было. Звужаецца не толькі кола чытачоў – звужаецца колькасць патэнцыйных літаратараў. Таму, можа быць, з’яўляецца такое адчуванне, што нечага ў нас не стае. Але ў нас, у прынцыпе, ёсць усё. Проста, да прыкладу, у жанры, дзе павінна працаваць 100-200 чалавек, працуе 2-3… Хацелася б, каб беларуская літаратура расла колькасна, расла ўшырыню. Каб у нас з’яўляліся новыя цікавыя літаратары, для якіх не забароненыя ніякія тэмы, ніякія жанры. Пісаць можна пра ўсё, галоўнае, памятаеце, каб было не сумна…

Гэта адна з прычынаў, чаму мы стварылі пры Саюзе пісьменнікаў Школу маладых літаратараў. Яна працавала летась, працуе і сёлета. Цяпер наведвае яе дваццаць маладых літаратараў не толькі з Мінску — палова іх з розных рэгіёнаў краіны: з Магілёўшчыны, Гомельшчыны, Гарадзеншчыны… За імі будучыня. І нашая задача дапамагчы ім у першых кроках у літаратуру.

Алесь Замкоўскі, vitebsk4.me