Чаму мы гэтак чакаем сьнегу менавіта на Каляды й Новы Год? Мо таму, што спадзяемся, што нябесная бель хаця б на нейкі час схавае шэрань нашае суворае рэчаіснасьці й падорыць хаця б некалькі дзён сьвяточнага настрою? Альбо ўсё-ткі дзесьці глыбока ў душы яшчэ верым у цуды і спадзяемся на іх, бо, здавалася б, больш ані на што спадзявацца ўжо й не выпадае? У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік, седзячы пад каляднай ялінкай, тлумачыць, што трэба зрабіць, каб гэты Цуд насамрэч здарыўся.
Ужо каторы год ня маю аніякага асаблівага сьвяточнага настрою на Каляды й Новы Год. Ну, ведаеце, той самы ўрачысты і трапяткі настрой — яшчэ зь дзяцінства, калі ўсе думкі — адно пра гэтыя сьвяты, прыгажосьць і магію, ялінку, падарункі, Сьвятога Мікалая, сямейны стол.
Я гляджу на свайго сына і бачу ў ім гэты настрой. А сам... Ня ведаю, мо папросту даюцца ў знакі штодзённая мітусьня, праца, далёка не заўжды радасныя і сьвяточныя навіны, страты, няўпэўненасьць у заўтрашнім дні. Неяк не стае часу папросту спыніцца, паставіць усё на паўзу, выдыхнуць і папросту адчуць асалоду моманту.
Ну і хіба даецца ў знакі вось гэтае нашае дарослае разуменьне таго, што аніякае калядна-навагодняе магіі не хопіць, каб зьмяніць нашую рэчаіснасьць да лепшага. Сьвяты Мікалай, на жаль, ня спыніць вайну, не абрыне дыктатуру, ня верне тых, хто адышоў, не дадасьць здароўя і дабрабыту. Колькі ні цягні гэтую сьвяточную паўзу, заўтра-пасьлязаўтра жыцьцё возьме сваё — і давядзецца мусова вяртацца ў тую рэчаіснасьць, якая нікуды не падзелася.
Усталяваньне галоўнае яліны ў Менску. Фота realt.onliner.by
Зрэшты, ня ўсё гэтак змрочна. Надзея ёсьць. Надзея — на нас самых і на нашых блізкіх. Калісьці я патлумачыў свайму сыну, што насамрэч цуды — здараюцца, аднак толькі з тымі, хто ў іх верыць.
Уся нашая Беларусь, з усімі выпрабаваньнямі нашага нацыянальнага лёсу — ну што гэта, калі ня Цуд, праўда? Мы стопяццот разоў маглі і, як спадзяваліся нашыя нядобразычліўцы, мусілі зьнікнуць у віры Гісторыі.
А мы — усё яшчэ мы. Жывем тут і цяпер. І гадуем наступныя пакаленьні. Сапраўдны Цуд!

Калядны выступ навучэнцаў тэатральнай групы «Купалінка» (Варшава, сьнежань 2025 г.). Фота аўтара
І рэцэпт гэтага Цуду — таксама ж усім вядомы, праўда? Трымацца свайго, бараніць сваё. Быць неабыякавымі і салідарнымі. Самаразьвівацца. Ствараць і пашыраць жыцьцёвую прастору беларушчыны, дзе б мы ні былі.
Матэматыка простая.
Размаўляеш па-беларуску — вось яшчэ на аднаго беларускамоўнага беларуса больш.
Гадуеш свайго сына ці сваю дачку па-беларуску — вось яшчэ адзін шанец на тое, што Беларусь працягне жыць і ў наступным пакаленьні.
Напісаў альбо набыў беларускамоўную кніжку — вось яшчэ на адну кнігу мацнейшая нашая літаратура.
Зладзіў ці наведаў беларускі канцэрт, выставу, гурток — вось нашая культура яшчэ крыху пашырылася. І гэтак далей.
І ўся прыгажосьць і магія нашага Беларускага Цуду — у тым, што ён ствараецца не Сьвятым Мікалаем ды іншымі звышнатуральнымі сіламі. Ён ствараецца намі. Мною. Табою. Намі. І не адзін раз на год, а штодня, штохвіліну. І не каля сьвяточнае ялінкі, а ў якім-заўгодна куточку нашага (нашага!) сьвету.

Наш Цуд — у нашых руках! Валера Руселік з сынам Конанам. Фота аўтара
І вось як раз-ткі ўдзелу ў стварэньні Беларускага Цуду я зычу ўсім нам у гэтыя сьвяточныя дні. Менавіта ад нас з вамі, ад кожнага і кожнае з нас, залежыць, якой будзе нашая краіна й наш народ. Бо мы, кожны і кожная з нас, і ёсьць нашая краіна і наш народ. Дык няхай жа ж гэта будзе краіна цудоўных, шчасьлівых, свабодных, здаровых, адукаваных, заможных, самарэалізаваных і нацыянальна сьведамых беларусаў і беларусак! Творцаў і гаспадароў свайго лёсу!
Дык не адкладвайма гэтага Цуду на сьвятое ніколі! Стварайма нашую цудоўную Беларусь! Будзьма беларусамі!
Валера Руселік, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org