Cуму збору для маці Кацярыны Ваданосавай сабралі менш чым за трыдні


Сума збору на платформе фонду салідарнасці BySol, заяўленая для маці вядоўцы ютуб-канала «Будзьма беларусамі!» Кацярыны Ваданосавай, пакрыта за няпоўныя тры дні. Тры дні таму ў Нэлі Ваданосавай адбылося кровазліццё ў мозг, ёй зрабілі аперацыю, але жанчына так і не прыйшла ў свядомасць.

Kaciaryna i Neli Vadanosavy
Кацярына і Нэлі Ваданосавы. Фота: bysol.org

На раніцу 29 снежня ахвяравана 15.246 еўра з названых 15 тыс. Збор для Нэлі Ваданосавай быў адкрыты 26 снежня, на дадзены момант актуальны.

«Маю маці падключылі да апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх і да іншых сістэм забеспячэння жыццядзейнасці. Але мозг пашкоджаны незваротна, у нас застаўся толькі адзіны шлях. Я не ведаю, колькі ў мяне засталося часу. Можа, 5 хвілін, можа, 5 дзён, пакуль яе цела яшчэ прымае кісларод», — гаворыцца ў апісанні збору ад імя дачкі.

Нэлі Ваданосава чакала рашэння па міжнароднай абароне. Як выявілася, Ужонд па справах уцекачоў не ўнёс яе ў базу забяспечаных страхоўкай, і Кацярына не ведае, ці зможа дамагчыся яе забеспячэння. 

«Я патэлефанавала ў [медцэнтр «Петра медыка» ў Варшаве], які дапамагае уцекачам у чаканні міжнароднай абароны. Там сказалі, што Упраўленне па справах замежнікаў не ўнесла маю маму ў базу застрахаваных. <...> Паводле закону мая мама павінна быць забяспечаная, але з-за бюракратыі гэта аказалася але з-за бюракратыі гэта аказалася не так, — працягнула яна. — Я не ведаю, ці змагу дамагчыся яе забеспячэння. <...> Рахунак за аперацыю і іншыя медыцынскія маніпуляцыі — ад дзясяткаў да сотняў тысяч злотых. <...> І мне трэба рыхтавацца да развітання».

Калі частку або ўсе выдаткі на аказанне меддапамогі і арганізацыю пахавання атрымаецца пакрыць праз сістэму медыцынскага страхавання, нявыкарыстаныя грошы дачка мае намер перанакіраваць на іншыя дабрачынныя зборы.

«Я абяцаю, што, калі даб'юся забеспячэння ад ужонда, то не скарыстаюся ніводнай лішняй капейкай. Самае страшнае — не мець моцы паўплываць хоць на штосьці. І зразумець, што цудаў не бывае», — піша Кацярына Ваданосава.

Кацярына Ваданосава падзякавала ў сацсетках тым, хто адгукнуўся.

«Стан мамы не змяніўся. <...> Радыёлагічнае даследаванне паказала смерць мозгу», — дадала яна.

У верасні 2025 года Нэлі Ваданосаву збіраліся дэпартаваць з Польшчы ў Літву на падставе Дублінскага пагаднення. Але Варшаўскі адміністрацыйны суд прыпыніў выкананне пастановы, і жанчына засталася з сям’ёй у Беластоку.