Імя новых пераможцаў конкурсу прынёс 29-ы фестываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча”, што прайшоў ля мястэчка Гарадок на Беласточчыне. Галоўны прыз атрымаў гурт “SnopSnoǔ” з Мінска.
З 1992 года на “Басовішчы” ладзіцца конкурс, і першым пераможцам быў гурт “Крама”. З таго часу стаўленне да конкурсу неаднойчы змянялася, падала яго прэстыжнасць, знікала цікавасць, і нават быў перыяд, калі арганізатары ўвогуле адмаўляліся ад конкурснай часткі. На гэта ўплываў і пошук разумення таго, што цяпер ёсць “музыкай маладой Беларусі” і што прыходзіць на змену традыцыйнаму року. Сёлета ў конкурсе было толькі чатыры калектывы, галоўны прыз здолеў атрымаць гурт “SnopSnoǔ”. Калектыў існуе каля трох гадоў, даволі гучна ў публічнай прасторы заявіў пра сябе крэатыўным каверам на кампазіцыю з народнага альбома “Я, да жалю, не пан”. Два гады таму выйшаў дэбютны альбом “Танцпляц”. Перамогу на “Басовішчы” пакуль можна назваць самым вялікім поспехам.
У размове з пераможцамі “Басовішча-2018” удзельнічаюць два музыкі групы “SnopSnoǔ”, Сяргей Іваноў і Раман Жарабцоў.
— Фестываль набліжаецца да 30-годдзя, і вас можна назваць яго равеснікамі. Як даўно вы ведаеце пра “Басовішча”, ці сачылі за падзеямі, цікавіліся?
Раман: Для мяне “Басовішча” спачатку было чымсьці з газет, нечым зусім далёкім. Я і не думаў, што калі-небудзь траплю на яго. Летась мы былі першы раз, адразу ў якасці музыкаў, і адчувалі нешта кшталту “мы дакранаемся да легенды”!
Сяргей: Я ўпершыню пачуў пра “Басовішча”, калі мне было гадоў 11-12, я тады даведаўся, што на фестывалі перамаглі мае землякі з Бярозы, гурт :B:N:. А ў мяне заўсёды было такое адчуванне, што той, хто перамог на “Басовішчы”, — гэта суперзоркі, найвышэйшы ўзровень! Калі хлопцы з майго гарадка перамаглі, у мяне адразу ў сябе такая вера з’явілася, і мара — я таксама хачу! Памятаю, што і мой любімы ў свой час гурт “Таварыш Маўзэр” неяк перамог. Потым маладзейшыя гурты, якія мне падабаліся. То бок я сур’ёзна сачыў за “Басовішчам” і яшчэ падлеткам у сваім жыццёвым плане адзначыў такі пункцік — трапіць на гэты фестываль.
— Ці спраўдзіліся вашыя чаканні, што найбольш уразіла і запомнілася?
Р.: Мяне больш за ўсё ўразіла атмасфера, менавіта яднанне музыкаў і публікі, неверагодны настрой! Хоць там і тэрыторыя Польшчы, але гэта такая Беларусь, якую мы хочам бачыць і тут. Сапраўдная свабода, чыстае паветра, свята! І, канечне, шыкоўны гук, святло.
С.: Трэба асабліва адзначыць сцэну, бо для музыкаў гэта самае галоўнае. Там якаснае абсталяванне, цудоўны склад асістэнтаў, якія заўсёды могуць дапамагчы, падказаць. У нас у першы канцэртны дзень выйшла такая неспадзяванка з гітарай, на першых дзвюх песнях яна адсутнічала. Але з дапамогай каманды атрымалася абсалютна непрыкметна і без стратаў гэта перажыць. Мабыць, ніхто з гледачоў і не здагадаўся.
— На сёлетнім фестывалі “Басовішча” вы выступалі ў новым складзе, даўні бярозаўскі тандэм Сяргея Іванова і Рамана Еляневіча распаўся. Што здарылася?
С.: Раман Еляневіч літаральна месяц-два таму пакінуў калектыў. Скажам так, для яго гэта было пытаннем жыццёвых прыярытэтаў, і ён расставіў іх такім чынам. А яшчэ раней мы ўзмацнілі нашу рытм-секцыю, з’явіліся бубнач і бас-гітарыст. Якраз на мінулым “Басовішчы” нам падалося, што драм-машына на жывым фестывальным выступленні не вельмі “качае” публіку, і мы пашырылі склад, можна сказаць, наблізіліся да сапраўднага року. Цяпер у нас ёсць бубнач Ваня і басіст Максім, які сярод нас самы вопытны музыка, грае ў мностве мінскіх гуртоў. У яго вельмі класная падача і класная манера паводзіцца на сцэне.
Р.: Трэба сказаць, што сёлета сярод канкурсантаў і не было традыцыйных рокераў, усе гралі нешта своеасаблівае. Мне сапраўды спадабаліся ўсе канкурсанты. Гурт “SnopSnoǔ” у параўнанні з леташнім выступленнем здолеў паказаць прагрэс. Прычым мы рызыкавалі, гралі амаль увесь новы матэрыял, які дараблялі проста напярэдадні. Дзве песні ўвогуле ніхто не чуў да гэтага.
С.: Калі ў складзе з’явіўся бубнач, у мяне развязаліся рукі. Я цяпер, як сапраўдны фронтмэн, магу свабодна рухацца па сцэне, магу размаўляць з публікай, магу нарэшце глядзець у залу. Мабыць, і гэта таксама паўплывала на нашае паспяховае выступленне ў Гарадку.
— У параўнанні з трэкамі дэбютнага альбома “Танцпляц”, які меў канцэпцыю, агульны сюжэт і даволі выразнае электроннае гучанне, новыя песні мне падаюцца крыху больш цёплымі і больш хітовымі. Вы падыходзіце да новага альбома?
С.: Я якраз пра гэта думаў нядаўна — што змяняецца ў нашай музыцы, якім будзе новы альбом. Адначасова і больш гітарным і больш электронным, больш танцавальным і больш атмасферным. То бок гэта як добры сіквэл, усяго робіцца болей. Аб’ёмнае гукавое напаўненне, больш насычанае. І якраз дзякуючы гэтаму з’яўляецца адчуванне большай энергічнасці.
Р.: Я лічу, што ў нас быў вельмі добры першы альбом, але нам не хочацца паўтарацца. На першым альбоме была ў асноўным кампазітарская праца Сяргея, а новы матэрыял мы пішам ужо разам, і на рэпетыцыях джэмім, аб’ядноўваем нашыя ідэі, у нас ідзе калектыўная праца. Ваня да жывых барабанаў яшчэ дадае свой электронны прадакшн. Цяпер многія аб’ядноўваюць электроніку і гітары, і мы не выключэнне.
— Вы абодва добра валодаеце беларускай мовай. Ці гэта пытанне прынцыпу — спяваць па-беларуску? Дарэчы, у жыцці якая мова пераважае?
Р.: На жаль, у жыцці даводзіцца больш па-руску размаўляць. Я працую ў сферы IT-тэхналогій, асяроддзе ў асноўным рускамоўнае. А скончыў беларускамоўную гімназію, чытаў кнігі, цікавіўся музыкай, культурай. Тое, што наш гурт спявае па-беларуску, атрымалася само сабою, у нас і пытання такога не стаяла. Я ведаю, многія думаюць, што калі яны будуць спяваць па-беларуску, то не здолеюць стаць камерцыйна паспяховымі. Я скептычна стаўлюся да такіх меркаванняў, бо справа не ў мове. Маленькая Ісландыя, напрыклад, мае нямала папулярных гуртоў, некаторыя спяваюць па-ісландску, а “Sigur Ros” — увогуле на нейкай выдуманай мове. Галоўнае, каб песні былі класныя. З іншага боку, калі ты спяваеш па-беларуску, то зразумела, што ты беларус і песні беларускія.
С.: Я магу сказаць, што для мяне пытанне мовы часам бывае адчувальным і балючым, калі пра нас згадваюць толькі ў кантэксце таго, што мы беларускамоўны гурт. Не тое што мяне гэта абражае — але чапляе, бо хочацца, каб нас успрымалі перш за ўсё як добрых музыкаў. Калі мы раптам заспяваем па-англійску, па-іспанску ці па-руску — ад гэтага менш беларусамі мы не станем. Хаця я разумею, што беларусам на нацыянальным узроўні яшчэ ёсць што даказваць, і ад таго ідуць спробы надаваць такую ўвагу мове і той творчасці, што па-беларуску. Але музыка — яна сама па сабе мова, інтэрнацыянальная мова. Яна не патрабуе тэкставага разумення. І гэта дае больш свабоды.
У нашым гурце ўсё ідзе ад музыкі, а не ад тэксту. Не будзе тэкстаў — дык будзе проста інструментальная творчасць. Пакуль у нас не скончацца музычныя ідэі, мы будзем працаваць.
— Вы калі-небудзь думаеце пра тое, што ваш калектыў — частка менавіта беларускай культуры, што вы робіце свой унёсак у яе?
Р.: Не сказаць, што я сур’ёзна пра такое думаю. Але беларуская культура, наша гісторыя, нашы паэты патрабуюць і вывучэння, і папулярызацыі. Многа гадоў гэта хавалася і забаранялася, нам даводзіцца ўсё адкрываць для сябе. Вось як мяне зацікавіў нядаўні праект “(Не)расстраляная паэзія”. Я насамрэч не чуў пра гэтых паэтаў, а яны вартыя ўвагі, бо гэта цікавыя асобы, цікавыя вершы. Ці як мы ў дарослым узросце пасля школьнай праграмы са здзіўленнем пачынаем наноў адкрываць Купалу і Коласа. Усё даводзіцца капаць самому. Я не назаву сябе вялікім знаўцам беларускай культуры, але вялікая павага да яе, несумненна, ёсць. І ўсё гэта для мяне як стымул для творчасці, як прыклад. Калі казаць пра наш гурт, то, можа, мы здольныя паказаць, што краіна, якую называюць “апошняй дыктатурай Еўропы”, мае і актуальную цікавую музыку, не горшую, чым у англічан ці немцаў. Спадзяюся, што калі-небудзь які беларус будзе расказваць іншаземцам пра нашу краіну — і пакажа ім песні “SnopSnoǔ”. Маўляў, глядзіце, якая ў нас крутая музыка ёсць!
— Акрамя мовы, на вашу думку, чым яшчэ вызначаецца беларуская музыка?
Р.: Я чуў меркаванне, што ўся беларуская музыка досыць песімістычная, меланхалічная, тужлівая. Нешта ў гэтым меркаванні ёсць (смяецца). У музыцы “SnopSnoǔ” моманты меланхоліі можна адчуць таксама.
— Вы разумееце, што з такой творчасцю, з такім падыходам ваш гурт наўрад ці стане масава папулярным, а вы самі, магчыма, ніколі не зможаце зарабляць на жыццё менавіта музыкай? У гурце ж усе музыкі працуюць у іншых сферах?
С.: Гады тры таму ў мяне з’явілася такое адчуванне. Але для сябе я вырашыў: як бы ні здарылася, музыкай буду займацца заўсёды. Я перакладчык з кітайскай, працую па прафесіі. Раман — праграміст, бубнач — лагіст. Бліжэйшы за ўсіх да музыкі ў нас басіст. Як мы жартуем, ён адзіны з нас зарабляе на жыццё музыкай, бо працуе кантэнт-менеджарам у музычнай інтэрнэт-краме.
— Летась выйшаў EP “Шпіёны”. Ці мае гісторыю аднайменная песня?
С.: Песня насамрэч не пра шпіёнаў, і ніякай шпіёнскай гісторыі не было. Гэта пра ваенкамат. Недзе два гады таму я ішоў з ваенкамата, і нарадзіўся тэкст — “яны за мной прыйдуць — адчуваю гэты пах, я чую крокі тых, хто гоніць па маіх слядах”. Гэта было навеяна Бярозаўскім раённым камісарыятам.
— І чым скончылася гісторыя?
С.: Яшчэ не скончылася, у мяне магістратура па ўсходазнаўстве і ўжо ёсць год ваеннай кафедры. Яшчэ можа быць паўгода службы.
У самай новай песні, якую мы ігралі на “Басовішчы”, таксама ёсць невялічкая гісторыя. Мне вельмі падабаецца лета ў Мінску. Я лічу, што летам з Мінска, з Беларусі можна нікуды не выязджаць. У лістападзе, напрыклад, варта вандраваць, а лета бавіць у Мінску. І радкі “я хачу знайсці свой тэмп, я хачу быць адразу і паўсюль” — яны якраз пра тое, што ты проста ідзеш па вуліцы і атрымліваеш шалёную асалоду ад усяго: ад зялёных вуліцаў, напрыклад. Гэтыя радкі да мяне прыйшлі каля кінатэатра “Мір”. Мне падабаецца адчуванне летняга Мінска, адчуванне ўнутранай свабоды, усемагутнасці. Хочацца зазірнуць у кожнае акенца, прайсці каля кожнага дрэва, пахадзіць па кожнай вуліцы. Мне падаецца, такое адчуванне Беларусі як краіны з яшчэ не сапсаванай на сто адсоткаў прыродай знаёмае нам усім.
Але ў альбоме будуць і процілеглыя па настроі песні — пра стомленасць ад жыцця, нешта такое. Кожная песня са сваёй гісторыяй.
— Беларускі рок праз прызму легендаў “Басовішча” — гэта нешта даволі традыцыйнае. Цяпер на фестывалі нават на прыкладзе сёлетняга конкурсу кіруе зусім іншая музыка. Ці можна пра гурт “SnopSnoǔ” казаць, што гэта ўжо абсалютна іншая гісторыя і няма ніякай пераемнасці традыцый ад тых, хто быў чвэрць стагоддзя таму?
С.: Пераемнасць, несумненна, ёсць. Я б сказаў, што асабліва ад “N.R.M.” ці “Ulis”. “Ulis” вельмі моцна паўплываў. Я ўжо згадваў гурт “Маўзэр”, найперш у плане тэкстаў. Падлеткамі мы ўсе рэвалюцыянеры, і “Маўзэр” тады мяне натхняў сваімі настроямі. Але сучасная музыка цяпер глабалізаваная, і мы таксама ўключаемся ў гэты глабальны працэс.
— У Беларусі, у Мінску ёсць кола блізкіх да вас стылістычна каманд, музыкаў? Ці толькі першыя ластаўкі?
С.: Нейкае кола збіраецца паступова. Напрыклад, з падрыхтоўкай другога альбома ў нас вырасла колькасць калабарацый з рознымі музыкамі, нямала людзей працуе над песнямі. Ёсць адчуванне, што з часам з гэтага можа сфармавацца нейкая плынь. Тыя ж “Eryk I Ja” хоць і больш авангардныя, нам блізкія, музычныя асновы ў нас дастаткова падобныя. З мінулага “Басовішча” мы сябруем з гуртом “Teleport”, гэта таксама нашае кола. У будучыні сапраўды можа нешта аформіцца.
Надзея Кудрэйка
Фота: Радыё Рацыя