«Вялікае дасягненне беларускай нацыянальнай ідэі». Згуртаванню беларусаў свету «Бацькаўшчына» — 35!

Сёння Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» адзначае юбілей.

«Baćkaŭščyna»

«І мусім прызнаць: з усіх перыядаў нашай ужо не такой малой гісторыі гэты, бадай, самы складаны. Але мы ёсць, мы побач з вамі, мы працягваем працаваць», — піша кіраўніцтва Згуртавання.

Мэты арганізацыі застаюцца нязменнымі:

  • дапамагчы беларусам у свеце і на Радзіме захоўваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць,
  • наладжваць кантакты паміж супольнасцямі,
  • аб’ядноўваць беларусаў у адну моцную сям’ю.

35 гадоў таму, 10 верасня 1990 года, устаноўчая канферэнцыя «Бацькаўшчыны» праходзіла на ўздыме хвалі, што атрымала назву Нацыянальнага Адраджэння, літаральна на парозе нараджэння незалежнай беларускай дзяржавы. Тады яшчэ не існавала Рэспублікі Беларусь, але ўжо была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце, а беларуская мова мела статус адзінай дзяржаўнай. Сёння ж усё часцей і гучней гучаць трывожныя словы пра пагрозу страты суверэнітэту, а праваабаронцы фіксуюць беспрэцэдэнтную дыскрымінацыю беларускай мовы і культуры на яе ўласнай зямлі.

Першы з’езд беларусаў свету, арганізаваны «Бацькаўшчынай» праз некалькі гадоў пасля стварэння арганізацыі, адкрыў магчымасць тысячам людзей упершыню за многія дзесяцігоддзі наведаць Радзіму і распачаць новы культурны і палітычны дыялог паміж дыяспарай і Бацькаўшчынай. Аднак сёння Беларусь перажывае найбуйнейшую хвалю вымушанай эміграцыі ў сваёй гісторыі. Колькасць тых, хто пакінуў краіну, настолькі вялікая, што ўлады баяцца назваць сапраўдныя лічбы.

Udzieĺniki Pieršaha zjezda bielarusaŭ svietu Удзельнікі Першага з’езда беларусаў свету  

Адна з галоўных задач «Бацькаўшчыны» — наладжваць сувязі паміж дыяспарай і Беларуссю — цяпер амаль немагчымая, бо «Бацькаўшчына» сёння не можа працаваць у Беларусі.

«У 2021 годзе Згуртаванне было ліквідавана ўладамі. Але гэта не прычына для адчаю. Бо мы не маем права страціць беларускую дзяржаву. Таму працягваем сваю дзейнасць за межамі Беларусі, шукаем новыя фарматы працы, новыя шляхі для аб’яднання беларусаў свету. Мы глядзім у будучыню з верай і адчуваннем адказнасці», — адзначае кіраўніцтва «Бацькаўшчыны».

«У гэты юбілейны дзень мы шчыра дзякуем усім сябрам і паплечнікам, якія былі з намі ў розныя часы. Дзякуючы вашай падтрымцы і салідарнасці мы здолелі зрабіць столькі важнага і маем сілы рухацца далей. Верым: лепшае для Бацькаўшчыны — і малой, і вялікай — яшчэ наперадзе.

Жыве Беларусь!»

Як паўставала "Бацькаўшчына"

Успаміны Лідзіі Савік — даследчыцы літаратуры, адной з заснавальніц Згуртавання “Бацькаўшчына”. Запісана ў верасні 2015 г.

Lidzija Savik
Лідзія Савік

“Бацькаўшчына” паўставала, калі былі 1990-я гады. Пачала распаўсюджвацца беларуская нацыянальная ідэя, зноў усім нам захацелася да сваіх каранёў, да сваёй мовы, гісторыі, культуры. І таксама стала вядома, што вельмі многа нашых беларусаў жыве за межамі – называлася лічба каля трох мільёнаў. Мы ведалі, што вялікая дыяспара ёсць у Амерыцы, у Англіі, у Канадзе, у Аўстраліі, у еўрапейскіх краінах. Таму ўзнікла ідэя гэтай арганізацыі, каб даследаваць, аб’яднаць, вярнуць на Бацькаўшчыну ўсё тое каштоўнае, што там створана, вярнуць імёны тых беларусаў у нашыя энцыклапедыі. Там жа былі і мастакі, і спевакі – выдатныя людзі: той жа Пётра Конюх ці Забэйда-Суміцкі. А якія ў нас былі выдатныя ўрачы! Той жа Шчорс, Марыя Дзямковіч, Мітрафан Рэпкаў-Смаршчок. Былі і вучоныя, і людзі самых розных спецыяльнасцяў… І тады сярод нашай інтэлігенцыі, па газетах, часопісах мы пачалі расшукваць адрасы нашых суайчыннікаў. Шмат работы прарабілі, наладзілі сувязь з замежжам, ездзілі знаёміцца з беларусамі ў іншыя краіны. Тады ўсё ішло ў рукі і былі магчымасці: мяне, радавога суппрацоўніка, у Амерыку адправілі і нават дарогу аплацілі!

У мяне назбіраўся вялікі архіў, багатая перапіска з беларусамі замежжа, шмат фотаздымкаў. Я многіх ведала, з Наталляй Арсенневай па тэлефоне размаўляла, мяне вазіў па Амерыцы Янка Запруднік, я была ў бібліятэцы БІНіМа… Гэта ж усё ўпершыню адкрывалі, усё было так цікава! Пра гэта хацелася пісаць, і я вельмі шмат артыкулаў апублікавала пра замежжа.

Мы правялі ўстаноўчы сход у Саюзе пісьменнікаў, мяне тады выбралі першым сакратаром Управы, я вяла ўсе дакументы. Я памятаю, як мы хадзілі рэгістраваць арганізацыю, і калі я туды прыходзіла і гаварыла па-беларуску, на мяне гэтыя чыноўнікі так глядзелі! Я там стала сваім чалавекам, бо яны сто разоў мяне туды-сюды адпраўлялі. Мы рабілі ўсё з энтузіязмам, і сіл хапала, і настойлівасці. А як зарэгістраваліся, пачалі рыхтаваць Першы з’езд беларусаў свету.

zjezd-bielarusau-svietu.jpg
Першы з’езд беларусаў свету

Гэта была такая эйфарыя! Мы дзень і ноч працавалі. У замежжы беларусы памяталі Бацькаўшчыну, мову памяталі, выдавалі творы – гэта вельмі нас прываблівала. Божа, колькі людзей прыехала! Мы ездзілі іх сустракаць, а яны сыходзілі з самалётаў, падалі на калені… Мы адчувалі, што мы, беларусы, значная нацыя, не горшая за іншыя. Тады ўздым быў, людзі загаварылі па-беларуску, столькі падзей было!

Пра з’езд быў вялікі розгалас, і не толькі ў Беларусі, бо сюды амаль з усяго свету людзі прыехалі. Дзякуючы нашым эмігрантам свет даведаўся, што ёсць такая краіна – Беларусь.

Plakat Pieršaha zjezda bielaruaŭ svietu
Плакат Першага з’езда беларуаў свету. Выява Еўфрасінні Полацкай

выкарыстоўвалася ў якасці эмблемы і для ўсіх наступных з’ездаў

Цяпер старэйшае пакаленне тое адыходзіць, і ўжо таго ўздыму, той эйфарыі няма. Шмат ёсць анекдотаў пра тое, як многія нашыя беларусы пасля 50-ці гадоў у замежжы прыязджалі і пачыналі па-беларуску гаварыць, а на Бацькаўшчыне беларускай мовы не чулі: вакол усе па-руску размаўлялі. Іх найперш гэта ўразіла. Шмат роспачы ў развагах пра гэта Масея Сяднёва. Яны ішлі на катаргу ў Магадан, усё аддавалі за беларускую справу, за беларускую мову, і за мяжой яны толькі ёю карысталіся – а беларусы на Радзіме мову не збераглі.

Жонка Масея Сяднёва кажа: Вольга Філіпаўна, мы столькі грошай патрацілі на выданне гэтых кніжак! А гэта ж выданні на беларускай мове, не на англійскай, гэта ж даражэй! Яны ўсе грошы трацілі на гэтыя кніжкі, а тым часам яны ляжалі ў кабінеце Сяднёва стосамі, бо хто там колькі купіць тых кніг? Я калі вярнулася з Амерыкі, пайшла ў наша МЗС, прасіла: давайце мы возьмем кнігі гэтых эмігрантаў у нашыя бібліятэкі! Ян Пятроўскі мне прысылаў цэлыя дзве пачкі сваіх кніг, у яго надзвычай цікавая бібліятэка была беларуская – дзе яна дзелася? Дзеці эмігрантаў, канечне, ужо амерыканцы, мала хто з іх ведае беларускую мову.

Колькі я прасіла – давайце забіраць гэтыя кнігі! А ў выніку яны прывезлі мне некалькі экземпляраў, нібы я для сябе гэта прасіла. Я сама сабе кучу кніг прывезла – у мяне ніякага багажу, акрамя кніг, не было. Не дзеля сябе прасіла. Ніхто з чыноўнікаў не паклапаціўся, і кнігі гэтыя папрападалі. Ужо калі беларусы замежжа пачалі ездзіць у Беларусь, то пачалі ў нашыя бібліятэкі самі нешта прывозіць, там-сям іх кнігі з’явіліся – але ж можна было ўсё забраць. А для многіх чыноўнікаў гэта ж здраднікі, гэта калабаранты – ніхто не разумее, што яны сапраўдныя беларусы былі. [...]

Я лічу, што вельмі правільная пазіцыя была, калі мы стваралі гэтую арганізацыю, – захаваць беларушчыну, захаваць нашую нацыю, культуру, гісторыю. Вялікая падзея ў тым, што беларуская эміграцыя прыхінулася, прыехала, вярнулася на Бацькаўшчыну – усё ж гэта дзякуючы нашай арганізацыі. Я лічу, што Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” – вельмі вялікае дасягненне беларускай нацыянальнай ідэі.

U prezidyŭmie Pieršaha zjezda (zlieva naprava) Vasiĺ Bykaŭ, Stanislaŭ šuškievič, Hanna Surmač
У прэзідыўме Першага з’езда (злева направа) Васіль Быкаў, Станіслаў шушкевіч, Ганна Сурмач

А што такое нацыянальная ідэя? Гэта патрыятызм, захаванне сваёй мовы, сваёй культуры, гісторыі. І дзякаваць Богу, што Бацькаўшчына ўсё-ткі існуе, нягледзячы на такія нялёгкія апошнія 20 гадоў умовы, і нешта робіць, і нейкія сувязі падтрымлівае, і хоць трошачкі нешта выдае з кніг. Я лічу, што “Бацькаўшчына” – адна з самых уплывовых і значных нашых арганізацый па ажыццяўленні беларускай нацыянальнай ідэі.