Перамовы актыўных беларусаў і беларусак з грузінскімі ўладамі далі свой плён, і з 16 кастрычніка беларускія дзеці змогуць вучыцца па школьнай праграме на беларускай мове і атрымаць афіцыйны грузінскі атэстат. Таксама ў Батумі адкрываецца і беларускамоўная школка выхаднога дня. Падрабязнасці распавяла Аксана Акуневіч, ініцыятарка стварэння беларускамоўных школ, кіраўніца многафункцыянальнай беларускай прасторы «аКсяродак», магістарка тэхнічных навук, аўтарка праекта «Чалавечая фізіка».
Аксана Акуневіч
Школка выхаднога дня: ідэя – захаваць беларускую ідэнтычнасць
Беларуская школка выхаднога дня прачне працу ў Батумі ўжо ў бліжэйшую суботу – 14 кастрычніка. Па інфармацыі Аксаны Акуневіч, школа будзе бясплатнай. Існаваць яна будзе на ахвяраванні.
Першая такая школка выходнага дня ўзнікла анлайн, і яна працавала з разлікам на тое, што дзеці ў хуткім часе — праз некалькі месяцаў ці год — змогуць вярнуцца ў Беларусь. Пасля, бачачы запатрабаванасць, у Варшаве адкрылі афлайн-школу выходнага дня. Цікава, што ў той школе вывучалі нават рускую мову і літаратуру. Сёлета сетка школаў пашырылася — у першую чаргу на Польшчу. А потым узнікла ідэя пашырыць сетку школак і на іншыя краіны — далучылі Грузію і Літву.
Кожная школка сама абірае прадметы, галоўнае — каб усе яны адпавядалі мэце захавання беларускай ідэнтычнасці і пашырэнню выкарыстання беларускай мовы.
У многафункцыянальнай беларускай прасторы «аКсяродак». Тут будуць праходзіць заняткі беларускай школкі
«Ідэя гэтай школкі выходнага дня — каб захаваць альбо стварыць беларускую ідэнтычнасць. Збольшага, каб дзеці пачалі размаўляць на беларускай мове, разумелі, для чаго яна, як ёй карыстацца, і паказаць элементы беларускай культуры, каб дзеці ўспрымалі яе як сваё», — кажа Аксана Акуневіч.
У Батумі сустрэчы будуць адбывацца па суботах, у дзве змены, навучацца будуць дзеці ад 5 да 18 год. І на сёння сабрана ўжо больш за 50 заявак для ўдзелу.
Беларускія класы ў грузінска-французскай школе
Больш грунтоўны праект, які пачынаецца цяпер — гэта адкрыццё ў Батумі сапраўднай першай класічнай беларускамоўнай школы за мяжой. Гэта будзе беларуска-грузінска-французская школа, якая адкрыецца на базе ўжо існуючай у Батумі прыватнай грузінска-французскай школы. Але навучанне будзе праходзіць і на яе базе, і на базе прасторы «аКсяродак».
«Мы працавалі над тым, каб адкрыць у школе беларускі сектар — мы былі па гэтым пытанні ў парламенце Грузіі, парламенце Аджарыі, але цалкам беларускі сектар адкрыць складана, бо звычайна такое адкрыццё ініцыююць не прыватныя асобы, а дзяржава. І перамовы па гэтым пытанні доўжацца гады тры ў лепшым выпадку. Зразумела, чакаць нечага такога ад сучаснай беларускай дзяржавы наўрад ці варта», — зазначыла спадарыня Акcана.
Але можна ствараць асобныя беларускія класы, і гэтым скарысталіся актыўныя беларусы.
У многафункцыянальнай беларускай прасторы «аКсяродак» у Батумі
У беларуска-грузінска-французскай школе неўзабаве пачнуцца заняткі. Ад пачатку ствараліся самыя запатрабаваныя — пачатковыя — класы, з першага па шосты. Магчымыя, канешне, заняткі ў старэйшых класах, але гэта будзе ўжо індывідуальнае навучанне. Вучыцца дзеці будуць у другую змену, таму што так вучацца ў школах усе негрузінскія сектары. І паколькі гэта пачатковая школа, заняткі будуць складацца з чатырох урокаў — чатырох гадзін навучання па раскладзе грузінскай школы.
«Калі вы афармляецеся ў гэтую школу, — ёсць грузінская школа, якая афармляе дзяцей афіцыйна: падаеце дакументы, дзеці ўносяцца ў спіс на сайце грузінскага Міністэрства адукацыі», — распавяла Аксана.
Навучанне па-беларуску адбываецца тры разы на тыдзень — панядзелак, серада, пятніца. Гэта «беларускія дні», якія будуць праводзіцца ў «аКсяродку», дзе будуць вывучацца беларуская мова, чытанне, матэматыка, беларуская і сусветная культура. І ўсё гэта будзе выкладацца на беларускай мове.
«Аўторак і чацвер — гэта заняткі ў грузінскай школе. Грузінская школа — вельмі камфортная, прыемная, утульная. Там будзе дзве гадзіны грузінскай мовы, гадзіна французскай мовы і яшчэ адна гадзіна — шахматы. У грузінскай школе шахматы — абавязковы прадмет, і іх выкладаць будуць у адзін дзень. У другі дзень замест шахмат будзе гадзіна аб’яднанага ўрока музыкі, фізкультуры і мастацтва. Там будуць выкладацца грузінская культура, грузінскія танцы, часткова фізкультура», — тлумачыць Аксана Акуневіч.
Яна вельмі задаволеная тым, што грузінска-французская школа пагадзілася на супрацоўніцтва з беларусамі. «Гэтая школа — адна з першых прыватных школ у Грузіі, моцна інтэграваная ў франкафонную супольнасць, да іх рэгулярна прыязджаюць носьбіты французскай мовы, — з Францыі, з Канады. Ёсць і рэгулярныя паездкі-абмены, і франкафонныя мерапрыемствы. І добра, што гэтая школа зацікаўленая ў тым, каб далучыць нашых дзяцей», — адзначыла Аксана.
Пры гэтым, канешне, беларусы не першыя, якія далучаюцца ў такую школу, і нельга сказаць, што з імі ставіцца нейкі «эксперымент». Пасля пачатку вайны ва Украіне Грузія прыняла шмат украінскіх уцекачоў. І грузінска-французская школа ўжо стварала такія класы з украінскімі дзецьмі, даючы ім персанальную зніжку на навучанне.
Бібіліятэка ў многафункцыянальнай беларускай прасторы «аКсяродак» у Батумі
«Самае балючае — пытанне фінансаў. Я, калі задумвала школу, меркавала, што гэта будзе не больш за 300 лары. Але з улікам усіх выдаткаў агульны кошт месяца навучання атрымаўся 500 лары, альбо прыблізна 200 долараў. Як бы мы не круцілі, 500 лары — гэта на сёння мінімальны кошт. У далейшым мы паспрабуем зменшыць, але цяпер — так», — кажа ініцыятарка стварэння беларускай школы.
Па словах Аксаны, ужо цяпер ёсць дадатковыя настаўнікі з ліку беларусаў, якія пераехалі ў Грузію. Яна сама — выкладчыца фізікі і інфарматыкі. Ёсць выкладчыца біялогіі, выкладчыкі гуманітарных навук. Таму ініцыятары стварэння беларускай школы нават задумваюцца над тым, каб зрабіць нешта кшталту «пераддоўжанку» — дадатковае пазашкольнае навучанне перад заняткамі (паколькі яны ў другую змену), калі будзе такі запыт.
«На сёння за мяжой Беларусі няма класічных афіцыйных беларускамоўных школ, і таму нашая школа — адзіная ў свеце, і я вельмі радая, што ў нас такое атрымалася», — адзначыла Акуневіч.
Аксана Акуневіч у многафункцыянальнай прасторы аКсяродак
Заняткі ў школе афіцыйна пачынаюцца з 16 кастрычніка. Але тым, хто запісаўся ў школу, але яшчэ не сабраў адпаведныя дакументы, хвалявацца не варта — можа адпраўляць дзіця на заняткі. А дакументы дазбіраць «у працэсе».
Падрабязнасці і запіс у школу:
Па тэлефоне: +995 599 63 51 95
Ці ў Тэлеграме @aksiarodak
Ці ў суполцы @school_aksiarodak
Аліна Бялова, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Заснавальніца першай беларускай школы ў Варшаве Ася Смаляк: Усе звыклыя праблемы беларускамоўнай адукацыі «пераехалі» і ў эміграцыю