«Калі ўсё скончыцца, я пераб’ю дрот васількамі». Беларусь на целе: стан грамадства ў тату

У варшаўскім Цэнтры беларускай салідарнасці 5 жніўня адбыўся вернісаж выставы «Беларусь на целе» пра татуіроўкі, якія нашы суайчыннікі зрабілі пасля 2020 года.


Куратарка праекта — журналістка Яўгенія Доўгая. Яна распавяла, што па татуіроўках можна прасачыць, як з часам змяняўся настрой беларусаў. Спачатку людзі набівалі тату імпульсіўна, неўзабаве пасля падзей 2020 года. Потым дадалася тэма эміграцыі, тугі па Радзіме. Цяпер на целах нашых суайчыннікаў з’явіліся выказванні пра вайну.

2022-08-05 Беларусь на целе_АЛ_034.jpg

Ідэя сабраць фота тату беларусаў з’явілася ў канцы 2021 года, пасля навін аб «пікетаванні татуіроўкай», у якім абвінавацілі дырэктара крамы Symbal.by і заснавальніка «Арт-сядзібы» Паўла Белавуса (спачатку Паўлу прысудзілі 15 содняў, з якіх ён не выйшаў на волю; мужчыну прызналі палітвязнем).

2022-08-05 Беларусь на целе_АЛ_022.jpg
Яўгенія Доўгая

Да таго ж, Яўгенія сама мае некалькі тату. Журналістка праз сацсеткі папрасіла беларусаў выслаць фота іх татуіровак, набітых пасля 2020 года. У матэрыял, які яна тады падрыхтавала, трапіла толькі 10 выяў, а агулам Яўгенія атрымала іх каля 100. Тады журналістка вырашыла зрабіць адмысловую старонку праекта ў Instagram — body_of_belarus, вядзе таксама аднайменны Telegram. Яны папаўняюцца здымкамі, што высылаюць падпісчыкі. Там ужо каля трохста публікацый. Над праектам працуе таксама фатографка Ірына Арахоўская.

На адкрыццё выставы прыйшло некалькі герояў, чые тату можна было пабачыць у экспазіцыі.

2022-08-05 Беларусь на целе_АЛ_006.jpg
Вольга Быкоўская

Актывістка Вольга Быкоўская распавяла пра сваю апошнюю размову са сваім сябрам Вітольдам Ашуркам, партрэт якога ў вобразе анёла вытатуіраваны ў яе на руцэ. Потым яна пісала Вітольду ў дзень яго затрымання, 19 верасня 2020 года, але тое паведамленне так і засталося непрачытаным.

2022-08-05 Беларусь на целе_АЛ_017.jpg

Вітольд Ашурак быў прызнаны палітвязнем. 21 траўня 2021 года яго родным паведамілі з калоніі па тэлефоне, што ён памёр праз спыненне сэрца. Па словах жонкі Вітольда, да затрымання ён не меў праблем з сэрцам. Вольга Быкоўская лічыць сваю тату ўшанаваннем памяці аб сябры і напамінам, што варта дабівацца расследавання абставінаў ягонай смерці.

Ідэю зрабіць тату падтрымала нават 74-гадовая маці Вольгі: «Была б я маладзейшай, таксама набіла б сабе татуіроўку».

У шэдэўры, які ўпрыгожвае плячо актывісткі, шмат дэталяў. Каб яго зрабіць, яна ездзіла ў іншы горад, таму білі ў адзін заход, восем гадзін. «Чым далей, тым больш было балюча, — кажа Вольга. — Але я не шкадую, што зрабіла гэта».

2022-08-05 Беларусь на целе_АЛ_004.jpg

Крысціна распавяла, што яе асабліва ўразіў удзел жанчын у беларускіх пратэстах. «У першы дзень (верагодна, дзяўчына кажа пра 12 жніўня 2020 года — рэд.) марш прайшоў пад вокнамі майго офіса. Я шкадую, што не спусцілася тады, — распавядае Крысціна, — але потым амаль ва ўсіх маршах удзельнічала. На адной татуіроўцы, якую вы бачыце на фота (жыўцом не пакажу, бо надзела камбінезон), у мяне ўсё разам — і кветкі, і жанчыны, якія іх трымалі, і бчб, і дзявятага жніўня. Гэта мой Дзень народзінаў да таго ж».

2022-08-05 Беларусь на целе_АЛ_013.jpg

Тату дзяўчына рабіла ва Украіне. Вельмі падрабязна распавяла майстру, што ў нас адбывалася, і тады ён прапанаваў эскіз. Пра другую татуіроўку, на руцэ, Крысціна паведаміла: «А калючы дрот працягнуў іншую татуіроўку (радкі з верша „Пагоня“ Максіма Багдановіча) на іншым баку рукі. Я знайшла падобную выяву ў Pinterest і мне вельмі запала.

Калючы дрот — гэта для мяне і пра палітвязняў, і пра краіну ў цэлым, дзе ўсе людзі апынуліся як у турме: ні ўехаць, ні выехаць. Дзе дрот разрываецца і вылятаюць птушкі — гэта і пра тых, хто вырваўся з Беларусі і здолеў з’ехаць. І пра палітвязняў, якія, хоць і сядзяць, унутры застаюцца вольнымі духам людзьмі. Калі ўсё скончыцца, я пераб’ю дрот васількамі...»

2022-08-05 Беларусь на целе_АЛ_019.jpg

Аляксей распавёў, што сабаку, які з ім на фота, аддала ўкраінка чатыры месяцы таму. Магчыма, жывёла застанецца ў яго сям’і заўсёды. На пальцах у Аляксея набітыя кветкі, якія нагадваюць пра букеты, што беларускі дарылі сілавікам 16 жніўня 2020 года. Колькасць кветак на кожным пальцы (1, 3, 1, 2) адпавядае лічбаваму пазначэнню англамоўнай абрэвіятуры ACAB, якая адлюстроўвае негатыўнае стаўленне да сілавых структур. «Цяпер яны заслугоўваюць толькі такіх кветак», — упэўнены Аляксей.

Сабе на грудзях мужчына сам набіў малюнак шасцігадовага Льва з завода «Азоўсталь».

2022-08-05 Беларусь на целе_АЛ_025.jpg

Уражвае нязломны аптымізм яшчэ адной гераіні праекта, Аляксандры. Яна набіла сабе лічбы «23.34» — нумар артыкула, па якім яе судзілі ўжо 12 разоў. Але жанчына застаецца ў Беларусі і лічыць, што на шляху да свабоды мы недзе пасярэдзіне. Гэта і адлюстроўвае яе татуіроўка. На фота яе рука, нібы на фрэсцы Мікеланджэла, цягнецца да рукі сяброўкі, таксама Аляксандры.

У той набітая выцінанка, якая азначае «Спадзяюся, пакуль дыхаю» — надзея на перамены нікуды не знікла.

2022-08-05 Беларусь на целе_АЛ_031.jpg

Больш тату і гісторый людзей, якія іх зрабілі, можна пабачыць на выставе «Беларусь на целе», якая выпраўляецца ў турнэ: яе чакаюць у Літве, а потым — у Беластоку.

2022-08-05 Беларусь на целе_АЛ_015.jpg


Алена Ляшкевіч, budzma.org Фота аўтаркі