Беларусь у адным шэрагу з афрыканскімі аўтакратыямі

12 верасня кіраўнік знешнепалітычнай службы Еўрасаюза Жазэп Барэль адзначыў, што Еўропа павінная неадкладна моцна адказаць на падзеі ў суседніх Лівіі і Беларусі, краінах, «ахопленых полымем».



Здаецца, гэта першы раз, калі ў прамове палітыка такога ўзроўню згадка пра Беларусь аказалася побач і ў адным кантэксце з афрыканскай краінай, дзе ўжо больш за пяць гадоў ідзе грамадзянская вайна.

Як ні прыкра гэта гучыць, да такога «поспеху» наша краіна ішла далёка не адзін год і не дзесяцігоддзе.

Такім чынам, еўрапейскія палітыкі «трансфармавалі» ў сваёй свядомасці і ў свядомасці шараговых еўрапейцаў Беларусь з «апошняй дыктатуры» да «ўсходнееўрапейскай Афрыкі».

У сувязі з гэтым варта згадаць пра афрыканскія аўтарытарныя рэжымы. У пэўнай ступені пашукаць падабенства, параўнаць. Трэба ж прызвычайвацца да «новага статусу» нашай краіны.

Тым больш што Афрыка — кантынент, вельмі «ўрадлівы» на дыктатараў. Часам — на вельмі яркіх і аўтэнтычных.

Адразу трэба адзначыць, што гаворка пойдзе пра самых адыёзных і тых, хто яшчэ пры ўладзе. Бо напісаць пра ўсіх, няхай і самых вядомых, бадай, немагчыма.

Так, прафесар дэмакратыі ў Бірмінгемскім універсітэце ў матэрыяле BBC адзначае:

«Сёння сярод 54 краінаў кантынента колькасць толькі часткова дэмакратычных — 15, а жорсткіх аўтакратый — 16».

Лукашэнка мае вартых канкурэнтаў у Афрыцы

Адным з галоўных палітычных старэйшынаў на кантыненце з'яўляецца прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Абіянг. Ва ўладзе ён знаходзіцца з 1979 года, калі пасля вайсковага перавароту перахапіў уладу ў свайго дзядзькі.

Прэзідэнт некалькі разоў пераабіраўся на сваю пасаду з вынікамі больш за 90%. Міжнародныя арганізацыі не прызнаюць гэтыя выбары і лічаць іх сфальшаванымі.

Што цікава, амаль 30 гадоў у краіне дзейнічае шматпартыйная сістэма. Але ў парламенце галоўная роля належыць «прэзідэнцкай партыі». Увесь час толькі 1-2 дэпутаты прадстаўляюць апазіцыйныя структуры.

У краіне культывуецца і квітнее сапраўдны культ асобы ў самых экзатычных яго праявах.

Як адзначаецца ў матэрыяле BBC: на дзяржаўнай радыёстанцыі прэзідэнта назвалі «падобным да бога», бо ён мае «сталы кантакт з усявышнім» і «поўную ўладу над людзьмі і рэчамі».

Трохі менш за Тэадора Абіянга ва ўладзе знаходзіцца прэзідэнт Уганды Мусевені, які кіруе дзяржавай з 1986 года.

Прэзідэнтам Уганды ён стаў пасля кровапралітнай пяцігадовай грамадзянскай вайны, якая, як і шматлікія афрыканскія войны, запомнілася этнічнымі чысткамі і выкарыстаннем у баявых дзеяннях непаўнагадовых вайскоўцаў.

Пасля дзесяці гадоў кіравання краінай Мусевені, які ўвесь гэты час супрацьстаяў узброенаму супраціву плямёнаў былых канкурэнтаў, былі прызначаныя першыя выбары. На іх, як і на ўсіх астатніх, перамагаў дзейны прэзідэнт.


guinea-protest.jpg

Фота The Guardian

З 2005 года Уганда змяніла канстытуцыю, якая дазволіла неабмежавана абіраць прэзідэнтам адну асобу і легалізавала палітычныя партыі.

Але галоўную ролю ў парламенце мае «прэзідэнцкая» партыя — адзіная палітычная сіла не на этнічнай ці рэлігійнай аснове.

Самай вядомай фразай Мусевені з'яўляецца пагроза галоўнаму канкурэнту на выбарах у 2011-м:

«Мы яго зловім і з'ямо, як пірог».

Прэзідэнт Рэспублікі Чад — Ідрыс Дэбі. Ён ва ўладзе з 1990 года. У краіне амаль увесь час адбываюцца баявыя дзеянні. Дзейны кіраўнік прыйшоў да ўлады пасля вайсковага перавароту, а пасля 16 гадоў сам сутыкнуўся з узброеным супрацівам. Перад другімі перавыбарамі Ідрыса Дэбі паўстанцы атакавалі сталіцу, але пацярпелі паразу. І Дэбі набраў амаль 65% галасоў выбарцаў.

Праз два гады была чарговая спроба ўзброенага захопу сталіцы, але зноў беспаспяховая. З таго часу баявыя дзеянні ў краіне амаль не спыняліся.

Што, аднак, не перашкодзіла Дэбі пераабрацца на пост прэзідэнта ў 2011-м і 2016-м. Такім чынам, ён кіруе краінай ужо пяты тэрмін.

Самай жа недэмакратычнай краінай Афрыкі лічыцца Эрытрэя. За ўсю яе непрацяглую гісторыю выбары не адбываліся ніколі. Кіруе гэтай краінай ва ўсходняй частцы кантынента Ісаяс Афеверкі — некалі лідар паўстанцаў, якія дамагліся незалежнасці ад Эфіопіі ў 1991-ім годзе.

Дэ-юрэ ён кіруе Эрытрэяй з 1993-га, калі ў выніку рэферэндуму краіна афіцыйна стала незалежнай ад Эфіопіі. Адразу пасля прыняцця канстытуцыі ў 1997 годзе Афеверкі адмяніў выбары, а ў 2001-м забараніў друк недзяржаўнай прэсы.

Тры гады таму, па некаторых звестках, падчас антыўрадавых дэманстрацый вайскоўцамі былі забітыя 28 пратэстоўцаў. 

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі і ААН абвінавачваюць Эрытрэю ў пераследзе грамадзянаў па палітычных матывах. Па некаторых дадзеных праваабаронцаў з Amnesty International, у дачыненні да 10 000 палітвязняў прымяняюцца катаванні і прымусовая праца.

Беларусь у адным шэрагу з Лівіяй

Нягледзячы на ўсё пералічанае, гэтыя краіны з'яўляюцца сябрамі міжнародных арганізацый. Асаблівых абмежаванняў ці санкцый, якія б істотна ўплывалі на ўлады, сусветная супольнасць не заўжды дамагаецца.

Лідары гэтых краінаў час ад часу сустракаюцца з вядомымі палітыкамі. У СМІ прынята лічыць прычынай аўтарытарызму і няўстойлівасці дэмакратый у Афрыцы «цяжкую каланіяльную спадчыну».

Што адрознівае афрыканскія рэжымы ад Беларусі — дык гэта частыя грамадзянскія войны, вайсковыя перавароты і этнічныя чысткі. 

Для захопу ўлады палітычныя канкурэнты выкарыстоўваюць вайсковую дапамогу суседніх краінаў. Бо ў розных краінах могуць пражываць прадстаўнікі аднаго і таго ж этнасу, якія намагаюцца ўсталяваць сваё панаванне адразу ў некалькіх краінах.

Гэтага ў нас пакуль не адбываецца.

А вось астатняе: пераслед па палітычных матывах, забарона СМІ, рэпрэсіі ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў, катаванні, забойствы, выкраданні — усё тое, у чым абвінавачваюць сённяшнія дзяржаўныя органы Беларусі.

Як ні прыкра, але, здаецца, нездарма кіраўнік знешнепалітычнай структуры ЕС паставіў нашу краіну ў адзін шэраг з Лівіяй.

Аляксей Гайдукевіч, budzma.org