Ганна Златкоўская: «Школы выхоўваюць паслухмяных салдат, а не асобаў, у якіх ёсць правы і свабоды»

Ганна Златкоўская разважае пра тое, што адбываецца ў школах Беларусі, у чым сапраўдныя прычыны булінгу і як пазбегнуць трагедыі.

Hanna Zlatkoŭskaja Ганна Златкоўская. Фота з асабістага архіву

Нуль эмпатыі, максімум абыякавасці

Кожны раз, калі чытаю навіну пра самагубства школьнікаў у Беларусі, становіцца вельмі балюча. Асабліва калі гэта адбываецца з-за школьнага булінгу. Але прычына ж заўсёды ў іншым. Трагедыі можна было б пазбегнуць, калі б дарослыя не былі абыякавыя да дзяцей і іх праблем.

На жаль, беларускія школы ў большасці сваёй выконваюць толькі адукацыйную функцыю, і тое недасканала. Сёння іх задача — выхоўваць слаўных патрыётаў, вынішчаць змагарскія думкі, вылічваць ворагаў. Школы выхоўваюць паслухмяных салдат, а не асобаў, у якіх ёсць правы і свабоды.

У такой сістэме складана зладзіць прастору для вучобы і творчасці дзяцей, арганізаваць месца, дзе яны будуць адчуваць падтрымку як адно ад аднаго, так і ад дарослых.

Дарослыя абыякавыя да душэўных ваганняў дзяцей. Дзеці, у сваю чаргу, пераймаюць паводзіны дарослых, таксама абыякава ставячыся да ўразлівых і чуллівых аднакласнікаў. У іх у падлеткавым узросце свая барацьба за месца ў соцыуме, і часта, на жаль, яно заваёўваецца не разумовымі дасягненнямі і талентамі, а агрэсіяй і нападкамі. Магчыма, такія паводзіны абумоўленыя не самай добрай абстаноўкай дома. Калі дзеці сутыкаюцца з гвалтам з боку бацькоў, але не могуць адказаць дарослым, яны пераносяць гэты гвалт на іншых дзяцей. Магчыма, дзеці не адчуваюць дастаткова клопату і любові — зноў жа гэта прыводзіць да пошуку гэтай любові звонку, у свеце такіх жа дзяцей, якім таксама складана.

У булінгу шмат розных прычын, на гэтую тэму ёсць мноства псіхалагічных даследаванняў. Мяне ў гэтай сітуацыі заўсёды здзіўляюць дарослыя, якія ніяк не могуць знайсці агульную мову з дзецьмі. Не, я не пра бацькоў загінулых дзяцей, а пра настаўнікаў, якім абсалютна напляваць на тое, што адбываецца ў класах.

школа.png
СШ №35 Брэста, дзе нядаўна адбылася трагедыя. Вучань 10-га класа скончыў жыццё самагубствам. Прычынай, верагодней за ўсё, стала цкаванне аднакласнікаў. Фота: yandex.com

Стэрэатып савецкіх часоў, які жыве дагэтуль

Педагогаў заўсёды хвалююць толькі адзнакі па школьных прадметах. Добра вучышся — добры хлопчык або дзяўчынка. Дрэнна вучышся — дрэнны хлопчык або дзяўчынка. Гэты стэрэатып, які жыў у той час, калі я вучылася ў школе, так жыве і дагэтуль. Нібыта ўсе паспяховыя дарослыя — выключна былыя выдатнікі і выдатніцы. Жыццё паказвае, што не.

Паспяховымі становяцца тыя, хто не баяўся рызыкаваць, тыя, хто быў упэўнены ў сабе, тыя, каму давалі прастору для крэатыву. Тыя, каго падтрымлівалі разумныя, мудрыя дарослыя, раячы, на што варта рабіць акцэнт перадусім у сваім жыцці. Паспяховыя дзеці і дарослыя — гэта людзі, якія не ацэньваюць сябе адзнакай у дзённіку. Бо яны ведаюць, што любая ацэнка ў прынцыпе адносная. Урэшце, педагог часта можа заніжаць адзнаку з-за нелюбові да вучня. Такое здаралася не раз, наўрад ці хто-небудзь будзе спрачацца з гэтым.

Чаму ў беларускіх школах дагэтуль працуюць людзі, якія не любяць дзяцей? Веды, безумоўна, патрэбныя і важныя, але больш за ўсё кожнаму дзіцяці патрэбныя любоў і клопат. Адчуванне, што ты заўсёды можаш нешта спытаць без прыніжальнага позірку. Адчуваць падтрымку ў любой сітуацыі і тым больш у выпадку булінгу і нападак з боку аднагодкаў.

Урок, які павінен быць самым важным

У школах, і гэта галоўнае, першым і самым важным урокам павінен быць урок па прадухіленні булінгу і тлумачэнне (і не раз, і не два) яго прычын і таго, як з гэтым змагацца. Плюс татальная забарона на праяўленне любой агрэсіі. Праца з псіхолагам і сацыяльным педагогам. Не на паперы, а ў рэальным школьным жыцці штодзённа.

У школе майго сына (у Літве) прадухіленню булінгу прысвячалі некалькі ўрокаў. Сын з натхненнем расказваў, як педагогі тлумачылі, чаму гэта дрэнна і як сябе паводзіць, калі гэта здарыцца. Вядома, пазбегнуць цкавання немагчыма. Так здарылася і ў гэтай школе. Канфлікт вырашаўся сумесна з бацькамі і педагогамі. Тут спрацавалі жаданне бацькоў высветліць, што адбылося, адказнасць педагогаў і імкненне адпрацаваць дадзеную непрыемную сітуацыю.

Чаму не атрымліваецца стварыць здаровую атмасферу ў школах

Больш за ўсё мяне захапляе праца педагогаў у прыватных школах — менавіта там створана здаровая і прыемная атмасфера для дзяцей. Менавіта там сістэма выбудавана такім чынам, каб даць дзецям не толькі адукацыю, але і іншыя навыкі: крэатыўнасць, камунікабельнасць, уменне працаваць у групах і сацыяльную актыўнасць. Там і гаворкі не ідзе ні пра агрэсію з боку педагогаў, ні з боку вучняў.

Чаму не ўдаецца зрабіць так у звычайных школах? Адказ — справа ў каштоўнасцях. Пакуль каштоўнасці дзяржавы — падаўленне і падпарадкаванне, пра эмпатыю і здаровую апеку гаворкі быць не можа. Шкада ў гэтай сітуацыі ўсіх: і дзяцей, і дарослых. Сістэма нараджае людзей, якія з малых гадоў сутыкаюцца з абыякавасцю і недаверам. Вынік — скалечаныя лёсы.

Ганна Златкоўская, Budzma.org