Новая тысяча экзэмпляраў надрукавалася літаральна за два дні да падзеі — дзякуючы беластоцкаму выдавецтву «Kamunikat». Гэты наклад шмат у чым падобны да свайго папярэдніка. З новага — выпраўлены некаторыя памылкі, зменена папера. Першымі пакупнікамі кнігі сталі госці канцэрта-прэзентацыі. Падзея з удзелам Алеся Дзянісава, Chornabrova і гурта Relikt адбылася 30 кастрычніка ў Музеі вольнай Беларусі.
«Лявоннага ведала ўся турма»: госці памятнай імпрэзы збіраюцца пад відэалекцыю аўтара праекта «(Не)расстраляныя» Сяргея Будкіна. Ролік паказваюць у галоўнай залі Музея вольнай Беларусі. Частка наведнікаў уважліва прыглядаецца да пранізлівых кадраў, частка — ля стэнда побач — гартае старонкі эстэцкага выдання, якое літаральна два дні таму атрымала ўзнагароду за афармленне і вокладку. Вялікага памеру, аб’ёмнае, на 440 старонак. З архіўнымі фотаздымкамі, гісторыямі жыцця расстраляных літаратараў і выбранымі творамі, некаторыя з якіх друкуюцца ўпершыню.
«Гэта кніга — не пра ахвяраў. У ёй расказваюцца гісторыі маладых і амбітных людзей, якія жылі напоўніцу. Кахалі і верылі, расчароўваліся і памыляліся», — звяртаецца да публікі першымі радкамі «(Не)расстраляных» аўтар праекта Сяргей Будкін. Сёння ён — сярод гасцей імпрэзы
«Я даўно адпусціў гэты праект, — скажа потым Будкін у кулуарах. — Поўная загрузка на маёй працы не дазваляе мне развіваць яго надалей, але гэта і добра. Я бачу, як яшчэ з часоў нашага першага сезона, калі былі толькі песні і лекцыі, шмат хто зачараваўся ідэяй вяртання імёнаў паэтаў трыццатых. Калі я не памыляюся, сёлета па ўсім свеце прайшлі памятныя акцыі ў сорак адным горадзе свету. Гэта абсалютны рэкорд».
«Ніхто не страляе, але фактычна гэта смерць за кратамі»
Першы тыраж «(Не)расстраляных» выдавецтва «Янушкевіч» надрукавала ў лютым 2021 года. 700 асобнікаў разышліся пераважна паміж удзельнікамі праекта. Гэта рэдактары, аўтары артыкулаў, выдаўцы, а таксама музыканты, якія спрычынілся да стварэння адмысловай песеннай праграмы. Атрымалі кнігі і тыя, хто паспеў зрабіць перадзамову ў інтэрнэце. На продаж засталося каля сотні асобнікаў. На 85-ю гадавіну трагічнай даты з’явілася ідэя зрабціь чарговы наклад — каб людзі змаглі купіць гэту кнігу ў розных краінах свету.
Яраслаў Іванюк
— Як ідзе продаж?
— Думаю, пару дзясяткаў ужо купілі, — адказвае кіраўнік фундацыі «Kamunikat» Яраслаў Іванюк.
Людзей з кнігамі сапраўды большае. Моладзь і дарослыя, бацькі з дзеткамі, творчая інтэлігенцыя — агулам каля сотні беларусаў, якіх прывітаў вядоўца імпрэзы Васіль Дранько-Майсюк:
«Наша задача паказаць, што немагчыма знішчыць сапраўдных моцных людзей. Немагчыма знішчыць беларусаў».
Васіль Дранько-Майсюк
Драматург і літаратуразнаўца сольна і разам з актрысай Аленай Баяравай чытаў вершы Міхася Чарота, Алеся Дудара, Тодара Кляшторнага, прозу Міхася Зарэцкага, а таксама фельетоны Анатоля Вольнага. Па словах вядоўцы, яны не гучалі 97 гадоў. На выступ музыкаў Васіль Дранько-Майсюк натхняе захапляльнымі фактамі.
Васіль Дранько-Майсюк і Алена Баярава
«Першым нашым героем будзе Міхась Чарот. Ён пісаў такія паэмы, якія падабаліся ўсім! Ён напісаў першы беларускі мюзікл! Усё, што ён рабіў, было ярка, выразна, вельмі экспрэсіўна. Міхась Чарот быў таленавітым барытонам і зоркай хору Тэраўскага. Пясняр у прамым сэнсе гэтага слова», — запрашае вядоўца на сцэну Алеся Дзянісава.
Алесь Дзянісаў
Лідар гурта Dzieciuki заспяваў песню на верш «Бунтар» Міхася Чарота, а таксама выканаў творы на тэксты іншых паэтаў.
— Алесь, што сёння адчуваеш, пра што думаецца? — размаўляем з музыкантам пасля выступлення.
— Гэтыя людзі давалі ідэі, давалі прыклад, выдавалі творчасць. Любая таталітарная ўлада вынішчае спачатку людзей ідэі. І калі гэта адбываецца — няма тых, хто гэтыя ідэі будзе падаваць. А ёсць тое, што адбываецца сёння на Беларусі. Усё знішчана, усё зачышчана, і ідэі ствараюць толькі ўлады. Гэта і ёсць кантроль над усім. Людзі, на жаль, да канца яшчэ не зразумелі, што адбылося ў 2020 годзе. Сёння паўстае таталітарная дзяржава, у якой будзе зачышчана і знішчана ўсё, што не ідзе крокамі афіцыйнай ідэалогіі. Людзям даюць тэрміны па 18, 20 гадоў. Ніхто не страляе, але фактычна гэта смерць за кратамі.
«Свабоды радзімы не будзе, пакуль не будзе свабоднага народа. А народ, хоць і плоціць надзвычай высокую цану, пацвярджае, што памятае сваіх», — кажа са сцэны яшчэ адзін афіцыйны госць імпрэзы, амбасадар Беларусі ў Польшчы Артур Міхальскі.
Прэзентацыю «(Не)расстраляных» працягвае выступ спявачкі Паліны Дабравольскай. Chornabrova падрыхтавала песні на сучасныя вершы — Марыі Мартысевіч, Ганны Янкуты, Алеся Плоткі. Заспявала і некалькі ўласных радкоў, якія прысвяціла беларускім палітвязням.
Паліна Дабравольская
«У савецкай школе гэтай тэмы не існавала»
Ля сцэны дзеткі пачынаюць запальваць лампадкі. Удзячныя слухачы сустракаюць музычнага хэдлайнера — гурт Relikt. У Варшаве, дарэчы, гэта іх першы выступ поўным складам. Чатыры гады таму адмыслова для праекта музыканты запісалі трэк «Пра чорныя вочы» паводле прозы Міхася Зарэцкага.
Выступае гурт Relikt
«Дарэмна я пераймаўся, што на Зарэцкага ніхто ніколі не напіша песні, — цешыцца вядоўца Васіль Дранько-Майсюк. — Зарэцкі быў першай зоркай беларускай прозы, яго кнігі выкрадалі з бібліятэк. Там была жарсць! Там быў секс! Там быў дэтэктыў! Дагэтуль ніхто ніколі ў беларускай літаратуры гэтага не даваў».
Уладзімір Казлоў
— Гэтую песню мы не выконвалі амаль ад самага пачатку праекта, — прызнаецца вакаліст Уладзімір Казлоў. Пасля выступлення дадае: «Я рыхтаваў нейкую прамову, але калі выйшаў на сцэну... Эмацыянальна гэта вельмі складана. З пазітыўнага — шмат класных людзей. Яны прыходзяць, сустракаюцца — гэта самае галоўнае, таму што нам трэба быць разам».
«Канешне, гэта жалоба, — кажа лідар гурта «Дай дарогу» Юры Стыльскі, які таксама прыйшоў далучыцца да падзеі. — Добра, што людзі збіраюцца, нагадваюць адно аднаму пра гэту дату».
Юры Стыльскі
Сярод гледачоў — і вядомы беларускі бард Зміцер Бартосік.
— Самае крыўднае, што іх забілі, па сутнасці, на самым пачатку іхняга шляху. Вось што крыўдна і непапраўна. Многія з іх не дасягнулі росквіту, зусім маладыя
— Ёсць адчуванне, што сёння гэта падзея адгукаецца ў нас па-новаму?
— Я нават дакладна не магу сказаць, калі я даведаўся пра гэтую дату. У савецкай школе гэтай тэмы не існавала. Было пару абзацаў у падручніках гісторыі СССР пра «розвенчание мифа» культа асобы і пра нейкія «перегибы», якія былі дапушчаны ў канцы 1930-х гадоў. Усё! Пра маштабы і блізка нічога не было. У 1990-я гэтая інфармацыя звалілася на нас, але мне падаецца, што сапраўдная эмпатыя да гэтай падзеі ўзнікла ў 2020 годзе ў тых жа Курапатах. Калі некалькі тысяч людзей прайшлі праз свой асабісты боль і гэты боль іх паяднаў з тымі, хто там, у Курапацкім лесе, ляжыць. Вось што адбылося ў 2020 годзе, усе адчулі гэтую эмпатыю. Не кніжную, а сапраўдную — праз свой страх, праз свой боль была пракладзена гэтая энергетычная повязь.
Прэзентацыя выдання расцягнулася амаль на дзве гадзіны: спеваў, вершаў, прозы, успамінаў. Што істотна — скрозь прызму жыцця і любові. «Калі мы проста памінаем, — упэўнены Сяргей Будкін, — мы не да канца даем магчымасць праявіцца гэтым аўтарам у нашым часе і сцвярджаем, што яны якраз расстраляныя і такімі застануцца».
Завяршылася сустрэча казкай Тодара Кляшторнага — у натхнёным выкананні Васіля Дранько-Майсюка. «Чытайце Кляшторнага сваім дзеткам!» — заклікаў ён звяртацца да творчасці смелых, моцных і незалежных.
— Сёння ў нас таксама нялёгкія часы, але чытаючы іх прозу і фельетоны, іх вершы, мы будзем такімі ж моцнымі, такімі ж незалежнымі, такім ж файнымі. Там жывуць нашыя нерасстраляныя і Жыве Беларусь!
— Жыве! — паляцела варшаўскімі вуліцамі беларускае рэха.
Новае выданне кнігі «(Не)расстраляныя» можна бясплатна спампаваць на сайце
Там жа ёсць магчымасць замовіць і друкаваны варыянт выдання.
Паліна Часноўская, фота Аляксандра Валодзіна, Budzma.org