Працы мастачак Алены Кіш і Марыі Прымачэнка змешчаны ў Сусветнай энцыклапедыі наіўнага мастацтва, выдадзенай у Югаславіі ў 1984 годзе. Імёны жанчын стаяць побач з імёнамі славутых мастакоў-інсістаў Ніко Пірасмані ды Анры Русо. Апрача аднаго стылю, іх творчасць прыпадабняюць агульныя вобразы і ідэі. Што менавіта яднае беларуску Алену Кіш з украінкай Марыяй Прымачэнка, піша Кацярына Луцэвіч.
Карціна Марыі Прымачэнка, фота: wikiart.org
Алена Кіш: дзівачка, што хадзіла па вёсках і малявала дываны
Пра жыццё Алены Кіш на сённяшні час вядома мала. Дзякуючы намаганням слуцкага мастака Уладзіміра Басалыгі, які займаўся даследаваннем спадчыны мастачкі ў 1970-я, знойдзены невялікія біяграфічныя звесткі.
Алена Кіш
Нарадзілася Алена Кіш у 1889 годзе (або ў 1896) у пасёлку Раманава (цяпер вёска Леніна), які належыць да гістарычнай Случчыны. Пасля свайго брата яна была старэйшай з шасці сясцёр. Малявала дзяўчына з дзяцінства, не кінула справу і ў дарослым жыцці. Дакладна не вядома, дзе яна навучылася маляваць. Пэўныя навыкі Алена магла засвоіць ад бацькі-цесляра, які размалёўваў мэблю, альбо проста праз назіранне за працай вандроўнага мастака1. Як сцвярджае Уладзімір Басалыга, «жанчыну зачаравала маляванне, і яна, узяўшы торбу ды нейкія прымітыўныя фарбы, пайшла ў людзі. Забалаць, Прошчыцы, Радзішча, Бокшыцы, Васілінкі — гэта ўсё вёскі вакол Слуцка, па якіх яна хадзіла і прапаноўвала маляваць дываны для хат».
Мастачка стварала дываны ў няпросты для Беларусі час — 1930-я — 1940-я гады. Тады вяскоўцы турбаваліся наконт працы, агарода, будучыні сваіх дзяцей. Мала хто хацеў займець у сваёй хаце прыгожы дыван. Да таго ж рэдка хто плаціў мастачцы за яе працы грашыма, таму яна пагаджалася працаваць за бульбу, буракі, капусту — адзінае, што маглі ёй даць людзі. Алена дамаўлялася з гаспадарамі, што будзе жыць у іх, пакуль не скончыць працу. Акрамя стварэння дываноў жанчына пагаджалася фарбаваць плот. Заробленай гароднінай Алена дапамагала сваёй сям’і. Такія выпрабаванні былі ўласцівыя таму часу...
Пасля Другой сусветнай вайны творчасць Алены стала больш запатрабаванай. Інтэнсіўная перабудова вёскі і паляпшэнне інтэр’ера сялянскага жытла патрабавалі новых відаў яго дэкаратыўнага аздаблення1. Вельмі шанаваліся набіўныя і маляваныя дываны, якія пад канец 1940-х былі ў кожнай хаце. Як адзначае Ніна Русаковіч у кнізе «Песня аб райскім жыцці», такія дываны стваралі ў інтэр’еры мажорны настрой.
Маляваныя дываны Алены Кіш узбагачалі вясковыя хаты. Перш за ўсё яе дываны вылучаюцца рамантычным зместам, прывабным асабліва для дзяўчын. Паколькі многія хлопцы загінулі на вайне, а маладыя дзяўчаты марылі пра каханне, іх захаплялі дываны Алены. Менавіта там увасабляўся жаночы ўнутраны свет з уласцівай яму цнатлівасцю. Гэта адлюстравана на дыване «Ліст да каханага».
Алена Кіш «Ліст да каханага», фота: hvali.by
Апрача наіўных пачуццяў, дываны Алены Кіш звяртаюць нас да духоўнага, што было незвычайным для мастацтва пасляваеннага часу. Адмысловую ролю «духоўнага» ў дыванах «Ліст да каханага» і «У райскім садзе» адыгрывае шматгранны вобраз вады. З аднаго боку, вада адсылае да старажытнага сюжэта плавання сонечнага бога ў лодцы па сусветным акіяне для таго, каб аднавіць свае сілы і адрадзіцца да новага жыцця1.
Алена Кіш «У райскім садзе», фота: hvali.by
З іншага боку, можа адлюстроўваць чалавечы боль, як на дыване «Дзева на водах». На азёрных водах стаіць дзяўчына, якая заламала тры буйныя чараціны і са здзіўленнем глядзіць у пустэчу. На тых жа водах адзінокі човен, у якім самотная постаць пажылой жанчыны. Яна ўспрымаецца як матуля, якая шукае дачку. Вобраз згубленай дачкі вельмі аперсаналены, бо Алена не сустракала паразумення сярод людзей, мела рэпутацыю дзівачкі і скончыла сваё жыццё ў вёсцы Грозава, дзе жыла яе малодшая сястра Ніна. У 1949 годзе жанчына не вытрымала пакутаў і ўтапілася ў рацэ.
Алена Кіш «Рай», фота: hvali.by
Маляваныя дываны Алены Кіш звяртаюць нас да сутнасці чалавека, якой не можа існаваць без радасці і болю. Сюжэты напоўненыя яскравымі пачуццямі, што дае магчымасць паглыбіцца ва ўнутраны свет самотнага чалавека, які, нягледзячы на знешнія нягоды і галечу, спадзяецца на лепшае, пратэстуе супраць жабрацкага быту абяздоленай вёскі і стварае «страчаны рай» з багатымі вобразамі. Гэта робіць маляваныя дываны Алены Кіш не проста асабістымі, але і сацыяльнымі.
Марыя Прымачэнка: з надзеяй на лепшае праз усё жыццё
«Яе творчасць — адказ усім касмапалітычным пісанням пра тое, што вечнае толькі нацыянальнае. Яно жывіць пакаленне за пакаленнем, пераходзіць — пранікае з эпохі ў эпоху», — пісаў Пабла Пікаса пра Марыю Прымачэнка.
Марыя Прымачэнка. Фота: vogue.ua
Нарадзілася Марыя Аўксенцьеўна Прымачэнка 12 студзеня 1909 года на ўкраінскім Палессі ў сяле Балотня (цяпер Кіеўская вобласць). У родзе Прымачэнка было шмат выбітных людзей. Яе бацька Аўксенцій займаўся цяслярствам і разьбой па дрэве, майстраваў дваровыя агароджы ў выглядзе старажытнаславянскіх вобразаў. Маці Параска займалася вышываннем, апранала ўсю сям’ю ў самаробныя сарочкі. Бабуля Марыі размаўлёўвала велікодныя яйкі. Менавіта ад сваёй сям’і Марыя пераняла навыкі малявання і ўменне ствараць чароўны арнамент з непаўторным украінскім каларытам2.
У дзяцінстве Марыя захварэла на поліяміеліт. Адна нага ў яе значна пакрывілася і стала карацейшай за другую, і дзяўчына на ўсё жыццё засталася з інваліднасцю. Яна не магла рухацца без дапамогі мыліц. Праз хваробу яна не здолела атрымаць добрай адукацыі і скончыла ўсяго толькі 4 класы ў школе. Нягледзячы на цяжкасці, Марыя любіла жыццё. У яе абвастрыліся слых і зрок, з’явілася прага да творчасці. Яна ўзяла прыклад з маці і пачала займацца ткацтвам.
Калі Марыі было 26 гадоў, яе прыкмеціла мастачка Таццяна Флер і ацаніла яе творчасць. Дзякуючы намаганням мастачкі, праз год Марыю запрасілі ў Кіеў, дзе пры Усеўкраінскім дзяржаўным музеі былі арганізаваны Цэнтральныя эксперыментальныя майстэрні народнай творчасці з аддзеламі ткацтва, керамікі, разьбы і дэкаратыўнага роспісу. Потым майстэрні ператварылі ў Школу народных майстраў, якую скончыла Марыя. Там дзяўчына атрымала новы досвед: менавіта тады яна ўпершыню ўзялася за маляванне і вырашыла, што галоўным у яе жыцці будзе мастацтва.
Марыя Прымачэнка. «Звірі у Болотні», фота: wikiart.org
Першая серыя малюнкаў «Звірі у Болотні» была створана ў 1935–1941 гг. Казачныя жывёлы сталі неад’емнай часткай творчасці мастачкі на працягу ўсяго жыцця. Яе птушкі і звяры ўразілі наведвальнікаў на Першай міжнароднай выставе ў Парыжы ў 1937 годзе. На ёй мастачка атрымала залаты медаль. Малюнкі Марыі ацанілі Пабла Пікаса і Марк Шагал. Яе працы з нязменным поспехам пачынаюць экспанавацца на выставах у Парыжы, Варшаве, Сафіі, Манрэалі, Празе. Ёй неаднойчы прапаноўвалі пераехаць жыць у Кіеў, але яна прынцыпова засталася ў роднай Балотні даглядаць за сталымі бацькамі.
У Другую сусветную вайну жанчына страціла свайго мужа і брата, праз гэта яна на пэўны час пакінула працу. У 1960-я яна вярнулася да мастацтва з новымі сіламі.
Падзеі 1986 года не абмінулі Марыю Прымачэнка. Пасля Чарнобыльскай аварыі жанчына засталася ў Балотні з дзецьмі, нягледзячы на тое, што выбух адбыўся за 30 кіламетраў ад яе дома. Жахлівай падзеі Марыя прысвяціла цыкл прац, названы «Чорнобильський бестіарій». На выявах паказаныя незвычайныя жывёлы, народжаныя ў час экалагічнай катастрофы. Адметна тое, што нават самага страшнага звера (які выяўлены на карціне «Загроза війны») майстрыха ўпрыгожыла. Карціна «Четвертий енергоблок» ушаноўвае памяць ліквідатараў Чарнобыльскай аварыі. На выяве— энергаблок, дзе лётаюць птушкі і цвітуць кветкі як сімвал веры мастачкі ў тое, што чарнобыльская зямля адродзіцца.
Марыя Прымачэнка. «Четвертий енергоблок», фота: wikiart.org
Тэма барацьбы дабра і зла праходзіць праз многія карціны Прымачэнка. Усё як у казцы: жывёлы, дрэвы, кветкі размаўляюць, змагаюцца за дабро і сцвярджаюць яго, знішчаючы зло2.
Надзея на лепшае суправаджала Марыю ўсё жыццё. Нягледзячы на хваробу, яна заўжды імкнулася ствараць. Пасля вайны яна чакала свайго мужа дваццаць гадоў (хоць тое было дарэмна). Пасля Чарнобыльскай аварыі яна не пакінула родны куток, бо верыла ў яго лепшую будучыню. Менавіта надзея — той кіт, на якім трымаецца творчасць нязломнай жанчыны.
Што яднае дзвюх мастачак
Алена Кіш і Марыя Прымачэнка маюць розныя лёсы, аднак у дзвюх мастачак у жыцці былі падобныя падыходы да працы. І Алена Кіш, і Марыя Прымачэнка дэманстравалі сваё асабістае бачанне «ідэальнага свету», якое не адпавядала тагачасным традыцыям. У іх карцінах няма калектыўна-калгаснага шчасця. Яго замяняюць чароўныя сюжэты, створаныя пад уплывам народных вясковых традыцый. Можна пабачыць падабенства сюжэтаў на карцінах «Ліст да каханага» Кіш і Прымачэнка «Дівчина грає, парубка дожидає». Гераіні двух твораў мараць аб сустрэчы з каханымі. Іх чаканне быццам падзяляюць і птушкі, што сядзяць паблізу. Вакол іх — кветкі, сімвал жаноцкасці. Мроя, спадзяванне і гармонія з прыродай — тое, што яднае карціны.
Адлюстраванне звяроў таксама збліжае творчасць мастачак. Асабліва гэта заўважна ў маляванні львоў. У Алены Кіш насцярожаныя львы, якія не мігаючы глядзяць з палатна. Яны як сімвал пільнасці ахоўваюць навакольны спакой. На дыване «У райскім садзе» людзі і звяры жывуць у любасці і даверы адно да аднаго. Львы, як каты, гуляюць з дзьмухаўцамі і не ўяўляюць небяспекі для чалавека.
Фота Марыя Прымачэнка. «Звір гуляє», фота: wikiart.org
На карціне Прымачэнка «Звір гуляє» леў прападобнены да чалавека з добрымі вачыма. Цікава, што Марыя Прымачэнка толькі ў познім узросце пабывала ў заапарку, дзе пабачыла «цара звяроў». Маляваўшы льва, мастачка абапіралася не на тэхнічную правільнасць, а на ўласную фантазію2. Гэта заўважна і на іншых карцінах са львамі. У Кіш і Прымачэнка львы прадстаюць істотамі, якія маюць больш агульнага з чалавекам, чым з драпежнікам. Постаці звяроў прыносяць пачуццё цуду, надзвычайнай з’явы.
Такое адлюстраванне звяроў дае падставу меркаваць, што і Кіш, і Прымачэнка хацелі абудзіць у чалавеку чалавечнасць. Тую, якая праяўляецца ў павазе да жывёлаў, як малодшых братоў.
Рэінкарнацыя творчасці
У няпростыя часы мастацкая спадчына Кіш і Прымачэнка ледзь не была страчана. Праз неабыякавасць добрых людзей яна здолела выстаяць і нанова адкрыцца людзям.
Дываны Алены Кіш пасля яе смерці ўпрыгожвалі некаторыя хаты, але часам іх выкарыстоўвалі зусім не па прызначэнні. У некаторых вяскоўцаў дыван адгароджваў кароваў ад свіней у хляве.
Менавіта пасля хрушчоўскай адлігі адбылася пераацэнка афіцыйнага мастацтва сацыялістычнага рэалізму і з’явілася цікавасць да народнага мастацтва3. Пажоўклыя, абы-якія па якасці і саставе фарбы былі перакрытыя паверх сучаснымі (гуашавымі і акрылавымі) і загучалі моцна і яскрава. Вялікі ўнёсак у адраджэнне спадчыны Кіш зрабіў мастак Уладзімір Басалыга. Ён сабраў звесткі аб жыцці мастачкі, адрэстаўраваў яе малюнкі, нягледзячы на тое, што некаторыя вяскоўцы не бачылі ў гэтым сэнсу. Дзякуючы Басалыгу творчасць Кіш была ўключана ў нацыянальны пантэон і стала вядомая на ўвесь свет, калі яе дадалі ў Сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва.
Спадчына ўкраінскай мастачкі значна пацярпела ў час расійскага ўварвання 2022 года. Раніцай 25 лютага ў Іванкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, дзе знаходзіліся карціны Прымачэнка, трапіў снарад. Будынак амаль поўнасцю згарэў. Але 14 карцін Марыі здолелі выратаваць. Вартаўнік музея і яго жонка, Анатоль і Наталля Харытонавы, і яшчэ некалькі мясцовых вырвалі рукамі краты з вокнаў музея і вынеслі працы мастачкі з залы, якая гарэла. Падчас акупацыі творы мастацтва хавалі ў сакрэтным месцы. Зараз яны захоўваюцца ў адносна бяспечным месцы за межамі Іванкаўскага раёна.
Карціны мастачак знайшлі сваё адлюстраванне ў сучасных формах. Малюнкі Прымачэнка «ажывіліся» ў дзіцячых мультфільмах. Імі ілюструюць японскія буквары з мэтай развіцця дзіцячай фантазіі2. Маляваныя дываны Кіш выкарыстаў Мінскі гадзіннікавы завод «Прамень» у сваёй калекцыі «Асоба».
Гадзінік
Таксама творчасць Алены Кіш натхніла брэнд Murаškа Аdziеnniе на стварэнне шаўковых хустак з яе малюнкамі.
Хусткі па матывах малюнкаў Алены Кіш
Творы Кіш і Прымачэнка значна паўплывалі на нацыянальную міфатворчасць беларусаў і ўкраінцаў. Казачныя сюжэты натхнялі людзей на смелыя ўчынкі ў пераломныя часы, калі народнае мастацтва ў масавай свядомасці знаходзілася не на першым месцы.
Кацярына Луцэвіч, budzma.org
Літаратура
1. Н. В. Русаковіч “Песня аб райскім жыцці”. Маляваныя дываны Алены Кіш. “Беларусь”. Мінск, 2016.
2. В. Є. Щербак “Казковий живопис Марії Примаченко”. Миколаївська обласна бібліотека для дітей ім. В. О. Лягіна. Миколаїв, 2019.
3. В. А. Лабачэўская “Дыскурсы міфатворчасці Алены Кіш”. Навукова-метадычны часопіс “Веснік”. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Мінск, 2021.