Беларуская філалогія для Беластока — не навіна. Адпаведны факультэт існаваў тут і раней, але зачыніўся ў 2014 годзе з прычыны адсутнасці ахвотных на ім навучацца. Аднак з новага навучальнага 2025 года тут плануюць адкрыць новы факультэт этнафілалогіі. Ці добры для гэтага час, на каго разлічаны факультэт і якія ў яго перспектывы? Паразмаўлялі пра гэта з кіраўніцай Майстэрні беларусазнаўства ў Беластоцкім універсітэце, доктарам хабілітаваным Аннай Саковіч.
Уваход у корпус універсітэта ў Беластоку, дзе месціцца ў тым ліку філалагічны факультэт (Фота Rakoon, pl.wikipedia.org)
Кафедра беларускай філалогіі пачынае сваю гісторыю 24 лістапада 1999 года, дзякуючы ўхвале Сената Універсітэта ў Беластоку. Аднак яшчэ раней, у 1992 годзе, на аснове кафедры рускай філалогіі была створаная Майстэрня беларусазнаўства. У 1996 годзе, пасля ўтварэння Інстытута ўсходнеславянскай філалогіі, Майстэрня была пераўтвораная ў кафедру беларусазнаўства. Але з гадамі ўсё менш было ахвотных навучацца на беларускай філалогіі, на што былі аб’ектыўныя прычыны. Безумоўна, тут бачны ўплыў падзей і працэсаў у самой Беларусі, але і асіміляцыйных працэсаў сярод беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы.
У 2014 годзе беларуская філалогія ў Беластоку спыніла сваё існаванне, аднак працягнула сваю працу Майстэрня беларусазнаўства. Яе кіраўніца, доктар хабілітаваны Анна Саковіч пагадзілася адказаць на нашы пытанні.
— У Беластоцкім універсітэце паўстае факультэт беларускай этнафілалогіі. Плануецца, што з восені студэнты першага курса пачнуць сваё навучанне. Як з’явілася гэтая ідэя, і чаму менавіта цяпер узнікла такая неабходнасць?
— Такая ідэя ўзнікла таму, што па-першае, нам даўно хацелася, каб быў працяг існавання беларускай філалогіі ў Беластоцкім універсітэце.
На Беласточчыне жывуць шматлікія беларусы аўтахтоны, якія жывуць тут ні 20, ні 30 гадоў, ні пасля вайны тут апынуліся, але жывуць стагоддзямі на гэтай зямлі. Нават беларуская мова на гэтых тэрыторыях дамінавала ў нейкі час. Паказальныя ў гэтым сэнсе міжваенныя спісы насельніцтва, асабліва вёсак. Па-другое, памянялася палітычная сітуацыя і шмат беларусаў-эмігрантаў апынулася на Падляшшы. Да нас даходзілі такія пажаданні, каб была магчымасць працягнуць навучанне беларускай мовы ў той час, як ідзе дэградацыя беларушчыны ў самой Беларусі.
Доктар хабілітаваны Анна Саковіч у працоўным кабінеце (фота Яна Запольская)
— Што вы прапануеце патэнцыйным студэнтам?
— Гэта будзе працяг ранейшай працы, але ўзбагачаны трэцяй дысцыплінай. Раней былі літаратуразнаўства і мовазнаўства, цяпер дадаецца культуразнаўства. З увагі на тое, што цяпер у Беластоку з’явілася шмат беларусаў, і ў нас з’явіўся шанец набраць салідную групу студэнтаў. Таксама я звяртаюся да аўтахтонаў, якія хочуць працягнуць сваё навучанне. Ёсць у нас беларускі дзіцячы садок, можна вучыць беларускую мову ў школе, у ліцэі, але не было адпаведнай вышэйшай навучальнай установы. Ёсць кафедра беларусістыкі ў Варшаўскім універсітэце, але Варшава — дарагая, не кожнаму гэта даступна. Ёсць група студэнтаў у Познані. Але ў Беластоку — не было, але акурат у нас гэта павінна быць.
Увогуле ў місіі ўніверсітэта ў Беластоку запісана, што спадчына рэгіёна павінна брацца пад увагу пры навучанні.
То-бок павінны весціся даследаванні, але таксама і адукацыйная прапанова павінна быць складзеная так, каб гэтая спадчына не загінула, каб гэтую разнастайнасць захаваць. Таксама ў стратэгію горада Беласток упісаная шматкультурнасць. Нам спрыяюць шмат фактараў.
Улады ўніверсітэта пагадзіліся, каб адкрыць факультэт беларускай этнафілалогіі. Складзеная праграма, якая зацверджаная навуковай радай, Сенатам універсітэта. Цяпер пачаўся апошні этап. Першапачаткова планавалася група з 30 асоб, але зменшана гэтая колькасць да 25. З увагі на місію ўніверсітэта, я прасіла, каб дазволілі адкрыць групу нават тады, калі будзе 20 студэнтаў.
Доктар хабілітаваны Анна Саковіч у працоўным кабінеце (фота Яна Запольская)
— Кожны будучы студэнт задаецца пытаннем, а дзе ён зможа працаваць, атрымаўшы ў вас адукацыю?
— Студэнты пасля заканчэння атрымаюць ступень бакалаўра. А дзе працаваць? Найперш ва ўстановах культуры, Дамах культуры, розных арганізацыях, у тым ліку дзяржаўных, якіх багата на Беласточчыне.
Ужо з пяццю беларускімі арганізацыямі мы падпісалі ліст аб супрацоўніцтве, яны гатовыя ў тым ліку прымаць нашых студэнтаў на практыку.
Таксама можна працаваць у медыя, выдавецтвах і так далей. Таксама можна будзе працягнуць адукацыю. Існуе магчымасць працы настаўнікам пасля атрымання адпаведных педагагічных кампетэнцый.
Анна Саковіч паказвае шматлікія падручнікі і дапаможнікі, якія чакаюць будучых студэнтаў, і якія былі створаныя дзякуючы былым і цяперашнім супрацоўнікам універсітэта. Ёсць і дапаможнікі па беларускай мове, створаныя спецыяльна для студэнтаў беларускай філалогіі, і шматлікія выданні па літаратуразнаўстве.
Падручнікі і дапаможнікі (Фота Яна Запольская)
Што тычыцца праграмы навучання, то яна выглядае разнастайнай, але таксама шчыльна звязанай з рэгіёнам. Так, акрамя традыцыйнага навучання беларускай мовы, вывучэння граматыкі мовы, гісторыі літаратуры і так далей, знайшліся ў праграме такія прадметы як літаратура беларусаў Падляшша, Культурнае жыццё беларускага Падляшша, Шматкультурнасць польска-беларускага пагранічча, Гісторыя Беларусі і Падляшша, Рэлігіязнаўства і іншыя.
Навінкай, якую не прапануе ніякая іншая ВНУ у Польшчы, ёсць такі прадмет як Аналіз тэкстаў з часоў ВКЛ, на якім студэнты навучацца чытаць і разумець дакументы вялікалітоўскай дзяржавы.
У траўні ва ўсёй Польшчы пройдуць матуры (экзамены на атэстат сталасці), у чэрвені пачнецца электронная рэгістрацыя ва ўніверсітэтах. Для грамадзян Беларусі ёсць нюансы. Так, на старонцы Універсітэта ў Беластоку пазначана наступнае:
— Ад 3 лістапада 2023 года перастала дзейнічаць Дамова паміж Урадам Рэчы Паспалітай Польшчы і Урадам Рэспублікі Беларусь аб прызнанні эквівалентнасці вышэйшай адукацыі, раўназначнасці навуковых ступеняў і ступеняў у галіне мастацтва, якая стварала прававую аснову для навучання грамадзян Беларусі ў вышэйшых навучальных установах Польшчы. У сувязі з гэтым пасведчанні, атрыманыя ў Беларусі пасля 29 верасня 2005 года, якія даюць права на навучанне ў вышэйшых навучальных установах, падлягаюць у Польшчы пацвярджэнню праз Куратара асветы.
Беларуская этнафілалогія ў Беластоку чакае ахвотных навучацца. Як дадае доктар хабілітаваны Анна Саковіч, зацікаўленыя ўжо цяпер могуць прыйсці ва ўніверсітэт і атрымаць адказы на свае пытанні.
Яна Запольская, budzma. org