Марыя Грыц распавядае гісторыю са шчаслівым канцом пра пошукі прытулку для самотнага бяздомнага коціка, але гісторыя насамрэч не толькі пра коціка, а ў першую чаргу пра дабрыню, чалавечнасць, салідарнасць і пра тое, што «нават пасля самай доўгай бяздомнасці і стратаў можна аднойчы апынуцца там, дзе цябе чакаюць».

Марыя Грыц
Днямі я шукала дом для ката сярод бяздомных людзей.
Гэта самы звычайны кот. Не пародзісты, не інстаграмны, не з вачыма колеру бірманскага мора. Проста худы, чорна-белы (самы непапулярны для адопцыі), разгублены, вельмі самотны і дужа ласкавы кот, якому не было куды ісці. Яго выкінулі ў вёску, і ён радзіў, як мог, а мог не вельмі ўдала.
Муркот (так мы яго празвалі) прыбіўся да дома, дзе мы ладзім дзіцячы летнік. Дзеці ад яго былі ў захапленні — кармілі, лашчылі, нават малявалі ягоныя партрэты і плакалі бацькам у тэлефон, што ката варта забраць дадому. Кот ад такой увагі проста шалеў ад шчасця. Але мы ўсе разумеем, што лета скончыцца, усе раз’едуцца, а яму трэба будзе перажываць зіму і вось гэтае ўсё. Мой муж па зразумелых прычынах у выглядзе ўжо наяўных двух пухнатых бяздомышаў у нашай кватэры быў непахісны ў плане таго, што трэцяга нам не трэба (дзякуй, Мікіта, за тваё адэкватнае стаўленне да нашых магчымасцяў). Таму трэба было пытаць іншых людзей. Усіх людзей, да каго можна дацягнуцца!

Хто хоць раз намагаўся ўладкаваць бяздомыша, ведаеце, што гэта задача з зорачкай. Ператрымкі перапоўненыя, прытулкі і валанцёры — таксама. У сяброў ужо па адным, па двое катоў.
А другая зорачка — шукаць дом для ката сярод людзей, у якіх саміх з жытлом і з жыццём агулам вялікія праблемы. Калі ты не ведаеш, дзе і як будзеш жыць сам/а і твае дзеці, то ўзяць на сябе яшчэ адказнасць за жывёлу — гэта вельмі смела. Нават злёгку шалёна смела.
Але вясковы кот не мае дому, лезе на калені спяваць сваю каціную песеньку і плача аб горкай долі. Таму не было варыянту хаця б не паспрабаваць. Ведаеце, чаму? Бо калі ты сама пакаштавала бяздомнасці, пакінуць нават ката без увагі — проста немагчыма.
Калі я пісала ў ФБ пост з просьбай прытуліць каточка, у мяне ажно шумела ў вушах і пацелі далоні. Я разумела, што прашу вельмі шмат. Не проста забраць ката, а ўзяць на сябе яшчэ адну адказнасць у часы, калі многім цяжка несці нават свой мільярд людскіх праблем, а куды яшчэ ката...
Аднак з паста ў ФБ пачалася цэлая кампанія: людзі рэпосцілі допіс, тэлефанавалі сваім сябрам і знаёмым, часам нават незнаёмым людзям. Я не магла надзівіцца і нарадавацца, што зусім розныя людзі так супольна ўпісаліся ў змаганне за дом для жывёлкі. Мне прыходзілі паведамленні кшталту «я не магу яго ўзяць, але абтэлефаную валанцёрак», «мы не ў стане прытуліць, але ведаем, хто можа пагадзіцца», «я магу толькі пост напісаць» (што таксама нямала).
Мяркую, гэтая хваля салідарнасці з катом выкліканая тым, што нам усім хочацца ўтульнасці, вызначанасці, абароненасці і нават стабільнасці. І калі не выпадае атрымаць гэтага для сябе, то хай хоць для ката гэта стане не марай, а рэчаіснасцю. Вось мы патрошачку разгалосім, і адна жывая душа будзе ўратаваная.
І яна стала ўратаваная! Спадарыня, з якой я не была знаёмая, напісала і мне, і нашай супольнай сяброўцы — каб я ўжо дакладна даведалася, што Муркот ужо чаканы і не бяздомны.
Калі сяброўка атрымала тое паведамленне, то загадала трымаць мяне хаця б за руку, бо баялася выбуху эмоцый. Але ў мяне толькі пацяклі слёзы.
Слёзы палёгкі і радасці, слёзы захаплення тым, што мы ўсё яшчэ здатныя на неймавернае, чалавечае і такое пабытова-добрае. Гэта як казка, якую ты слухаеш перад сном пасля цяжкага дня і перад такім жа цяжкім днём наступным.
Але ж гэта не канец. Варта было яшчэ арганізаваць эвакуацыю ката з падляшскай вёскі ў польскую сталіцу. І зноў запрацавала наша павуцінка салідарнасці:
— Яўгеня, вітаю, маю папрасіць цябе аб вельмі спецыфічнай паслузе.
— Марыйка, я замуж за цябе не пайду, а на астатняе згодная.
— Перавязі ў Варшаву з Беластока ката.
— Няма праблемы, вязу.
О, а да Беластока як? Кіроўца аўтобуса, што возіць нас з цывілізацыі ў Пушчу, катэгарычна пагадзіўся везці Муркота. Дарэчы, ён таксама ўдзельнічаў у пошуках прытулку для яго.

І вось праз пару дзён Муркот-Барсік-Цімка-хтобтынібыўлюбыкоцік пачне сваё новае жыццё ў сям’і людзей, абазнаных у коцікавай справе.
«Марыя, не хвалюйцеся, мы зоймемся ягоным здароўем», — хіба можна жадаць нечага большага ў такой справе? Як па мне, то лепей і быць не можа. А яшчэ:
— Ірына, дзякуй аграменны, Вы — чароўная асоба.
— Гэта не я, а ўсе мы.
Ну што тут дадаць? Хіба што нічога...
Карацей, мы пакуем ката ў дарогу, з таго боку рыхтуюць хату для новага жыхара, а я з вамі дзялюся прыгожай гісторыяй са шчаслівым канцом.
Бо, калі шчыра, мы не толькі дапамагалі кату. Мы супакойвалі сябе і дазвалялі сабе верыць, што нават пасля самай доўгай бяздомнасці і стратаў можна аднойчы апынуцца там, дзе цябе чакаюць. І што дом — гэта не толькі месца. Часцей гэта людзі, якія раптам пачынаюць рухацца разам з табой і табе насустрач.
Марыя Грыц, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org