«Беларуская — мова любові». Верш ад Паўла Севярынца

Вольга Севярынец выклала на сваёй старонцы ў Фэйсбук верш, які даслаў з-за кратаў, асуджаны на сем гадоў зняволення, Павел Севярынец.


573.jpg

Беларуская — мова любові.
Ненавідзець — ня ў нашай крыві.
Бо сказана ў нашае мове:
«Пачынаецца ўсё з любві».

Беларуская — мова любові.
Толькі сэрцам магчыма пачуць:
Тут крыніцы бруяць у размове
І над кветкамі пчолы гудуць.

Беларуская — мова любові,
І, каб бліжні бяз клопату жыў,
Мы і родным у шчасці адмовім,
І сябе аддадзім на крыжы.

Беларуская — мова любові.
Гэтай мовы ў нас не адняць:
Мы і храмы, і замкі адновім,
Каб маліцца, спяваць і кахаць!

Беларуская — мова любові,
І калі ты яе збярог,
Нават у адзінюткім слове
Цябе ў вусны цалуе Бог.

Беларуская — мова любові:
Хрысціянаў з усіх краёў
У Самім Хрысце як аснове
Беларусь яднае наноў.

Адгукнецца ў Менску і Шклове:
«Не хлусі. Не крадзі. Не забі...»
Беларуская — мова любові.
Калі ты беларус — любі.

Верш Павел Севярынец, 05.02.2023