Пра моўнае пытанне піша філолаг, педагог, стваральніца і кіраўнічка Цэнтра беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры пры Віленскім педуніверсітэце, экс-старшыня Літоўскай асацыяцыі беларусістаў Лілея Плыгаўка.
Лілея Плыгаўка
Беларуска з Літвы Лілея Плыгаўка шмат год выкладала беларускую мову ў Віленскім педуніверсітэце. Дзякуючы яе старанням у Вільні ў свой час паўстала беларуская гімназія імя Францыска Скарыны. Зараз спадарыня Лілея працягвае навучаць мовам і не толькі, але ўжо прыватна і дыстанцыйна. Пра спецыфіку вывучэння беларускай мовы беларусамі піша Лілея Плыгаўка ў сваім Facebook.
Неяк пачула меркаванне: беларусы так забыліся на сваю мову, што павінны яе вывучаць як замежную.
Што магу наконт гэтага сказаць я? Як чалавек, які даследуе і выкладае ўсё сваё жыццё беларускую мову і беларусам, і замежнікам.
Згодна, што вялікая колькасць беларусаў знаходзіцца ў рускамоўнай прасторы, створанай у выніку русіфікацыі на працягу больш за 200 гадоў. Яна ўплывае на ментальнасць, паводзіны, адносіны, лад жыцця. Яна пераконвае, што беларуская мова — непатрэбная, другасная, не такая развітая і дасканалая. І чалавек паступова пачынае верыць у гэта.
Але ... але на генетычным узроўні дамінуе ЯНА, родная, беларуская. Згадзіцеся, нават недалёкія продкі многіх з нас размаўлялі на ёй штодня. І размаўляюць цяпер.
Гэта стварае дыскамфорт, які спараджае ўнутраныя комплексы, сорам, адчуванне сябе чалавекам/нацыяй другога гатунку.
Зразумела, такі дыскамфорт могуць спараджаць і іншыя прычыны. Але паколькі мова — асноўны сродак камунікацыі, то і адмаўляць уплыў нераўнапраўнага білінгвізму, пры якім менавіта родная мова другасная, было б няправільным.
Пра моц генетычнай памяці я пераканалася яшчэ ў 1991 годзе, калі пачала выкладаць беларускую мову грамадзянам Літвы — студэнтам беларускага аддзялення. У іх быў інтэнсіўны курс моўнай практыкі, каб у другім семестры яны маглі слухаць курсы па спецыяльнасці па-беларуску.
І што я заўважыла, літаральна праз месяц працы?
Тыя, у каго былі сваяцкія сувязі з Беларуссю, нават далёкія, нашмат хутчэй пачыналі пісаць, чытаць і размаўляць па-беларуску.
Гэта я заўважаю і сёння, калі да мяне прыходзяць вучні, што нарадзіліся і выраслі ў розных краінах, але, маючы беларускія карані, беларускую мову засвойваюць надзвычай хутка, бо генетычная памяць дапамагае ўзнавіць словы, фразы, граматычныя канструкцыі.
І другое. Беларускую мову вывучаюць у школе, яна ўжываецца ў розных варыянтах (літаратурная, дыялектная, размоўны варыянт — «трасянка»), таму ў кожнага беларуса ёсць свой моўны грунт, свая гаючая крыніца, якую дастаткова расчысціць, і яна заіскрыцца рознакаляровымі моўнымі скарбамі.
Дык ці можа быць родная мова замежнай?
Чытайце яшчэ: Лілея Плыгаўка: Беларуская мова не можа быць замежнай для беларуса, яна захоўваецца ў яго на генетычным узроўні. Толькі ўспомніць