Беларуская мужчынская песня загучала на вуліцах Варшавы

Гурт «Касары» прэзентаваў свой першы кліп на народную бяседную песню «Ой, да сонцэ».


Hurt «Kasary»
Фота Аляксандра Валодзіна

Рэжысёр Дзяніс Дзюба распавядае пра канцэпцыю кліпа і як на світанку праходзілі здымкі:

«Відэа — спроба асэнсаваць адну з найважнейшых роляў «Касароў». Гурт не чакае слухачоў і гледачоў у канцэртнай зале, а выходзіць да іх сам: на вуліцы, у бары, у парк — нават у самых нечаканых мясцінах горада можна пачуць гучныя непаўторныя мужчынскія спевы. Ідэя выкарыстаць у кліпе засцелены абрусам стол паўстала з традыцыі застольных бяседных песень, якія ўваходзяць у рэпертуар гурта. Канцэпцыя відэа прадугледжвала спробу перформансу і імправізацыі: уцягнення ў спеў жыхароў горада і турыстаў. Ад світанку да заходу сонца стол, за якім спявалі «Касары», вандраваў па Варшаве. Мы пачалі а 4-й раніцы над Віслай, працягнулі а 7-й у Старым горадзе, здымалі па абедзе на прыступках Палаца культуры і навукі».

Калектыў «Касары» быў створаны восенню 2023 года ў Варшаве ў межах студыі мужчынскіх спеваў, арганізаванай вядомым спеваком і выкладчыкам Сержуком Доўгушавым. Гурт спявае народныя беларускія мужчынскія песні: ваярскія, бяседныя, лірычныя, касарскія і валачобныя. За гэты час гурт ужо даў некалькі сольных канцэртаў у розных гарадах Польшчы, выступаў на Падляшшы і на вядомым фестывалі электроннай музыкі «Varušniak», зладзіў Валачобны абрад і яскрава адкалядаваў у Прэзідэнцкім палацы ў Варшаве. У бліжэйшых планах «Касароў» — запіс першага альбома, у якім будуць прадстаўлены розныя жанры беларускай мужчынскай песні: ад ваярскіх да лірычных. Акрамя таго, гурт плануе выступы ў іншых еўрапейскіх гарадах і працуе над новымі праектамі, якія злучаць беларускую традыцыйную і сучасную электронную музыку.

Гурт не толькі выконвае народныя песні, але і нясе важную культурную місію — захаванне ўнікальнай традацыі мужчынскіх спеваў і папулярызацыя беларускай музычнай спадчыны за межамі краіны. Іх канцэрты, вулічныя імправізацыі і ўдзел у розных культурных мерапрыемствах Польшчы спрыяюць таму, каб беларуская культура не знікала, а знаходзіла новыя формы і слухачоў.

Далучайцеся да музычнага падарожжа разам з мужчынскім гуртом «Касары», дзяліцеся кліпам, падпісвайцеся на Youtube канал і прыходзьце на канцэрты, каб разам адчуць моц беларускай песні!

Старонкі:

паводле прэс-рэлізу