Рэйтынг склала аўтарытэтная грамадская арганізацыя Twentieth Century Society, якая ўваходзіць у лік шасці грамадскіх арганізацый, упаўнаважаных касультаваць брытанскую дзяржаву ў пытаннях архітэктурнай спадчыны. Сярод такіх структураў Twentieth Century Society адказвае за будынкі, пабудаваныя пасля 1914 года.
Спіс 100 выбітных будынкаў XXI стагоддзя апублікаваны асобнай кнігай, паведамляе сайт Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане.
Беларуская царква апынулася ў адным шэрагу з такімі знакавымі збудаваннямі, як музей Tate Modern, 30 St Mary Axe (хмарачос-«гурок» у лонданскім City), стадыён Wembley і будынкі парламентаў Шатландыі і Валіі.

Царква Святога Кірылы Тураўскага і ўсіх святых заступнікаў беларускага народу была пабудаваная ў 2016–2017 гг. на замову Ватыкана для беларускай дыяспары ў Вялікай Брытаніі з нагоды 30-х угодкаў Чарнобыльскай катастрофы.
Беларуская царква размешчана ў паўночным Лондане побач з іншымі знакавымі для Беларусі будынкамі — хрысціянскім грамадскім цэнтрам Marian House і Бібліятэкай імя Францішка Скарыны. Яна стала першай драўлянай царквой, пабудаванай у Лондане пасля Вялікага пажару 1666 г. і першай беларускай царквой у замежжы, пабудаванай адмыслова для беларускіх вернікаў.

Унікальны праект царквы стаў вынікам маштабных палявых даследаванняў, праведзеных у Беларусі. Аўтар праекта, брытанскі архітэктар Цзывай Со, імкнуўся перадаць дух беларускай архітэктурнай спадчыны, моцна пацярпелай у XX стагоддзі.
Святыня арганічна злучае розныя эпохі. Яна захоўвае традыцыйныя рысы — двухсхільны дах, драўляную ашалёўку фасадаў і цыбулепадобны купал, — адначасова прапаноўваючы сучасныя архітэктурныя рашэнні. Адметнай асаблівасцю сталі лёгка хвалістыя вертыкальныя драўляныя сцены. Уначы схаваныя верхнія вокны прапускаюць вонкі мяккае святло, ствараючы далікатнае ззянне ў памяць пра людзей, якія загінулі ў драўляных цэрквах, спаленых нацыстамі ў гады Другой сусветнай вайны.
Уключэнне гэтай адметнай царквы, непасрэдна натхнёнай беларускай архітэктурнай традыцыяй, яшчэ больш замацоўвае яе статус як сімвала беларускай культуры, прызнанага на міжнародным узроўні, і падкрэслівае яе ўнёсак у архітэктурную спадчыну Вялікай Брытаніі.