Беларускі фільм патрапіў у конкурс Берлінале. Пра што ён?

У конкурс аднаго з найважнейшых кінафестываляў свету ўвайшла стужка «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» беларускага рэжысёра Юрыя Сямашкі. DW расказвае пра фільм і тых, хто над ім працаваў.


Lahatyp Bierlinalie
Лагатып Берлінале, Берлін 2024. Фота: Halil Sagırkaya/Anadolu/picture alliance

Драмедзі «Лебядзіная песня Фёдара Озерава», якая стала першым поўнаметражным фільмам беларускага рэжысёра Юрыя Сямашкі, уключана ў конкурс Forum Берлінскага міжнароднага кінафестывалю. Галоўны герой фільма — музыкант Фёдар Азёраў — спрабуе знайсці любімы швэдар, каб з яго «магічнай» сілай паспець напісаць новыя песні да пачатку трэцяй сусветнай вайны. Фільм створаны практычна без бюджэту.

Апошняя песня перад трэцяй сусветнай

Стужка здымалася ў Варшаве, а паводле прадзюсарскай кампаніі лічыцца літоўскай, таму яе аўтары жартуюць пра «літоўскі фільм, зняты беларусамі ў Польшчы». Прыкладна на 60% карціна беларускамоўная, у астатнім гучыць на рускай.

«Лебядзіная песня Фёдара Озерава» расказвае пра 25-гадовага музыку, які напярэдадні Новага года спрабуе сабраць свой гурт і запісаць з ім новы матэрыял. Аднак гэта даецца яму няпроста, бо ўсе навокал занепакоеныя чуткамі, што 1 студзеня пачнецца трэцяя сусветная вайна. Рашучасць Фёдара аднак руйнуюць не верагоднасць вайны, а знікненне яго любімага швэдара з рамонкамі, які, як ён лічыць, дае яму «магічныя» здольнасці пісаць песні. Таму галоўны герой адпраўляецца на яго пошукі.

Фёдара Озерава ў фільме грае музыка Вячаслаў Кміт: «Гэта мой першы досвед у кіно, і мне вельмі спадабалася: на працягу двух месяцаў цябе амаль кожны дзень здымаюць, усе вакол цябе бегаюць. Я адчуў сябе галівудскай зоркай і не хацеў займацца нічым, акрамя здымак. Так што я праз рукавы працаваў на асноўнай працы і хутчэй вяртаўся на здымачную пляцоўку».

Viačaslaŭ Kmit i Michail Zuj
Вячаслаў Кміт і Міхаіл Зуй. Фота: Yuri Semashko

Эпізадычныя ролі выканалі акцёры і музыканты Павел Гарадніцкі і Міхаіл Зуй, а таксама акцёры «Тутэйшага тэатра», які базіруецца ў Варшаве. Швэдар з рамонкамі для фільма стварыла мастачка па касцюмах і дызайнер Анастасія Рабава.

Па словах аўтараў, хаця па пэўных прыкметах у фільме бачна, што ён здымаўся ў Варшаве, яго героі — беларусы, і некаторыя сюжэтныя павароты намякаюць на тое, што дзеянне адбываецца ў Беларусі.

Сапраўдная магія швэдара з рамонкамі

Юрый Сямашка пачаў здымаць «Лебядзіную песню Фёдара Озерава» з бюджэтам 4 тысячы еўра, і, хоць на этапе постпрадакшна сума вырасла ў некалькі разоў, фільм можна назваць мікрабюджэтным.

«Мы здымалі адну кватэру ў чатырох варшаўскіх кватэрах, — распавядае аператар Сяргей Кавалёў, вядомы па фільмах «Маршрут перабудаваны» і «Галасы. Дзе мой край». — Пакой галоўнага героя здымалі дома ў акцёра, а кухню — ужо ў кватэры іншага чалавека. Гэта было вельмі інтэнсіўна — мы маглі здымаць усю ноч, а ў 6 раніцы ў мяне пачыналася змена на працы. Першы месяц было выдатна, шмат людзей загарэліся, усё ж такі беларускі рэжысёр здымае поўнаметражны фільм, але, вядома, стамляліся. Да канца на некаторых сцэнах мы з Юрам пераглядваліся: «Ну, добра, не будзем ужо старацца скокнуць вышэй за галаву».

«Čaroŭny švedar» z ramonkami
Той самы «чароўны швэдар» з рамонкамі. Фота: Yuri Semashko

Вячаслаў Кміт прызнаецца, што нізкі бюджэт, наадварот, заахвочваў яго дзейнічаць: «Гэтая партызанская атмасфера робіць з людзьмі зусім чароўныя рэчы. Большую частку здымачных дзён мы былі ўтрох з рэжысёрам і аператарам, атрымліваецца, 20 з нечым дзён мы плячом да пляча здзяйснялі творчыя подзвігі». Больш таго, як прызнаецца музыка, «магічны» швэдар з фільма дапамог яму і ва ўласным творчым жыцці: «На момант здымак у мяне быў мімавольны творчы перапынак — нічога не складалася па музыцы, не пісалася. Пасля заканчэння здымак я за ноч напісаў матэрыял для альбома, які мы зараз запісваем з маім гуртом. Вось такі швэдар, я б сказаў, што ён сапраўды чароўны, калі я яго апранаў — адчуваў нешта такое».

У фільме прагучыць і песня самога Вячаслава. «Я абсалютна не разважаў, згаджацца ці не, — успамінае музыка. — Юра даслаў мне нават не сцэнар, а ідэю, пра што будзе гэты фільм, і я падумаў: «Вау, дык гэта ж я», — і пагадзіўся».

Мікрабюджэтнае кіно на буйным кінафестывалі

«Лебядзіная песня Фёдара Озерава» — першы поўнаметражны фільм Юрыя Сямашкі, беларускага рэжысёра-самавука, вядомага ігравымі і анімацыйнымі работамі «Калі я быў Генерал», «Смеццевая галава», «Кроў і караоке». За кароткаметражку «Смеццевая галава» рэжысёр атрымаў тры ўзнагароды Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас’24», у тым ліку ў намінацыі «Лепшы ігравы кароткаметражны фільм».

Працу над поўнаметражным фільмам Юры Сямашка пачаў, атрымаўшы невялікі грант ад Інкубатара мікрабюджэтнага кіно ініцыятывы Belarusian Filmmakers’ Network.

Paviel Haradnicki
Ролю другога плана ў фільме сыграў музыка Павел Гарадніцкі. Фота: Yuri Semashko

«Я падлічыў, мы ўсе зараблялі долар ці нават менш за гадзіну, але кожны ўдзельнічаў у праекце не дзеля грошай, — кажа Сяргей Кавалёў. — Асабіста я пагадзіўся, таму што ўжо ведаў Юру і давяраў яму, бачыў, што ён гарыць гэтай працай, і лічыў, што ў такім выпадку ўсё атрымаецца».

Сяргей прызнаецца: яму складана паверыць, што фільм трапіў на Берлінале: «Для нашага беларускага кіно гэта вялікая падзея. Я ведаў пра такую верагоднасць і быў да гэтай навіны гатовы, але ўсё роўна складана яе ўсвядоміць. За апошнія чатыры гады было шмат падзей, і гэта ўспрымаецца як нешта эфемернае, быццам гадзіннік праб’е дванаццаць, і яно знікне. Я быў вельмі ўсхваляваны, калі пачуў ад Юры канчатковае пацверджанне».

Узрушаны быў і выканаўца галоўнай ролі: «У мяне трасуцца рукі, я хаджу з кута ў кут у сваім пакоі і ніяк не магу сабрацца, усе справы перанесеныя на наступны дзень».

Таксама на Еўрапейскім кінарынку Берлінскага міжнароднага кінафестывалю сёлета пройдзе пітчынг праектаў беларускіх аўтараў, сярод якіх будзе і фільм «Лебядзіная песня Фёдара Озерава», а акрамя таго, новыя праекты Улады Сяньковай, Андрэя Кашперскага і Міхаіла Зуя, Нэлы Агрэніч.