Калі паспрабаваць змясціць сённяшні стан беларускага кіно ў адной фразе, то выразу «ўсё вельмі дрэнна» будзе цалкам дастаткова.
У канцы мінулага года было заўважна, як кінапрацэсы ў Беларусі і за яе межамі няўмольна запавольваюцца. Стала відавочна, што філасофскае пытанне «ці існуе беларускае кіно» з культавага фільма «Акупацыя. Містэрыі» ўсё болей адчуваецца па-сапраўднаму экзістэнцыйным. Нешта сярэдняе паміж сціхаючым жыццём і блізкай смерцю.
Кадр з фільма «Так шмат і так мала» (рэжысёр — Аляксандр Матафонаў)
У дзяржсектары, за які амаль цалкам адказвае «Беларусьфільм», наступаючы некроз кінамастацтва заўважны праз раздвоенасць: нацягнуты аптымізм, які транслююць чыноўнікі публічна, і агіднасць працэсаў, якія сістэма робіць у закуліссі.
Адзін са значных трэндаў — гэта саспелая ідэалагізацыя дзяржаўнага кінакантэнту, памножаная на яго невысокую якасць і адсутнасць сапраўднай канкурэнцыі. Зараз любая форма, ад анімацыі да дакументальнага кіно, паўстае з мэтай шчодрага апылення гледача каштоўнасцямі ўладаў: міф пра сакральнасць вайны, генацыд беларускага народа падчас яе, звышдухоўнасць, сімвалы сённяшняй улады, уяўныя заваёвы і героі-прапагандысты, лаяльныя рэжыму.
На гэтым макабрычным фоне выключэннем з агульнага правіла выглядае фільм «Чорны замак» па аповесці Уладзіміра Караткевіча як прыклад якаснага забаўляльнага кіно з падкрэслена беларускім антуражам. Спрацавала, мабыць, тое, што ён зроблены пераважна расійскімі кінематаграфістамі па замове Мінкульта да 100-годдзя беларускага кіно і ідэалогіяй яго вырашылі не накачваць.
На прэс-паказе фільма «Чорны замак». Фота: «Маяк Палесся»
Тым часам рэпрэсіі на «Беларусьфільме» не спыняліся. Са студый анімацыі і «Летапісу» былі выціснуты ўсе нязручныя кінематаграфісты і менеджары, на месца якіх узялі больш памяркоўныя кадры, студэнтаў без досведу. З’явіўся нават рупар прапаганды Рыгор Азаронак, які, гледзячы па ўсім, будзе ажыццяўляць свае нерэалізаваныя студэнцкія амбіцыі.
Уладная вертыкаль таксама ўзмацнілася — новым кіраўніком Беларускага саюза кінематаграфістаў стаў блізкі да сямейства Лукашэнкі Яўген Арэндарэвіч, звольнены ў мінулым годзе экс-кіраўнік «Беларусьфільма» Уладзімір Карачэўскі «ўсплыў» у якасці менеджара дзяржаўнай сеткі кінатэатраў Мінска, а актор і дэпутат Руслан Чарнецкі амаль без кіраўнічага вопыту стаў новым міністрам культуры.
Усе яны занятыя ператварэннем кінавытворчасці і культуры кінапаказаў у інструмент прапаганды. Спадзевы на фінансаванне яны ўскладаюць на замежных партнёраў: Кітай, Індыю, Расію. У прыярытэце застаюцца крамлёўскія ўлады — пра гэта заявіў гендырэктар «Беларусьфільма» Юрый Аляксей падчас святкавання Дня беларускага кіно, папрасіўшы ў расійскага Фонда кіно на бліжэйшыя пару гадоў прафінансаваць стварэнне 20 стужак.
Тым часам здымаць незалежнае кіно, знаходзячыся ў краіне і не маючы фармальнай згоды дзяржавы ці падтрымкі партнёраў з Расіі, па-ранейшаму немагчыма. Калі нешта здымаецца, то паўпадпольна, на тэмы, якія моцна не перасякаюцца з беларускай рэальнасцю.
У пазбаўленай вялікай цэнзуры і забаронаў эмігранцкай прасторы кіно сітуацыя не лепшая.
Тут прагрэсуе крызіс адсутнасці фінансавання, які ўсё болей паглыбляецца. У мінулым годзе праз вайну і змены прыярытэтаў заходніх донараў згарнуліся праекты з тэледакументалістыкай Malanka.Doc, праект «Жыве Беларусь» тэлеканала «Настоящее время».
Унутрыпалітычная барацьба ўнутры краіны паставіла крыж на кінавытворчасці польскага тэлеканала «Белсат». Была негалосная інфармацыя, што падтрымалі два праекты, але цягам года нічога новага медыя так і не прадставіла. Пакуль канал перажывае балючую трансфармацыю і змену кіраўніцтва, якія скончацца толькі ў наступным годзе. Тады і будзе зразумела, ці стане канал працягваць здымаць кіна- і тэледакументалістыку.
Недахоп грошай адбіўся на адсутнасці заўважных прафесійных праектаў. Калі ў мінулым годзе мы абмяркоўвалі серыял «Працэсы», «За паўгадзіны да вясны», стужку «Радзіма». У гэтым — галоўнай падзеяй стала дэбютная поўнаметражная драма пра беларускіх палітвязняў «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч, якую паказалі на нью-ёркскай «Трайбецы», Гдыньскім кінафестывалі (узнагарода за найлепшы дэбют) і іншых замежных фэстах.
Каманда стваральнікаў фільма «Пад шэрым небам» на паказе падчас фестывалю «Паўночнае ззянне» ў Варшаве 9 лістапада 2024 г. Фота Алены Ляшкевіч
Чытайце па тэме:
У першай палове года таксама абмяркоўвалі дакументальнае рэаліці-шоу «Kanaplev+Leidik: Без рэтушы» пра бэкстэйдж працы сямейнай пары фатографаў Яўгена Канаплёва і Юліі Лейдзік, а таксама куратарскі дакументальны праект Максіма Шведа «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі». У апошнім аўтар «Чыстага мастацтва» з іншымі запрошанымі рэжысёрамі звярнуліся да тэмы 2020 года, распавёўшы пяць гісторый беларусаў, жыццё якіх істотна змяніў палітычны крызіс у Беларусі.
Астатняе кіно, якое трапіла ў конкурсныя праграмы фестываляў «Нефільтраванае кіно», «Паўночнае ззянне», «Глядач», «Бульбамуві» было ў значнай ступені аматарскім ці студэнцкім, з усімі недасканаласцямі мастацкай формы і зместу такога культурнага прадукту.
Кампенсавалася адсутнасць кіно павышанай калякіношнай актыўнасцю. На Еўрапейскім кінарынку, які праходзіў падчас Берлінале, яскрава прайшла цырымонія ўзнагароджання другой прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас» (тут варта ўзгадаць пра канфлікт інтарэсаў, бо аўтар гэтага тэксту з’яўляецца суарганізатарам падзеі).
Беларускія кінематаграфісты на цырымоніі ўзнагароджнаяя кінапрэміі «Чырвоны верас» у Берліне. Фота Змітра Брушко са старонкі «Чырвонага верасу» ў Фэйсбуку
Актыўнічалі і прыватныя кінаінстытуцыі.
Беларуская незалежная кінаакадэмія (BIFA) правяла пітчынг кінапраектаў у Берліне, увайшла ў склад Федэрацыі кінаакадэмій Еўропы і спрычынілася да медыйнай кампаніі па вызваленні з сербскай турмы палітвязня Андрэя Гнёта, стварыўшы публічны зварот, які падтрымала Еўрапейская кінаакадэмія. А таксама да юбілею беларускага кінематографа стварыла спіс з 50 найлепшых айчынных фільмаў за ўсю гісторыю, у стварэнні якога прынялі ўдзел эксперты і кінематаграфісты з розных краін.
Беларуская сетка фільммейкераў (BFN) засяродзілася на практычным вымярэнні працы. Арганізатары правялі другі маштабны з’езд айчынных кінематаграфістаў у нямецкім горадзе Трэбніц і працягнулі працу Інкубатара мікрабюджэтнага кіно, у межах яго ўжо паўстала два фільмы — «Раны і ўпрыгожанні» і «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» — і яшчэ два чакаюцца ў наступным годзе.
Усё гэта дадае лёгкага аптымізму, але сітуацыя з перспектывамі развіцця айчыннай кінакультуры выглядае вельмі змрочна. З аднаго боку, рэжысёры альбо працуюць на дзяржаву, якая нарошчвае абароты вытворчасці кінапрапаганды, альбо спрабуюць зачапіцца за мяжой (пераважна ў Еўрасаюзе і Расіі). Палярызацыя гэтых дзвюх частак кінапрасторы ўсё болей абвастраецца.
Нястача не ідэй ці сцэнароў, а грошай і магчымасцяў на іх рэалізацыю адчуваецца ўсё больш крытычна. І без яе неадкладнага вырашэння далейшае існаванне незалежнага кіно наўрад ці будзе магчымым.
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org