Чым розняцца беларуская і расійская ваенныя літаратуры? Ці маральна пісьменніку, які не быў на вайне, пісаць пра яе? А што наконт пісання пра сонейка і кветкі ў такі жудасны час?.. Пра гэта ды іншае гаворым з паэтам і перакладчыкам Андрэем Хадановічам.
— Ці ёсць радыкальнае адрозненне між беларускай і рускай літаратурай, прысвечанай вайне?
— Любая катэгарызацыя спрашчае. І беларуская, і расійская літаратуры вельмі розныя. Зразумела, што ёсць «У акопах Сталінграда» Някрасава, ёсць творы Віктара Астаф’ева... Але ўсё гэта губляецца, як кропля ў моры, сярод вялізнай колькасці кніг і фільмаў, якія праслаўляюць вайну, імперскі рэванш.
Калі спрошчана, то для расійскай кнігі пра вайну важная гераізацыя героя і самой вайны як такой, фіксацыя на перамозе. Нават у найлепшых, найсумленнейшых часам праскочыць, як у Акуджавы: «Мы за ценой не постоим...»
Беларуская літаратура паказвае вайну як нешта маскімальна нялюдскае. Калі за спінай расійскага героя ягоная дзяржава з усёй веліччу: «Не Москва ль за нами», то беларускі герой на вайне звычайна адзін. Вайна для яго — праверка чалавека на чалавечнасць. Як у Бібліі пра Іова, дзе Госпад назірае — зламаецца, здрадзіць, адрачэцца той ці не. І калі зламаецца, то, можа, і род чалавечы нічога не варты...
Найлепшы прыклад — творы Быкава. Гісторыя героя там маленькая, звычайна ніяк не ўплывае на хаду баявых дзеянняў. Але ў маральным і экзістэнцыйным плане — гэта вялізная, касмічная падзея. Фізічна чалавек можа загінуць, але вынікам будзе трыумф чалавечнасці.
— Ці можна сказаць, што ў беларускай ваеннай літаратуры герой заўсёды ў ролі ахвяры? Ці магчымы беларускі гераічны вайсковы эпас?
— Часам мне здаецца, у літаратуры беларускі гераізм іншы. Наш гераізм — не зрабіць кепскага. Не зрабіць зла. Нават на мяжы магчымага. Як у «Ліквідацыі» («Сотнікаве») таго ж Быкава: героя разам з цывільнымі вядуць на шыбеніцу. Рыбак ужо выракся, абраў бок зла. А іншая ахвяра, асуджаная на смерць сялянка, на імгненне ламаецца і кажа, што ведае, хто перахоўваў габрэйскую дзяўчынку...
Але тут жа з-за спіны таксама асуджаны стараста вёскі асякае яе кароткай рэплікай. Немцы пытаюцца, а жанчына змаўкае, выкручваецца і ў выніку не здае нікога. За што і губляе жыццё, але маральна перамагае. І гэта не менш важна за велічныя перамогі на полі бою.
Усю добрую беларускую літаратуру пра вайну можна смела назваць антываеннай. Не выпадкова, што ў нашай літаратуры раней за суседзяў нарадзіўся жанр нонфікшн. Калі аўтар гаворыць галасамі сведкаў, разумеючы ўсю адказнасць перад імі. Так зрабіў Алесь Адамовіч разам з Брылём і Калеснікам у «Я з вогненнай вёскі». Пасля пачала сістэмна рабіць Святлана Алексіевіч. Тут аўтар знаходзіць, запісвае, апрацоўвае — і не можа сабе дазволіць траскучы пафас і фантазёрства.
fot. Paweł Mazur, copyright: Instytut Kultury Willa Decjusza
— Ці маральна пісьменніку пісаць пра вайну не будучы на вайне, не судакрануўшыся з гэтай матэрыяй?
— Тут няма і не можа быць універсальнага правіла. Для кагосьці гэта немагчыма. А нехта, як акцёр, выкарыстоўвае маску, гаворачы галасамі іншых. Найлепшы прыклад — песні Высоцкага. У адрозненне ад Акуджавы, той не паспеў пабыць на вайне, але франтавікі яго слухалі і не маглі паверыць, што Высоцкі там не быў.
У дадатак, ніхто не адмяняў гістарычны жанр. Генрык Сянкевіч не быў пад Грунвальдам у 1410-м ці ва Украіне XVII ст. Караткевіч не ўдзельнічаў у антырасійскім Паўстанні 1863 года. Часам кажуць, што калі ёсць іншы свет, то пісьменніка там сустракаюць ягоныя героі — і судзяць адпаведна напісанаму.
— Ці дарэчна літаратару ў такія часы пісаць пра кветкі, сонейка, каханне і віно?
— Тут, зноў жа, няма правілаў. Сам штодня спрабую знайсці і перакласці нешта з сённяшніх украінскіх аўтараў. І гэта не толькі жэст падтрымкі, але і зачараваны погляд філолага на тое, як мастацтва сутыкаецца з выпрабаваннямі, дае ці не дае рады. І творы сяброў-украінцаў могуць быць крыкам гіперрэалізму, перапоўненым болем і пакутай, каб прабіць сцяну абыякавасці. А можа быць і нагадваннем, што вайна не вечная — і мір ды ўвогуле нармальнасць непазбежна вернуцца.
Выдатны паэт Паўло Карабчук напісаў верш, які складаецца з галасоў людзей, якія мараць пра тое, чым будуць займацца пасля перамогі. Вельмі кранальна, хоць у канцы ты разумееш, што не ўсе з гэтых людзей жывыя. Не ўсе народжаныя нават... Такі сабе касмічны хор галасоў. І тут якраз ёсць месца сонейку і кветкам. Але дайсці да гэтага можна адно даўшы рады выпрабаванням.
Працытую ягоны ж верш, напісаны ў першыя тыдні вайны:
калі дачакаем вясны і цяпла
хачу прыносіць табе букеты
але спярша хай нашае спа
варожыя знішчыць ракеты
хачу сустракаць цябе на пероне
і ўвечары ў рэчцы з табой купацца
але мне трэба ў тэрабарону
табе — у эвакуацыю
калі будзе лета і ціха ў дворыках
я цябе гладзіць хачу на світанку
ды перш няхай зграі кончаных оркаў
згараць у грэбаных танках
ніхто не забудзе радасць жыцця
ніхто не скорыцца дрэні
чакаем выхаду з укрыцця
цалуемся пад сірэнамі
— Нямецкія пісьменнікі, уключна з Томасам Манам, пасля Другой сусветнай доўга даводзілі свету, што «немцы» не раўно «нацысты». Ці лагічна будзе чакаць падобнага ад расійскіх пісьменнікаў? Ад беларускіх?
— Бачу, што найлепшыя расійскія пісьменнікі ўжо зараз гэтым займаюцца: кажуць словы падтрымкі Украіне, ведаючы рэакцыю на сваёй радзіме. І не важна, ці здольныя ўкраінцы пачуць іх зараз праз боль, смерці, нечалавечыя зверствы. Пакуль для ўкраінцаў усе расійцы на адзін твар — і гэта твар лютага ворага. Але для расійцаў гэта праца на будучыню. А таксама — праца з уласным сумленнем, гэта ім самім мо’ і больш патрэбна.
Днямі я мадэраваў у Кракаве сустрэчу з расійскім літаратарам і сатырыкам Віктарам Шэндэровічам, якога пуцінскі рэжым вызнаў «інаагентам». Той зрабіў дабрачынную вечарыну, каб сабраць грошы для ўкраінцаў. Калі чытаў свае творы, разважаў і адказваў на пытанні, галоўным быў пафас выбачэння. «Прабачце нам, бедным забойцам...» — працытаваў ён шварцаўскага «Дракона».
Падазраю, падобная задача будзе і ў беларускіх аўтараў. Наш імідж як нацыі таксама пацярпеў праз саўдзел рэжыму ў агрэсіі. Наіўна думаць, што беларусам забудуць, адкуль ракеты ляцелі на Кіеў...
У першыя дні вайны Бахарэвіч напісаў моцны зварот, адкрыты ліст да ўкраінцаў. Пераклады з украінскай рэгулярна з’яўляюцца ў паэтычным інтэрнэт-часопісе «Таўбін».
fot. Paweł Mazur, copyright: Instytut Kultury Willa Decjusza
Час загойвае раны, але шмат што залежыць ад беларусаў. Тых, хто ваюе на ўкраінскім баку. Хто валанцёрыць у Польшчы ды іншых краінах. Хто ўсімі магчымымі спосабамі змагаецца супраць вайны ў самой Беларусі. Залежыць у тым ліку і ад беларускіх аўтараў.
Нядаўна Андрэй Хадановіч стварыў ютуб-канал пра беларускую і сусветную літаратуру. У першым выпуску аўтар разважае пра ваенную і постваенную прозу Васіля Быкава, творы якога на тле вайны Расіі і Украіны зноў сталі актуальнымі.
Алесь Кіркевіч, budzma.org