18 чэрвеня, у 1957 годзе, пайшоў з жыцця беларускі мастак Вітольд Бялыніцкі-Біруля. «Будзьма!» вырашыла ўспомніць дзейнасць славутага мастака і складаны час, на які прыпала яго жыццё.
Шляхецкі род
Славуты беларускі мастак паходзіў са шляхецкага роду ВКЛ Бялыніцкіх-Біруляў, прадстаўнікі якога згадваюцца яшчэ ў ХVІ стагоддзі ў сувязі з Лівонскай вайной. Бацька Вітольда служыў у дняпроўскім параходстве, а таму ў хлопчыка была магчымасць часам падарожнічаць з ім па беларускіх рэках.
Адукацыя Бялыніцкага-Бірулі пачалася ў Кіеве з кадэцкага корпуса, пасля чаго ён пайшоў у знакамітую Кіеўскую малявальную школу Мурашкі, з якой звязаныя імёны такіх вядомых мастакоў, як Рэпін, Урубель, Сяроў і Малевіч.
Ва ўзросце 17 гадоў малады чалавек паступіў у Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. Але, пэўна, найбольшы ўплыў на далейшы шлях Вітольда зрабіла знаёмства з Ісакам Левітанам, у майстэрні якога ён пачаў працаваць і з якім завязаліся сяброўскія стасункі.
Траццякоў, Рэпін і Барселона
Нягледзячы на зменлівыя часы і культурніцкія зломы, якія прыпалі на гады жыцця мастака (1872–1957) — лад Расійскай імперыі ХІХ стагоддзя, рэвалюцыя, паслярэвалюцыйная культурніцкая вольнасць і эксперыментальнасць, рэпрэсіі, вайна і гэтак далей, — асоба і творчасць Бялыніцкага-Бірулі атрымалі прызнанне даволі рана і працягвалі ўтрымліваць аўтарытэт цягам далейшых перыядаў.
Калі Вітольду было ўсяго 20 гадоў, ягоную карціну для сваёй галерэі набыў Павел Траццякоў. Сюды ж трэба дадаць прызнанне іншага старэйшага калегі мастака — Іллі Рэпіна, якіх захапляўся творчасцю Бялыніцкага-Бірулі. Ягоныя творы выстаўляліся на шматлікіх выставах і конкурсах, у тым ліку міжнародных. Так, на Мюнхенскім міжнародным фэсце ён атрымаў ганаровы медаль, бронзавыя — на Міжнароднай выставе ў Барселоне і залаты — на Каўказскай юбілейнай выставе.
Агулам пералік дасягненняў і рэгалій (як у дарэвалюцыйны перыяд, так і ў савецкія часы) Бялыніцкага-Бірулі надзвычай вялікі, сярод іх, акрамя вышэй згаданых, — абранне сябрам Таварыства перасоўнікаў, званне акадэміка жывапісу Расійскай імператарскай акадэміі мастацтваў, сяброўства ў Саюзе рускіх мастакоў, удзел у Таварыстве мастакоў імя Куінджы і Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыйнай Расіі, атрыманне званняў народнага мастака БССР, РСФСР, ганаровага акадэміка беларускай Акадэміі навук і правадзейнага сябры Акадэміі мастацтваў СССР і многае іншае. Акрамя таго Вітольд Бялыніцкі-Біруля лічыцца адным са стваральнікаў жанру мемарыяльнага пейзажу.
«Я — беларус»
Важнае месца ў біяграфіі Бялыніцкага-Бірулі займае дача (сядзіба з майстэрняй) «Чайка», якую ён пабудаваў на беразе возера Удомля ў Цвярской губерні. Менавіта гэтыя мясціны і ваколіцы мастак абраў для сваёй творчасці і крыніцы натхнення, працы на пленэрах, палявання і адпачынку, дзе гэтаксама часта любіў працаваць ягоны сябра і настаўнік Левітан. Тут жа ў 1917 годзе Бялыніцкі-Біруля стварыў мастацкую школу для сялянскіх дзяцей.
Цікава адзначыць, што «Чайка» была не толькі своеасаблівым творчым прытулкам самога мастака, але і месцам працы і адпачынку для шэрагу знакамітых творцаў, якіх ён запрашаў: актораў, тэатральных дзеячаў, мастакоў. У прыватнасці, сюды завітвалі акторы МХАТ, чэмпіён свету па шахматах Барыс Спаскі і нават Міхаіл Фрунзэ.
Нягледзячы на тое, што пераважную частку жыцця Бялыніцкі-Біруля правёў у Расіі, мастак заўсёды падкрэсліваў, што ён беларус, і нават выказваў шкадаванне і пачуццё абавязанасці радзіме, пра якую, на яго думку, вельмі мала пісаў. Таму ў пасляваенныя часы мастак прыехаў у Беларусь, дзе некаторы час жыў у Белай дачы ў Мінску і паспеў напісаць каля трыццаці твораў.
Памёр Вітольд Бялыніцкі-Біруля ў 1957 годзе на сваёй дачы «Чайка» і пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве.
Архіўны тэкст, упершыню апублікаваны 11.02.2021 г.
Кірыл Стаселька, budzma.by