Беларускія актывісты прапанавалі перайменаваць праспект Дзяржынскага ў гонар Ластоўскага. Вось што адказаў Мінгарвыканкам

У Мінгарвыканкам была дасланая петыцыя з прапановай перайменаваць праспект Дзяржынскага і надаць яму імя Вацлава Ластоўскага — вядомага беларускага культурнага і палітычнага дзеяча. Адказ Мінгарвыканкама апублікавалі на сайце petitions.by.


minsk.jpg

Што напісана ў петыцыі

«Фелікс Эдмундавіч Дзяржынскі (1877-1926) — адзін са стваральнікаў Усерасійскай надзвычайнай камісіі па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам, распачынальнік Чырвонага тэрору ў Савецкім Саюзе, кіраўнік падаўлення антыкамуністычных паўстанняў ва Украіне. Актыўна выступаў супраць надання дзейнасці камуністаў легальнага і мірнага характару.

Дзяржынскі стаў чалавекам, які вызначыў будучую сістэму катаванняў у СССР.

Больш за тое, Дзяржынскі нават не быў этнічна беларусам. Ён этнічны паляк, які нарадзіўся ў Беларусі», — пішуць аўтары петыцыі і заклікаюць прайменаваць праспект Дзяржынскага «на гонар больш віднага дзеяча беларускай культуры, Вацлава Ластоўскага».

Вацлаў Ластоўскі быў філолагам, пісьменнікам, рэдактарам «Нашай Нівы», прэм’ер-міністрам БНР, дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам гістарычных факультэтаў Інбелкульта, акадэмікам Беларускай АН. Ён стварыў першы руска-беларускі слоўнік, першы дэтэктыўны раман «Лабірынты», выдаў «Кароткую гісторыю Беларусі», выступаў за ўтварэнне беларускай дзяржавы ў этнаграфічных межах рассялення беларускага народу, акрэсленых Яўхімам Карскім у 1905 годзе, удзельнічаў у рэформах правапісу 1926 г.

«Ластоўскі зрабіў для беларускай культуры, дзяржавы, літаратуры, народа і нацыі значна больш, чым Дзяржынскі,» — падсумавалі ў петыцыі.

Што адказаў Мінгарвыканкам

На просьбу перайменаваць праспект Дзяржынскага на праспект альбо вуліцу Ластоўскага, а таксама прыпынак Дзяржынскага, што знаходзіцца каля помніка безыменным салдатам і могілак Пятроўшчыны, на прыпынак Ластоўскага, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт даў адказ.

У ім гаворыцца, што прапановы аб найменаванні або перайменаванні аб’ектаў могуць уносіць мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, іншыя арганізацыі, а таксама грамадзяне пасля правядзення мясцовага сходу або рэферэндуму па гэтым пытанні. Прапановы павінны абгрунтоўваць неабходнасць наймення або перайменавання.

«Прымаючы да ўвагі нязручнасці, якія створыць перайменаванне элементаў вулічна-дарожнай сеткі для грамадзян і арганізацый (пераафармленне дакументаў на права ўласнасці, унясенне ў статутныя і іншыя дакументы), значныя фінансавыя выдаткі, камісія ўстрымліваецца ад перайменавання састаўных частак г. Мінска,» — гаворыцца ў адказе на петыцыю.

Нагадаем, у 2005 годзе ў Мінску перайменавалі праспекты Францыска Скарыны і Машэрава ў праспекты Незалежнасці і Пераможцаў адпаведна. Гэта было зроблена па загадзе Аляксандра Лукашэнкі. Ніякіх сходаў і рэферэндумаў пры гэтым не праводзілася. Як бачым, нязручнасці для грамадзян і арганізацый і значныя фінансавыя выдаткі ніхто тады ў разлік не браў.

Чытайце яшчэ:

«Падарожнік». Комікс пра вандроўку Вацлава Ластоўскага

Навошта Ластоўскі прыдумаў Крыўю?