Беларускія музыкі запісалі песьню ў абарону ненароджаных дзяцей (мp3-прэм’ера)

01.06.2012 Музыка

У міжнародны дзень абароны дзяцей праект «У абарону жыцьця» прадстаўляе на Tuzin.FM песьню «Плач зямля». Гэты сьпеў у выкананьні Ірыны Бейні ўвайшоў у мюзыкл «Маё сэрца б’ецца», што паставіў вядомы актор і рэжысэр Павал Харланчук. Аўтары трэку спадзяюцца, што прыйдзе той час, калі сусьвет забудзецца на такія словы як «аборт» ці «непажаданы дзіцёнак».

Ужо некалькі гадоў запар у межах праекту «У абарону жыцьця» ладзяцца мерапрыемствы, прысьвечаныя абароне ненароджаных дзяцей. Ад пачатку ідэяй канцэрту было ў творчы спосаб узьняць праблему абароны права на жыцьцё дзіцёнка,. Штогод гэтую акцыю падтрымлівалі такія вядомыя музыкі і выканаўцы, якАляксандар ПатлісГанна Хітрык, гурты «Новы Ерусалім» і «Спасение».

Гэтым разам центральнай падзеяй праекту стане музычны спэктакль «Маё сэрца б’ецца». Яго прэм’ера адбылася ў 2009 годзе ў ДК МАЗ, а неўзабаве гледачы змогуць убачыць пашыраную і абноўленую вэрсію мюзыкла. Аўтары пастаноўкі паспрабавалі ўявіць жыцьцё дзяцей да іх нараджэньня. Маленькія героі навучаюцца ў Нябеснай школцы, дзе анёлы-выхавацелі дапамагаюць ім вывучаць няпростыя навукі жыцьця. У школьны час будучыя музыкі, мастакі, настаўнікі праходзяць нечаканыя выпрабаваньні, зьдзяйсьняюць марское падарожжа і безумоўна чакаюць галоўную падзею – выпускнога дню – то бок свайго нараджэньня.

На жаль, ня ўсіх дзетак чакае сустрэча з бацькамі. Адзін з «выпускнікоў»… не нараджаецца. Сьвет панёс вялікія страты ад згубленага маленькага жыцьця. Гэтую трагічную падзею суправаджае адмыслова напісаны для мюзыкла сьпеў «Плач зямля». Яго стварылі кампазітар Алёна Сітнік сумесна з паэткай Дар’яй Шэінай. Лірычны сьпеў споўнены турботай і шкадаваньнем пра дзяцей, якія так і не прынесьлі ў сьвет шмат усьмешак і радасьці, якія так і не спазналі радасьцяў бацькоўскае любові.

Сьпеў выканала Ірына Бейня, лідэр гурта «Эдэм». Напрыканцы выканаўца падсумоўвае, што яна «верыць, што ўсё будзе іначай» і зрэшты аднойчы сусьвет забудзецца на такія словы як «аборт» ці «непажаданы дзіцёнак».

«Напісаньне сьпева нялёгка далося нам, бо цяжка нават уявіць, што адчувае дзіцёнак, ад якога адмаўляюцца бацькі, ажно да ягонага нараджэньня. Дзіўна, што акурат у гэты дзень ішоў дождж. Пісаць такую песьню эмацыйна было вельмі цяжка» –прызнаецца аўтар словаў, Даша Шэіна.

Сам мюзыкл сёлета будзе паказаны тройчы. 1 чэрвеня ў 19.00, 2 чэрвеня ў 11.00 і 19.00 у Моладзевым тэатры эстрады. У пастаноўцы задзейнічаны Павал Харланчук, Ганна Хітрык, Міхаіл Эсьман, Уладзімер Козічаў, Ганна Харланчук.

Праект «У абарону жыцьця»  Плач зямля

(музыка  – Алена Сітнік, словы  – Дар’я Шэіна)

Сайт праекту «У абарону жыцьця»:  savelife.by.

«Тузін Гітоў»