«Бульбяная», «Мядуха», «Лянок», «На ростанях», «Паляўнічы»... За савецкім часам у русіфікаваным Менску існаваў шэраг вядомых беларускамоўных брэндаў. Ці была тады нейкая «разнарадка» на «беларускасць»? Што стала з тымі брэндамі? Чаму на іх месцы не з’явіліся раўназначныя па папулярнасці беларускамоўныя назвы? Разважае Лявон Вольскі.
Колішняя кавярня «Бульбяная» ў Мінску. Фота: citydog.io
Нават у савецкім, наскрозь русыфікаваным Менску трапляліся беларускамоўныя назвы! Кавярні, рэстарацыі, крамы...
Глядзіце: на праспэкце перад плошчай Якуба Коласа месьцілася рэстарацыя «Бульбяная» — адмыслова створаная ўстанова для падтрымкі легенды пра «Беларусь — краіну бульбы». Прыводзіш туды госьця з сталіцы нашае радзімы Масквы ці то з сонечнага Ташкенту, і ён упэўніваецца, што кулінарная кніга «300 страваў з бульбы» — гэта ня казачны эпас, а твор, заснаваны на рэальных падзеях.
На самой плошчы імя клясыка беларускае літаратуры знаходзілася кавярня «На ростанях» — тут удала супала і назва празаічнага твору народнага паэта, і мейсцазнаходжаньне гэтага пункту грамадзкага харчаваньня — сапраўды на ростанях — калі стаць на ганку кавярні, дык наўпрост будзе дарога на ўсход, направа — калі мінуць філярмонію і ўсе Залатыя горкі, дык паступова выберасься ў бок трактарнага заводу, налева — выйдзеш да Камароўкі і далей, па Арлоўскай — у Фрунзэнскі раён. А ззаду ў цябе будзе Круглая (ці то «Кругляк», ці то «Перамогі») плошча і дарога на вакзал. Таму «На ростанях» — вельмі трапная назва. Народ, які любіць усё перайначваць у пэўны бок, пераназваў кавярню ў «На простынях», і гэта лішні раз падкрэсьлівае папулярнасьць кавярні і ейнае назвы.
Дом, у якім знаходзілася кавярня «На ростанях». Фота: instagram.com/minsk.interesting
Калі ад «ростаняў» пойдзеш па праспэкце ў бок вакзалу, дык зь левага боку натрапіш на краму «Лянок» (у 60-я — 70-я была папулярная народная песьня «Ой, сэрца, лянок, мая радасьць ты, лянок, ты — бялюсенькі кужалёк»). Там мінчанін альбо госьць беларускае сталіцы мог набыць беларускія льняныя вырабы — рушнікі, фартухі, прасьціны. Мастакі ж куплялі ў «Лянку» «бартоўку» — палатно для сваіх несьмяротных карцінаў.
Крама «Лянок». Фота: yandex.by
Адразу за «Лянком» знаходзілася кавярня «Паляўнічы» — на двух паверхах, другі — у сутарэньні — тут ужо са стравамі ня толькі з бульбы, але і зь некаторай прэтэнзіяй на шляхетнасьць. Мяса ў гаршчочках, мачанка, фірмовыя катлеты «Папараць-кветка» ды «Нясьвіская» — натуральная пагулянка пасьля ўдалага паляваньня.
Калі ж ісьці ад «ростаняў» у бок Камароўкі, дык праз «Шынок у Лявона» (відаць, адзіны шынок у Менску, калі я памыляюся, папраўце!) дойдзеш да крамы «Несьцерка», дзе прадаваліся пачварнаватыя ўзоры савецкае лёгкае прамысловасьці — ад абутку і гарнітураў да радыё і магнітафонаў.
Калі ж пайсьці праспэктам у бок вакзалу і крыху збочыць налева, на вуліцу забітага Сталіным папулярнага ў народзе (таму й забілі!) піцерскага кіраўніка Кірава, дык быў шанец сесьці за столік у кавярні «Мядуха» — са стравамі традыцыйнае беларускае кухні.
Натуральна, былі ў нашай сталіцы яшчэ нейкія беларускамоўныя кропкі, але тут я ня стаўлю на мэце пералічыць іх усе. Проста цікава, што яны наогул былі. Магчыма, існавала нейкая «разнарадка», якая рэглямэнтавала «беларускасьць» назваў гарадзкіх установаў, ня ведаю. Прынамсі, артысты, якія за савецкім часам працавалі ў філярмоніі, скардзіліся, што ад іх патрабуюць, каб нейкі (насамрэч, невялікі) адсотак рэпэртуару быў па-беларуску. Артысты былі чамусьці ня надта задаволеныя гэтай акалічнасьцю, але, нягледзячы на гэта, некалькі эстрадных хітоў «усесаюзнага значэньня» на беларускай мове былі ў той безнадзейны час напісаныя.
Чаму я падумаў пра «разнарадку»? Можа быць, таму, што — парадокс! — скончыўся савецкі час, і паступова пачалі зьнікаць гэтыя, здавалася б, трывалыя й назаўсёды знакамітыя брэнды.
«Бульбяная» пераўтварылася ва ўніфікаванае «Лідо», у былыя «ростані» засялілася сеткавая крама побытавае тэхнікі, «Паляўнічы» зрабіўся «Olivo», рэстарацыяй, якая магла б знаходзіцца ў любым горадзе любой краіны, на мейсцы «Несьцеркі» — крама спартовага адзеньня, «Мядуха» цяпер называецца «Кружки» (незразумела, на які склад ставіць націск?) і падобная да якое піцерскае піўное рэстарацыі. Выжылі пакуль адно «Шынок у Лявона» ды «Лянок». Пакуль.
Бывайце, беларускамоўныя брэнды! Малюнак Лявона Вольскага
Новы час, пры ўсёй разнастайнасьці камэрцыйных установаў, не прынёс роўных па вартасьці тым, савецкім, беларускамоўных брэндаў. Ну, ёсьць пару ў Менску, я іх ня буду называць, бо вы самі ўсё выдатна разумееце, час такі. Але — ня ведаю, дзіўна ці сьмешна? — назавіся ты «Чорны замак альшанскі» ці то «Дзікае паляваньне», ці «Смаленьне вепрука», ці «Белая яблыня грому», або «Новая зямля», вазьмі словы зь песьні, з кнігі, зь вершу, знайдзі і аднаві трапную гістарычную назву...
У Беларусі страшна? Можна пацярпець толькі за беларускую мову? Дык а колькі харчовага і іншага бізнэсу зь беларускімі каранямі раскінулася за апошнія гады па сьвеце? І ўсё называецца неяк так... Нэўтральна, халодна, трывіяльна. Хаця — вы ж ведаеце выраз пра «як назавеш, так і паплыве». Дык — называйце, ня бойцеся, не саромцеся!
Калі што якое, зьвяртайцеся па дапамогу.
Лявон Вольскі, Budzma.org