Беларускія святары Аляксандр Кухта і Георгій Рой перайшлі ў Сусветны Патрыярхат

Протаіерэй Георгій Рой і іерэй Аляксандр Кухта (вядомы яшчэ як блогер) — святары Беларускай Праваслаўнай Царквы, што з’ехалі ад пераследу ўладаў у Літву.


Яны заявілі сваю пазіцыю ў кантэксце беларускага палітычнага крызісу і расійскай агрэсіі супраць Украіны. У звароце да Архіепіскапа Канстанцінопаля — Новага Рыма і Сусветнага Патрыярха Варфаламея яны тлумачаць, што не могуць з меркаванняў сумлення працягваць знаходзіцца ў юрысдыкцыі Маскоўскага Патрыярхата, паведамляе «Хрысціянская візія: Не вайне!».

swiat01.jpg

Святар Аляксандр Кухта. Фота: https://t.me/christianvision 

swiat02.jpg

Святар Георгій Рой. Фота: https://t.me/christianvision 

Напярэдадні Дабравешчання, на падставе дзясятага канону VII Сусветнага сабора, а таксама 17 і 18 правілаў Трульскага сабора, Сусветны Патрыярх разгледзеў прашэнні беларускіх святароў і прыняў іх пад свой амафор.

На Вялікдзень 2023 года ў Вільні адбудзецца першае богаслужэнне беларускіх святароў Сусветнага Патрыярхата для праваслаўных беларусаў. Дэталі аб месцы і часе здзяйснення богаслужэння будуць паведамлены пазней.