Выйшаў новы ролік адукацыйнага відэапраекта для дзетак «Разумняты». Разам з вядучай Алачкай рушым у вандроўку ў край блакітных азёр - Віцебшчыну. Якія скарбы хавае віцебская зямля, хто са знакамітых беларусаў нарадзіўся на Віцебшчыне, якая легенда звязана з самым старажытным горадам Беларусі і дзе можна пабачыць добрага цмока, дазнаемся ў новым выпуску.
А для самых кемлівых мы падрыхтавалі цікавыя заданні па тэме, якія можна раздрукаваць, спапаваўшы дадатак па спасылцы.
Цікавыя факты пра Віцебшчыну
Як утварылася Віцебскае Паазер’е
Віцебскае Паазер’е ўтварылася шмат тысяч гадоў таму. Тады на поўначы Беларусі панавалі моцныя маразы і ўся зямля была пакрытая тоўстым ледавіком.
Але з цягам часу надвор’е станавілася ўсё цяплейшым і лёд стаў паступова раставаць. Знікаючы, ледавік пакінуў пасля сябе чыстыя блакітныя азёры, узгорыстую мясцовась (многія падарожнікі адзначаюць, што Віцебская вобласць сваімі краявідамі нагадвае краіну Фінляндыю) і шмат выспаў.
Востраў пад назвай Ду
Фота: realt.onliner.by
На возеры Асвея знаходзіцца вялікі востраў з загадкавай назвай Ду. Некалькі дзесяцігоддзяў таму там была невялікая вёска, дзе ў асноўным жылі рыбакі. Сёння на востраве створаны заказнік, тут жывуць ваўкі, ласі ды іншыя звяры і птушкі.
Востраў-прывід
На Асвейскім возеры ёсць нават востраў-прывід. Мясцовыя называюць яго Гаспадаром. Ён складаецца з пераблытаных каранёў раслін і водарасцяў, нічым не мацуецца да дна і вольна перамяшчаецца па паверхні возера. Рыбакі вельмі не любяць гэты таямнічы аб’ект. Як толькі ён набліжаецца, рыба перастае лавіцца. Мясцовыя жыхары кажуць, што ўначы па востраве ходзіць і енчыць самы сапраўдны прывід! Праўда, ніхто не ведае, адкуль ён. А навукоўцы сцвярджаюць, што роль прывіда выконваюць звычайныя андатры.
Самы старажытны горад Беларусі
Але не толькі азёрамі ды выспамі знакамітая Віцебская зямля. Тут знаходзіцца і самы старажытны горад Беларусі — Полацк. У ім знаходзіцца шмат славутасцей. Адной з іх з’яўляецца Сафійскі сабор. Гэта велічны храм, які пабудавалі аж у ХІ стагоддзі! На жаль, цалкам сабор не захаваўся да нашых дзён. Будынак разбураўся падчас войнаў. Але яго аднаўлялі і адбудоўвалі. І ўсё ж нават сёння можна пабачыць старажытны падмурак, часткі сцен ХІ стагоддзя — яны захоўваюцца ў музеі гісторыі архітэктуры пры Сафійскім саборы.
Фота: bestbelarus.by
Чытайце яшчэ: У Полацк — на выхадныя: што паглядзець у самым старажытным беларускім горадзе
Першая з жанчын сярод усходніх славян, якую абвясцілі святой
З Сафійскім саборам звязана і жыццё святой Ефрасінні (ад нараджэння яе звалі Прадслава). Гісторыя святой даволі цікавая. Нарадзілася яна ў княжаскай сям’і і магла жыць у багацці ды задавальненнях. Але дзяўчына вырашыла па-іншаму. Прадслава сышла ў манастыр, пастрыглася ў манахіні, атрымала новае імя — Ефрасіння. Усё жыццё прысвяціла яна служэнню людзям. Слава пра Ефрасінню разышлася далёка за межы яе роднага Полацка. І яна стала першай з жанчын сярод усходніх славян, якую абвясцілі святой.
Шмат добрых учынкаў здзейсніла за сваё жыццё Ефрасіння Полацкая. Дапамагала бедным і хворым, навучала дзяўчынак (што ў тыя часы было вялікай рэдкасцю), перапісвала кнігі.
А яшчэ па яе замове і на яе грошы была пабудавана Спаса-Ефрасіннеўская царква і зроблены цудадзейны крыж. Ходзяць паданні, што крыж свяціўся і дапамагаў хворым. Аднак, падчас другой сусветнай вайны крыж знік. І да сёння невядома, дзе ён знаходзіцца.
Фота з Вікіпедыі
Напрыканцы мінулага стагоддзя сучасны майстар стварыў копію зніклага крыжа. Сёння ён знаходзіцца ў Спаса-Ефрасіннеўскай царкве.
«Разумняты» — гэта цыкл інтэрактыўных пазнавальных відэаролікаў, якія ў займальнай форме знаёмяць дзетак з навакольным светам на роднай мове.
Ролікі выходзяць на ютуб-канале «Будзьма» шточацвер. Падпісвайцеся, каб не прапусціць!
Вучыцца на роднай мове цікава і прыемна. Дайце сваім дзеткам шанец зразумець гэта.
Праект «Разумняты» разлічаны на ўзрост 5-9 год, а гэта, як вядома, самы спрыяльны час для вывучэння мовы. Цыкл нашых заняткаў пашырыць моўнае асяроддзе вашых дзетак, да ўсяго — гэта якасная альтэрнатыва мульцікам і кампутарным гульням.
- выхавацелям дзіцячых садкоў у працы са старэйшымі дашкольнікамі;
- настаўнікам пачатковых класаў як дадатковы навучальны матэрыял;
- настаўнікам беларускіх школ і гурткоў беларускай мовы ў замежжы;
- дзеткам і іх бацькам для прагляду дома ў Беларусі, і тым больш у замежжы.
Глядзіце, натхняйцеся і дзяліцеся відэаролікамі.
Наша будучыня за нашымі дзецьмі!
Гадуем сапраўдных беларусаў разам з «Будзьма!» Папярэднія выпускі відэапраекта «Разумняты» глядзіце па спасылцы.