Выдавец Раман Цымбераў запачаткаваў новую серыю кніг для дзяцей — «Ветрачок». Першай выйшла казка Генадзя Бураўкіна «Зай і яблынька». Таксама ўжо даступныя кнігі для дзяцей ад Андрэя Федарэнкі і Андрэя Налівы, піша bellit.info.
Вершаваная казка вядомага паэта, аўтара слоў знакамітай «Калыханкі» (Доўгі дзень...) Генадзя Бураўкіна (1936–2014) вучыць маленькіх чытачоў асновам дабрыні і спагады. Ілюстрацыі Валерыі Вілкінай.
Таксама ў межах серыі выйшла гісторыя пра прыгоды Вожыка і ягоных сяброў ад Андрэя Налівы «Адважныя вандроўнікі», якую праілюстравала Марына Рудчык. У гэтым чароўным свеце лясныя жывёлы сябруюць з чалавекам і маюць з ім агульныя забавы і клопаты — займальныя і вясёлыя.
Трэцяй у серыі стала «Падслуханая казка» Андрэя Федарэнкі з ілюстрацыямі Кацярыны Яфрэмавай.
Выданні серыі «Ветрачок» ужо можа набыць у «Акадэмічнай кнізе», у краме ў ГЦ «Купалаўскі» пад Кастрычніцкай плошчай (ралеты 41-42, час працы з пн па пт з 11 да 18.30, сб з 11 да 17, ндз з 11 да 16), а таксама праз сайт Kniger.by.