«Белоруссии» больш няма. Артыкул у рускай Вікіпедыі канчаткова перайменавалі

У самай канфліктнай тэме рускамоўнага раздзела Вікіпедыі паставілі кропку, піша «Наша Ніва».

Bielaruś

Артыкул «Белоруссия» быў перайменаваны ў «Беларусь» па рашэнні працоўнай групы, якая працавала над пытаннем больш за два гады.

У 2012 годзе іншая працоўная група прыйшла да высновы, што абедзве назвы ўжываюцца прыкладна ў роўных суадносінах, а паколькі моўная норма кансерватыўная і імкнецца да больш традыцыйных варыянтаў, то за артыкулам пра беларускую дзяржаву была замацаваная назва «Белоруссия».

Цяперашні аналіз паказаў, што назва «Беларусь» у рускай мове стала відавочна пераважаць ва ўжытку ва ўсіх сферах, за выключэннем расійскіх дзяржаўных СМІ, дзе захоўваецца форма «Белоруссия».

Паколькі згодна з правіламі наймення артыкулаў у рускай Вікіпедыі прыярытэт, як правіла, аддаецца назве, якая з’яўляецца найбольш пазнавальнай і найменш неадназначнай, якой па выніку аналізу з’яўляецца «Беларусь», працоўная група рэкамендавала перайменаваць артыкул «Белоруссия».


Artykul u ruskaj Vikipiedyi paslia pierajmienavannia Артыкул у рускай Вікіпедыі пасля перайменавання

Аднак адзін з удзельнікаў працоўнай групы, вядомы пад нікам NN21, які з’яўляецца адным з галоўных апалагетаў захавання формы «на Украине» ў рускай Вікіпедыі, адмовіўся падпісвацца пад выніковым тэкстам, заявіўшы, што яго не задавальняе метадалогія. Ягоная асобная думка, аднак, не паўплывала на вынік — астатнія тры члены працоўнай групы вырашылі лёс артыкула пра Беларусь.