У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прэзентаваўся ніколі не экспанаваны дагэтуль экзэмпляр Берасцейскай Бібліі 1563 года выдання ў межах серыі мерапрыемстваў «Берасцейская Біблія: адкрыты дотык».

Чатыры гады спатрэбілася для таго, каб навукоўцы здолелі выставіць кнігу на ўсеагульны агляд. Увесь гэты час вяліся перамовы з гомельскім калекцыянерам Сяргеем Пуціліным.
Некалі Сымон Будны моцна крытыкаваў Радзівілаўскую Біблію, наракаўшы, што «Берасцейскую Біблію не тое, што насіць, вазіць цяжка». Сумняваўся ён і ў тым, ці была яна перакладзена з мовы арыгіналу, а не з латыні.

Аднак сённяшнія даследчыкі ўпэўнены, што перакладалася Біблія з мовы арыгіналу. А прыгожыя і літаратурныя моўныя абароты тут – адбітак тагачаснай культуры. Брэсцкі краязнаўца Валерый Мароз бачыць унікальнасць Берасцейскай Бібліі найперш у тым, што яна была надрукавана на польскай мове, пашыранай мове зносін у Рэчы Паспалітай: «На польскай мове рэлігійная літаратура не магла друкавацца ў Польшчы ў той час. Асноўныя выданні друкаваліся ў Кёнігсбергу. І тыя, хто намагаўся перакласці нешта на польскую мову ў Польшчы, цярпеў пераслед».

Валерый Мароз
Намеснік дырэктара нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша кажа пра тое, што яшчэ 50 гадоў таму не было ніводнага асобніка Берасцейскай Бібліі ў Беларусі: «Пра Берасцейскую Біблію тады перасталі нават казаць. Сёння Беларуская кніжная спадчына вяртаецца да нас. Я дакладна ведаю не менш за пяць асобнікаў Берасцейскай Бібліі, з якімі мне даводзілася працаваць».

Алесь Суша
Берасцейская Біблія не можа называцца самай рэдкай кнігай. Сёння па ўсім свеце яе існуе каля 130 асобнікаў. Ніводнага выдання ВКЛ няма ў такой колькасці. «Мы вядзём шчыльную супрацу з калекцыянерамі па ўсім свеце, бо беларускія помнікі пераважна захоўваюцца ў прыватных калекцыях, – кажа Алесь Суша. – Тое, што сёння знаходзіцца ў дзяржаўных зборах, вярнуць фактычна не магчыма. З прыватнымі калекцыянерамі можна дамовіцца на продаж ці выстаўленне».
Алесь Суша кажа, што большасць аркушаў арыгіналу Бібліі захаваныя, ёсць сляды рэстаўрацыі. Кнігу актыўна выкарыстоўвалі, бо даследчыкі пабачылі шмат чытацкіх пазнак.
У псалтыры ёсць падзелы на кафізмы, таму можна зрабіць выснову, што ў набажэнствах Біблію выкарыстоўвалі або праваслаўныя, або ўніяты. Падзел Псалтыра на кафізмы – асаблівасць традыцый усходняй царквы. У свой час Біблія разышлася не толькі сярод кальвіністаў, але і сярод лютэран, каталікоў, уніятаў і праваслаўных.
Кожная кніга Бібліі пачынаецца з анатацый. Пры тым, тут ёсць падзел на вершы, што з’яўляецца навацыяй менавіта таго часу. А выкарыстоўвалася Біблія хутчэй за ўсё на усходніх землях Рэчы Паспалітай.
Арыгінал Бібліі, які выстаўлены ў Музеі кнігі Нацыянальнай Бібліятэцы Беларусі, памацаць нельга: ён знаходзіцца за шклом. Працаўнікі музея будуць перагортваць старонкі Бібліі то на гравюры, то на розныя тэксты. Побач з арыгіналам прадстаўлена таксама і факсімільнае выданне Берасцейскай Бібліі, якое ўжо заўтра паедзе на выставу за мяжу.
Вікторыя Чаплева, Новы Час