Абвешчаны кароткі спіс прэміі імя Францішка Багушэвіча за 2025 год

Арганізатары прэміі імя Францішка Багушэвіча абвясцілі кароткі спіс за 2025 год. У фінальны адбор увайшлі сем твораў — кнігі, падкасты і аўтарскія медыяпраекты, што даследуюць беларускую памяць, мову, гісторыю і сучасны досвед праз літаратуру, рэпартаж, фальклор і візуальнае апавяданне, піша penbelarus.org.

Premija imia Franciška Bahuševiča

Сёлета кароткі спіс аб’яднаў вельмі розныя інтанацыі і формы: ад палявога даследавання музычнага фальклору да рэпарцёрскай прозы, ад літаратурнага падкаста да паэтычнай кнігі. Праз асабістыя гісторыі, архівы, мову і памяць гэтыя працы прапануюць уласны спосаб гаварыць пра Беларусь — краіну страчаных слядоў і ўпарта захаваных словаў.

У кароткі спіс увайшлі:

Кнігі:

  • «І даўней так пелі: Музычны фальклор старавераў паўночна-заходняй Беларусі» — Вольга Барышнікава (Skaryna Press, Лондан, 2025);

  • «Кола дня» — Аляксандра Турава (2025, зашыфраваны ўдзел);

  • «Кровазварот» — Юлія Цімафеева (Янушкевіч, Варшава, 2025);

  • «Проста з любові. Рэпарцёрскія партрэты памяці» — Ганна Кандрацюк (выдавецтва Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, Беласток, 2025);

  • «Цені падмуркаў» — Milestone (2025, зашыфраваны ўдзел);

Артыкулы, падкасты, відэаблогі і іншае:

  • Падкаст «Літаратурныя зацемкі» — аўтар і вядоўца Сяргей Дубавец (2025);

  • Тэлевізійны праект «Сармацкі вус» — аўтар і вядоўца Цімафей Акудовіч.

Прэмія імя Францішка Багушэвіча — штогадовая літаратурная прэмія, заснаваная ў 1996 годзе. Традыцыйна яна ўручаецца за найлепшыя творы, якія служаць аднаўленню гістарычнай памяці і спрыяюць фармаванню і ўмацаванню беларускай ідэнтычнасці.

Імя лаўрэата або лаўрэаткі 2025 года будзе абвешчана асобна.