«Вока зачапілася за навіну пра тое, што кніга Інга Пэца пра Беларусь будзе перакладзена на шведскую мову (з чым віншую аўтара), а я пра яе яшчэ не напісала!», — піша Зося Лясная для bellit.info.

Кніга выйшла ў нямецкім арыгінале ў 2025 годзе, і гэта спроба адказу на пытанне, чаму здарыўся 2020 год, калі беларусы рашуча выйшлі на свет «з туману сваёй гісторыі». Для гэтага аўтару давялося зазірнуць у гісторыю эмансіпацыі беларускай нацыі аж да XIX ст.
Слова Украіна гучыць на першых жа старонках кнігі — у кантэксце беларуска-ўкраінскіх адносінаў і розных спосабаў удзелу беларусаў у вайне. Гэта здаецца вельмі важным, паколькі сувязі паміж падзеямі ва Украіне і тым, што адбываецца ў Беларусі, не заўжды відавочныя аглядальнікам з Германіі.
Інга разглядае падзеі ў Беларусі ў шырэйшым кантэксце змагання за самавызначэнне краін у Усходняй і Цэнтральна-Усходняй Еўропе. У такім святле беларускую рэвалюцыю пакуль яшчэ нельга ўважаць за праваленую, а толькі за адкладзеную, кажа аўтар, абапіраючыся на французскага сацыяёлага Ранана Эрвуэ (Ronan Hervouet). «Гісторыя станаўлення беларускай нацыі і яе палітычнай эмансіпацыі складаная, пакручастая і поўная лабірынтаў — а перад усім пакуль яшчэ не завершаная», — тлумачыць аўтар.
Інга разглядае перадумовы ўзнікнення пратэстнага руху і калектыўнай палітычнай свядомасці, пры гэтым тлумачачы, чаму такіх перадумоваў не склалася раней (спойлер: дагэтуль людзі не спалі — яны толькі прыстасоўваліся, што, у сваю чаргу, можна патлумачыць перанесенымі траўмамі сталінскага тэрору і Другой сусветнай вайны).
Як бачна, за кожным слоем атрыманых адказаў з’яўляюцца новыя пытанні, так што кніга атрымліваецца надзвычай шматслойная.

Свае ўводзіны ў беларускі свет Інга перш за ўсё грунтуе на тым, што дае голас самім беларусам — прыводзячы меркаванні і цытаты з твораў Таццяны Шчытцовай, Ігара Бабкова, Вольгі Шпарагі, Вольгі Гапеевай, Сяргея Дубаўца і, вядома ж, Лявона Вольскага.
Для нямецкіх чытачоў, безумоўна, важна таксама інтэрпрэтацыя спецыфічнага характару беларускага дзяржаўнага нацыяналізму, які грунтуецца не на мове ці ідэнтычнасці, а выключна на лаяльнасці да АЛ: гэта лаяльнасць ацэньваецца ў дзяржаўнай сістэме даражэй за прафесійную экспертызу.
Інга не проста мае асабістую повязь з Беларуссю, ужо 30 гадоў пішучы пра Беларусь у заходніх медыях. Ён заўжды там, дзе адбываецца важнае: напрыклад, пад амбасадай ЗША ў Вільні 11 верасня 2025, калі там чакалі партыю вызваленых палітзняволеных.
Для краіны, у якой закрываюцца праекты, звязаныя з Беларуссю, і якая сама апынулася надзвычай успрымальнай да расейскай прапаганды (у любой кнігарні ў Берліне вы знойдзеце мноства кніг з абгрунтаваннем прэтэнзій рускіх на Крым),
гэтая кніга — сімвал веры, што ўсё яшчэ будзе, бо беларускі свет не спіць, нягледзячы на тое, што ў нямецкіх медыях Беларусь застаецца «black box».
Інга — матор беларускай часткі праекта dekoder, якому няма роўных у іншых краінах і які дазваляе пазнаёміцца не толькі з штодзённымі навінамі, але і з кантэкстуальнымі ведамі пра Беларусь, не запазычанымі з расейскіх крыніц, а патлумачанымі менавіта для немцаў. Гэтыя падставовыя веды немагчыма атрымаць толькі чытаючы прэсу або сочачы за сацыяльнымі медыямі. У Дэкодэры, да прыкладу, выходзілі дасье пра тое, чаму Беларусь нябачная, пра траўму быць вяскоўцам, пра стан бяздомнасці і іншае. У час інфармацыйнай вайны пераацаніць такі праект проста немачыма.
Дзейнасць Інга — гэта супрацьдзеянне такім прыёмам, якім скарысталася нямецкае тэлебачанне ARD на прэс-канферэнцыі ў Чарнігаве пасля вызвалення вялікай партыі палітзняволеных у снежні 2025, узяўшы ў кадр толькі двух чалавек з чатырох удзельнікаў канферэнцыі. Інга Пэц, наадварот, паглыбляе кантэкст і бярэ ў кадр тое, што выразаюць астатнія: яны рызыкуюць прагледзяць нешта важнае, бо глядзяць НЕ ТУДЫ.
Таму паглыбленне кантэксту і пашырэнне гарызонту ведаў пра Беларусь, якімі ўпарта займаецца Інга, немагчыма пераацаніць.