Без эксперыментаў. Як працуюць тэатры ў Беларусі

Беларускія тэатры ўжо некалькі гадоў існуюць ва ўмовах негалосных абмежаванняў і рызыкі рэпрэсій. Што цяпер ставяць на тэатральнай сцэне ў Беларусі? Распавядае DW.

Hrodzienski ablasny dramatyčny teatr
Гродзенскі абласны драматычны тэатр. Фото: Michal Fludra/NurPhoto/picture alliance

Найгучнейшымі навінамі з беларускіх тэатраў часта аказваюцца не прэм’еры, а чарговыя чысткі. Апошняй істотнай падзеяй сталі палітычныя звальненні ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, што на той момант быў адной з дзвюх самых папулярных тэатральных пляцовак у краіне. DW пацікавілася, як рэпрэсіі паўплывалі на рэпертуар тэатраў і якія пастаноўкі зніклі са сцэны пасля 2020 года.

Тэатр лялек — самая модная пляцоўка

У кастрычніку мінулага года ў Беларусі былі затрыманыя тры акторы РТБД. Гэта былі вядучыя артысты тэатра Арцём Курэнь, Максім Брагінец і Дзмітрый Давідовіч, якія гралі ў самых касавых спектаклях. Па вызваленні з сутак актораў звольнілі з калектыву, была вымушаная сысці і вядучая акторка Ганна Семеняка. Агулам пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года РТБД пазбавіўся мінімум 11 артыстаў, былі звольненыя мастацкі кіраўнік Аляксандр Гарцуеў, а пазней — дырэктарка Святлана Карукіна. У канцы мінулага года разам з сыходам актораў з рэпертуару знік шэраг спектакляў. Сярод іх — «Шлюб з ветрам» Яўгена Карняга, што паспяхова ішоў на сцэне з 2019 года.

«Да мінулага года ў Менску былі дзве самыя папулярныя пляцоўкі — РТБД і Тэатр лялек, — кажа тэатральны крытык Дзяніс Марціновіч. — Некаторыя іх спектаклі былі пастаўленыя яшчэ да 2020-га, калі беларускі тэатр узяў пэўную планку, і найлепшыя пастаноўкі РТБД і Тэатра лялек гэтаму ўзроўню адпавядалі. Спектаклі, якія разам з акторамі зніклі з рэпертуару РТБД, аднавіцца ўжо не могуць, ніхто і спрабаваць не будзе. Таму асноўны модны тэатр цяпер — Тэатр лялек».

Летась галоўным рэжысёрам Тэатра лялек стаў акурат Яўген Карняг, што працаваў у калектыве з 2022 года, а яшчэ да 2020-га лічыўся адным з самых прагрэсіўных і таленавітых тэатральных рэжысёраў у Беларусі.

«Карняг — адзін з апошніх рэжысёраў, чыя творчасць адпавядае ўзнятай да 2020 года планцы», — каментуе Дзяніс Марціновіч. — З шэрагу прычынаў людзі, «адказныя» за эксперыменты і наватарства, перасталі ставіць у беларускіх тэатрах. Аляксандр Янушкевіч і Ігар Казакоў цяпер працуюць у Расеі, Юрый Дзівакоў — у Польшчы. Застаўся Карняг, я глядзеў онлайн-трансляцыі яго спектакляў у РТБД. Глабальна ж новага не з’яўляецца, бо ў тэатрах працуюць пераважна рэжысёры-традыцыяналісты, да таго ж вялікія чысткі адбыліся ў сістэме тэатральнай адукацыі, якая больш не прадукуе нечага сучаснага«.

Апроч таго, што на тэатральнай сцэне не засталося эксперыментаў, за гады маштабных рэпрэсій, паводле Дзяніса Марціновіча, таксама амаль цалкам зніклі прыватны тэатр і магчымасць бачыць розныя пастаноўкі: «Фестывальны рух застаўся — у Магілёве праходзіць «М@rt.контакт», у Брэсце — «Белая Вежа», у Гродна — «Лялькі над Нёманам», але там пераважна спектаклі з Расеі, часам з постсавецкай просторы, а заходніх або няма, або амаль няма».

Другая сусветная вайна і руская класіка

Паводле Дзяніса Марціновіча, спісу, што можна, а што нельга, не існуе — усе рэпертуарныя назвы ўзгадняюцца чыноўнікамі ў «ручным фармаце».

Гэта ж пацвярджае і тэатральны дзеяч, які жыве ў Беларусі і пажадаў захаваць ананімнасць: «Сітуацыя настолькі ўнікальная і патрабаванні настолькі непрадказальныя, што ўгадаць, якую рэпліку цябе папросяць прыбраць, немагчыма. Часамі даходзіць да дзікага ідыятызму, маўляў, «ну нельга са сцэны дзяржаўнага тэатра так казаць — са сцэны дзяржаўнага тэатра павінна ліцца ўсё самае вясёлае, шматкаляровае і шчаслівае». Але ў Міністэрстве культуры самі не разумеюць, што менавіта ім трэба, за гэтыя пяць гадоў яны не выпрацавалі ніякай канцэпцыі, адзіная канцэпцыя — каб не было нічога вострага. Як працаваць з астатнім, там не ведаюць, і працуюць праз страх — і ў гэтым бяда».

У такім рэжыме працы ў беларускіх тэатрах у апошнія гады паступова сфармаваліся пэўныя тэндэнцыі.

«Ёсць дастаткова шмат тэмаў, якія можна ставіць у нашых тэатрах, — тлумачыць тэатральны крытык. — Перш за ўсё, гэта Другая сусветная вайна, напрыклад, «Альпійская балада» ідзе ў РТБД і пад назвай «Альпы. Сорак першы» ў Тэары юнага гледача. «Горкі хлеб» у тэатры Горкага, «Тут была Клара» ў Моладзевым — такіх спектакляў шмат. Дазволеная сусветная класіка, асабліва шмат расейскай класікі: «Пікавая дама» і «Маскарад» паводле Пушкіна і Лермантава ў Горкаўскім, «Пікавая дама» ідзе ў ТЮГу, там жа «Яўген Анегін» пад назвай «Жэня + Таня = каханне».

Дзяржаўныя тэатры без сучаснай беларускай драматургіі

Спектакль «Тут была Клара» пастаўлены паводле п’есы сучаснай беларускай аўтаркі Ксеніі Шталенковай, але звычайна сучасныя беларускія драматургі тэатрамі не абіраюцца. «За апошнія пяць гадоў беларускія драматургі сышлі з афішаў, пры тым што і да 2020 года былі на іх слаба прадстаўленыя, — дзеліцца датычны да тэатра ў Беларусі суразмоўца. — У Менску засталося пару імёнаў тых, хто не быў ні ў чым заўважаны. Падобна, паводле Міністэрства культуры, сучасная драматургія не павінна існаваць на сцэне дзяржаўных тэатраў, таму што яна выклікае пытанні, а пытанні сёння нікому не патрэбныя. Задача, каб глядач не заахвочваўся да думання і дзеяння, цяпер галоўная для чыноўнікаў».

Адпаведна ў тэатрах не з’яўляецца спектакляў пра сучасныя праблемы, палітыку або вайну. Але ранейшыя п’есы беларускіх аўтараў у тэатрах ставяцца: напрыклад, «Заручыны» у РТБД базуюцца на п’есе Вацлава Ластоўскага з першай паловы 20 стагоддзя, у Новым драматычным тэатры ўвасобіўся сюжэт з элементам настальгіі — «Белыя росы» паводле п’есы Аляксея Дударава савецкага часу. На сцэне ставяцца таксама камедыі і спектаклі, звязаныя з народнай творчасцю, этнаграфіяй, спевамі.

«Праз абмежаванні тэатр не можа адкрыта размаўляць на тэмы, якія хвалююць гледачоў, але гэта не значыць, што усё дрэнна: тэатры выкарыстоўваюць прастору магчымасцяў, як могуць, — мяркуе Дзяніс Марціновіч. — Прыклад Карняга паказвае, што ў межах дазволенага можна ставіць цалкам цікавыя спектаклі. Класікай можна размаўляць на сучасныя тэмы, напрыклад, ставіць Быкава і такім чынам выказвацца супраць вайны. Можна нават браць рускую класіку, але звязаную з Беларуссю: у спектаклі «Алеся» па Купрыну ў Брэсцкім тэатры драмы дзеянне адбываецца на Палессі і выкарыстоўваецца паляшуцкая гаворка».

Летась у сеціве з’явіліся здымкі чаргі па квіткі ў Тэатр лялек, а залы ў РТБД, хоць у апошнія месяцы квіткі і сталі прадавацца павольней, усё яшчэ поўныя. У Купалаўскім і тэатры імя Горкага яшчэ можна дастаць білет на канец студзеня. У снежні ў Тэатры лялек адбылася прэм’ера «Мроіва» Яўгена Карняга, а на сакавік у РТБД запланаваная прэм’ера пастаноўкі «Май хомлэнд» паводле сучаснай п’есы «Лондан» Максіма Дасько.